У магутнай бронзе — узнёслая паэзія

Апублiкавана: 08 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Скульптуры Сяргея Гумілеўскага ў літаратурных музеях выстаўляюцца не радзей, чым у мастацкіх, бо значная частка яго творчасці прысвечана нашым выбітным паэтам. Аўтар робіць віртуозныя партрэты класікаў і дзіўным чынам пераносіць у бронзу… іх вершы. Зрэшты, не толькі майстроў слова ўвасобіў адмысловец. Сам-адзін і ў суаўтарстве з бацькам — народным мастаком Беларусі Львом Гумілеўскім — стварыў дзясяткі манументальных і станковых прац, што ўслаўляюць выдатных сыноў беларускай зямлі. 

Сёлета Сяргею Львовічу — 60. Да круглай даты ён прымеркаваў маштабную выставу, на якой паказаў уласныя скульптуры розных гадоў, бацькаву спадчыну і работы сямейнатворчага тандэма. У працяг рэтраспектывы “К” пагутарыла з мастаком — аб пройдзеным шляху і шляху, што адкрываецца далей. 

— Сяргей Львовіч, падаецца сімвалічным, што нядаўнюю юбілейную экспазіцыю вы зладзілі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Гэты чалавек быў блізкі з вашым бацькам, адыграў ролю ў вашым прафесійным станаўленні. Што найперш згадваецца пра майстра?

— Так, бацька па-сапраўднаму сябраваў з Міхаілам Андрэевічам. У іх была нейкая духоўная сувязь. Нават не ведаю прыкладаў такіх адносін паміж мастакамі. 

А я ў 1994 годзе пайшоў у акадэмічныя майстэрні пад кіраўніцтвам Міхаіла Андрэевіча. Ён, акрамя таго, што быў вялікім прафесіяналам у жывапісе, выдатна разумеў скульптуру. На жаль, цяпер такое рэдкасць. Калі Савіцкі казаў пра скульптуру, то абапіраўся на вялікія прыклады — Радэна, Бурдэля, Маёля. 

На выставе “Шлях” дэманстраваўся твор “Юнацтва” — справаздачная работа, якую па заканчэнні я мусіў пакінуць у акадэмічных майстэрнях. Мне хацелася ўвасобіць яе ў бронзе. Спытаў у Міхаіла Андрэевіча — ён прыйшоў, паглядзеў і даў згоду. Гэта быў першы выпадак у гісторыі майстэрняў, калі Савіцкі дазволіў перавесці скульптуру ў бронзу. Раней усім казаў: “Перавядзі ў гіпс, бронзы работа яшчэ не вартая”. 

Хоць мы былі ў добрых адносінах з Міхаілам Андрэевічам, аказалася прыемнай нечаканасцю тое, што ён прыйшоў на адкрыццё маёй першай персанальнай выставы ў былым доме-майстэрні Андрэя Бембеля на вуліцы Якуба Коласа. 

— Хто яшчэ з мастакоў дапамагаў вам пракладваць творчы шлях? 

— Калі казаць пра настаўнікаў, то варта згадаць мастацкую школу. У Парнаце ў мяне выкладаў Леанід Давідзенка. І цяпер я разумею, чаму мы дзецьмі ставіліся да яго з вялікай павагай. Побач з намі ў яго была майстэрня, і мы, малыя, назіралі, як ён вельмі хутка высякаў творы з дрэва. Заглядваеш, гадзіна праходзіць — а там ужо нешта атрымалася. Лічу, так і павінна быць. Мастак мусіць навучаць сваім прыкладам, паказваць, як і што сам робіць. Малюнак выкладала Антаніна Лапіцкая, і яе падыход мне таксама вельмі падабаўся.

Увогуле, я дужа рады, што ў гэтай школцы вучыўся. Дарэчы, са мной там раслі людзі, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю нашага мастацтва. Я да паступлення цікавіўся акадэмічнай творчасцю, маляваў, але нейкі дух беларускасці з’явіўся менавіта ў Парнаце. Мы юнакамі хадзілі на лекцыі Ермаловіча. Слухалі пра нашу мінуўшчыну. Гэта моцна захапіла, і сёння ўжо немагчыма пераканаць мяне ў іншым. Я застануся са сваім разуменнем.

— Але ж і бацька значна паўплываў на тое, што вы шмат працуеце над вобразамі выдатных дзеячаў беларускай культуры? 

