Музей, у якім павінен пабываць кожны

Апублiкавана: 05 лiстапада 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

У кастрычніку Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адзначыў 79-ю гадавіну. Ён — самы наведвальны ў краіне: штодня прымае каля тысячы гасцей. Толькі сёлета сюды завітала больш за 400 тысяч чалавек.

ПЕРШЫЯ ВЫСТАВЫ, ВЫСОКАЯ МІСІЯ 

А пачаўся летапіс знакамітай установы ў 1944 годзе… Тады ў нумарах газет “Звязда” і “Советская Белоруссия” ад 21 і 22 кастрычніка чытачы ўбачылі аб’яву, у якой расказвалася аб адкрыцці першых выстаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падзея была прызначана на поўдзень 22 кастрычніка. Гасцей чакала дзве экспазіцыі — “Узбраенне беларускіх партызан” і “Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны”. 

З тых часоў мінула 79 гадоў, але і цяпер музей з’яўляецца самым наведвальным у краіне і выступае найважнейшым інстытутам грамадскай памяці. Усімі формамі сваёй дзейнасці ўстанова служыць адукацыйна-выхаваўчым мэтам і выконвае высокую місію патрыятычнага выхавання беларусаў. Работа музея заўсёды была накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Вось і на працягу ўсяго 2023-га ва ўстанове арганізоўваюцца мерапрыемствы адпаведнай тэматыкі, круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі. 

СУЧАСНЫЯ КІРУНКІ І ПАДЫХОДЫ 

Нястомная творчая праца згуртаванай і прафесійнай каманды музейных работнікаў нацэлена на актыўнае выкарыстанне і ўдасканаленне ўсіх магчымых сучасных кірункаў, падыходаў, фарматаў і тэхналогій, а таксама на захаванне гістарычнай праўды і папулярызацыю памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа і народаў Савецкага Саюза ў барацьбе з фашызмам. 

На 22 кастрычніка 2023-га фонд установы налічваў 162 758 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, і гэтая лічба пастаянна павялічваецца. Сёлета аформлена і пастаўлена на дзяржаўны ўлік 900 музейных прадметаў і 252 навукова-дапаможныя матэрыялы. 

Дзякуючы намаганням навуковых супрацоўнікаў створаны часовыя экспазіцыі, якія выклікалі непадробную цікавасць у больш чым 50 тысяч наведвальнікаў. Сярод самых запатрабаваных выстаў — “Памяць народа свяшчэнная”, “Аўшвіц. Кругі пекла”, “Мастакі пра вайну”, “Савецкая ваенная ўніформа і знакі адрознення 1920—1950-х гг.” (з калекцыі С. І. Ускова), “Аляксандр Дзямарын. Адчуваючы сэрцам”, “Слова пра Героя” (прысвечана 89-й гадавіне з дня, калі было ўстаноўлена званне Героя Савецкага Саюза) ды іншыя. 

Выстава "Мастакі пра вайну"

Выстава "Мастакі пра вайну"

Асобна варта адзначыць адкрыццё ў верасні часовай экспазіцыі “Адзінай памяці верныя” да 80-годдзя з пачатку вызвалення Беларусі. Гэта сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і рэгіянальных музеяў Беларусі, а таксама музеяў ваенна-гістарычнага профілю краін СНД. Экспазіцыя з’яўляецца данінай памяці ветэранам, усяму ваеннаму пакаленню і адначасова зваротам да моладзі, да нашчадкаў пераможцаў. 

ДЗЕЙНАСЦЬ ЗА МЕЖАМІ ЎСТАНОВЫ 

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мае місію ажыццяўляць навукова-асветніцкую працу і за межамі ўстановы. Да прыкладу, напярэдадні 80-й гадавіны з пачатку вызвалення Беларусі на базе мабільнай экспазіцыі стартавала патрыятычная акцыя “Наш абавязак — памятаць”. Ужо сёлета яна ахапіла розныя пасёлкі і гарады краіны, напрыклад Брэст, Слонім, Дзятлава, Нарач, Барысаў, Жлобін, Лоеў ды іншыя. Мабільная экспазіцыя стала неад’емнай часткай самых значных мерапрыемстваў і фестываляў нашай рэспублікі, пабывала і ў Расійскай Федэрацыі, дзе прадставіла дзейнасць музея. У выязной акцыі паўдзельнічала больш за 37 тысяч жыхароў Беларусі, ушанаваўшы тым самым подзвіг і памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны. 

Акрамя таго, у 2023-м з мэтай усебаковага плённага супрацоўніцтва ўстанова падпісала шэраг пагадненняў з музеямі Расійскай Федэрацыі ды іншых краін. 

КАРПАТЛІВАЯ ПРАЦА І ТВОРЧЫ ПАТЭНЦЫЯЛ 

Паспяховую плённую работу ўстановы пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды. Сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны занесены на Рэспубліканскую дошку гонару як пераможца спаборніцтва па выніках 2022-га. Ужо некалькі гадоў запар установа — лаўрэат Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”. 

Ва ўсе часы дзейнасць супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны была і будзе накіравана на выяўленне, захаванне, вывучэнне і папулярызацыю дакументальных і матэрыяльных сведчанняў аб подзвігах і ахвярах не толькі беларускага, але і ўсяго савецкага народа. Найвышэйшы прафесіяналізм, карпатлівая праца і творчы патэнцыял музейных работнікаў служаць патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, зберажэнню гістарычнай памяці і забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. 

Перасоўны музей

Перасоўны музей

Напярэдадні знамянальнай даты ва ўстанове адбыўся канцэрт для яе супрацоўнікаў і ветэранаў. Прайшла ўрачыстая цырымонія, на якой маладым спецыялістам уручылі прафсаюзныя білеты. 

Адзначыўшы 79-ы дзень нараджэння, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачаў адлік часу і ўсебаковую падрыхтоўку да святкавання 80-гадовага юбілею.