— Сапраўды. Да Купалы я прыйшоў праз бацьку. І цяпер у майстэрні ёсць кніжкі, нейкія матэрыялы пра паэта. Разам з бацькам мы стварылі скульптуру Песняра для Масквы, дзе скончылася жыццё класіка. Пазней я зрабіў памятны знак для Радашковіцкага касцёла, дзе хрысцілі Купалу. І гэта цэлы шлях паэта ад нараджэння да смерці. Для мяне гэта значныя працы. Рады, што рэалізаваў іх. 

— Вы часта згадваеце бацькавы словы, што ў юнацтве чалавек мусіць падабраць сабе хамут, які будзе несці ўсё жыццё. Атрымліваецца, магчымасць прымераць мастакоўскую долю вы мелі з самага дзяцінства. 

— Так, я малым бываў у бацькавай майстэрні на вуліцы Гая. Усе скульптары тады час ад часу ляпілі Леніна дзеля грошай. Я гэта не ўспрымаў. Казаў: “Не, Леніна я не хачу рабіць”. Мне было цікава іншае. Тады ішлі фільмы пра індзейцаў. І гэтая тэма мяне настолькі захапіла, што падчас уступных іспытаў у школку вылепіў індзейцаў з гліны. Аднойчы прыйшоў у бацькаву майстэрню, калі ён ствараў вялікі рэльеф, прысвечаны Коласу. Я глядзеў на ўжо гатовую скульптуру, а потым узяў разцы — і з адваротнага боку зрабіў галаву індзейца. А ўжо ў Парнаце пачаў сур’ёзна цікавіцца нацыянальнай тэмай. 

— Вы шмат працавалі разам з бацькам, мноства работ выпусцілі ў суаўтарстве. Як удавалася ўжывацца ў адной майстэрні? Ці складана вам было гадаваць і захоўваць творчую індывідуальнасць? 

— У кожнага свой падыход, але мы разумелі адзін аднаго. Бывала, спрачаліся. Аднак прынцыповых канфліктаў не ўзнікала. Як мне падаецца, у мяне творы больш узнёсла-рамантычныя, а ў бацькі больш патрыятычныя па сутнасці. Але ёсць агульнае бачанне. Шмат жа сумесных работ! Недзе пачынаў бацька, а я падхопліваў. Ёсць такія працы (напрыклад, кампазіцыя “Балет”), у якіх хутчэй я вёў рэй, а тата падтрымліваў. Цяпер, вядома, не стае бацькі, яго парад і падказак. 

— Якія задачы вы ставіце сабе як захавальніку спадчыны Льва Мікалаевіча? 

— Хацелася б адшукаць нейкую залу для пастаяннай экспазіцыі, зрабіць музейчык, каб бацькавы творы бачыла шырокае кола людзей, а не толькі я. Выдатна, калі знойдзецца такая магчымасць у Мінску. Можна ў Нясвіжы адкрыць адмысловую залу. Я падарыў бы гораду нейкія працы. 

— Варта нагадаць, што менавіта ў Нясвіжы пачынаўся творчы шлях Льва Мікалаевіча…

— Быў 1944 год. Беларусь ужо вызвалілі. Неяк мая бабуля пабачыла ў горадзе аб’яву, што Сеўрук набірае дзяцей у студыю. І бацька туды пайшоў займацца. Да канца дзён ён богатварыў свайго настаўніка. Да юбілею Міхаіла Канстанцінавіча вылепіў барэльеф для надмагілля і такім чынам ушанаваў памяць мастака. Сеўрук працаваў у ратушы. Калі малыя завітвалі да яго, а дзверы былі зачынены, хлопчыкі і дзяўчынкі гучна клікалі выкладчыка. Ён адкрываў акно ў вежы, выглядваў — і спускаўся да дзяцей. І калі мы праз столькі гадоў прыязджалі ў Нясвіж, падыходзілі да ратушы і з усмешкай крычалі: “Міхаіл Канстанцінавіч!” 

— Значную частку вашага набытку складаюць партрэты Максіма Багдановіча і работы, натхнёныя яго творамі. Чым абумоўлена такая ўвага да паэта? 

— Калі да Купалы я прыйшоў дзякуючы бацьку, то Багдановіча адкрыў сам яшчэ ў школьным узросце. Гэтая постаць для мяне святая. Настолькі арганічна Максімава творчасць ўвайшла ў маё жыццё, што і цяпер не магу без яе, памятаю большую частку вершаў. 

Калі ў мастацкай школцы мы адчувалі сябе вальней, то ў інстытуце была строгая праграма, свае тэмы — ваенная, рэвалюцыйная. Але мяне больш цягнула да рамантычных. І дыпломную працу я зрабіў паводле Багдановіча — “Помніш, калі я спаткаўся з табою”.

Фрагмент экспазіцыі "Шлях"

Фрагмент экспазіцыі "Шлях"

У 1999 годзе быў абвешчаны конкурс на стварэнне надмагільнага помніка Багдановічу ў Ялце, і мы з бацькам перамаглі. Стаяла задача абысціся без каляровых металаў: бронзавыя элементы на гэтых могілках папросту кралі. Скульптуру вырабілі са светла-шэрага граніту. З аднаго боку, трэба выконваць умовы конкурсу. З другога, такі матэрыял дазволіў стварыць светлы вобраз песняра чыстае красы. У аснове — тонкая класічная калона. Чаму? Таму што паэзія Багдановіча тонкая і ўзнёслая, таму што ён звяртаўся да класічных формаў — ронда, трыялета, санета. Атрымалася вельмі арганічна. 

— У многім вы ўплываеце на тое, якімі асобы нацыянальнага маштабу застануцца ва ўяўленні народа. Гэта вялізная адказнасць. Як знайсці тое самае аблічча гістарычнай постаці? 

— Каб стварыць нейкі вобраз, трэба спачатку добра вывучыць тэму і асобу, знайсці сутнасць з’явы і чалавека. Бацька любіў паўтараць такія словы: “Рух цела ёсць рух тваёй душы”. Калі ты ўхапіў унутраную сутнасць, работа атрымаецца. 

— Вы шмат працуеце не толькі з бронзай, але і з рознымі пародамі дрэва, з каменем. Чым гэтыя матэрыялы вас прыцягваюць? 

— Вядома, пад кожны твор шукаеш свой матэрыял. Творы з каменю для мяне па-свойму каштоўныя, бо яны існуюць у адзіным экзэмпляры. Калі ў бронзе пры жаданні зробіш і дзве, і тры адліўкі, то ў выпадку з каменем паўтор немагчымы. Бывае, што такі матэрыял нібыта дыктуе вобраз. Напэўна, гэта з дзяцінства ў мяне павялося. Бачыш валун — і нейкі вобраз у ім прыкмячаеш. А дрэва падабаецца мне цеплынёй. Яно нібыта набрала энергіі ад нашай зямлі, насыцілася яе сокамі. І гэта таксама своеасаблівая філасофія.

— Чаму для вас важна працаваць у нацыянальнай тэматыцы? Гэта ўнутраная патрэба ці адчуванне адмысловай місіі, ускладзенай менавіта на вас? 

— Гэта тое, што мне хочацца рабіць. Я ніколі не ўдзельнічаў у конкурсах, нецікавых мне. Напрыклад, адзін з апошніх твораў, якім ганаруся, — надмагільны помнік Генадзю Гарбуку. Гэта знакавая асоба для мяне. Я крышку ведаў акцёра асабіста, люблю яго ролю Лапатухі ў “Чорным замку Альшанскім” і шматлікія тэатральныя працы. 

— Ці шмат у вас няздзейсненых праектаў? 

— Па планшэтах налічыў больш за сто. Можна нават зрабіць асобную выставу нерэалізаваных праектаў. Гэта помнікі Чапскаму, Глебу Менскаму, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Танку і іншым асобам. Яшчэ ў 1990 годзе ладзіўся конкурс на стварэнне скульптуры Максіма Багдановіча ў Гродне. Выбралі мой праект, але справа неяк спынілася. Потым у 2011-м абвясцілі конкурс ужо на помнік-бюст — перамог наш з бацькам праект. Аднак дагэтуль ён стаіць у майстэрні. 

Вельмі хацелася б увасобіць Мікалая Радзівіла Сіротку для Нясвіжа. Гэтая скульптура проста неабходная. Таму што ў часы князя фарміравалася аблічча горада, якое мы маем сёння. Мікалай Радзівіл Сіротка запрасіў італьянца Яна Марыю Бернардоні, які пражыў у Нясвіжы 14 гадоў і спраектаваў касцёл ды замак. Мы з бацькам распрацавалі ідэю, зрабілі мадэль, але далей справа тармозіцца. 

Некаторыя станковыя скульптуры можна было б таксама перавесці ў маштаб, каб дапоўніць імі гарадскую прастору. Рэалізавана маленькая частка задуманага. А для кожнага мастака ж вялікае шчасце, калі добрая праца пачынае жыць у нейкім асяроддзі. 

Данііл ШЭЙКА