“Тэатральнае” кіно: супраць тыпажу і абставін

Апублiкавана: 08 лiстапада 2023 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У снежні 2024-га будзе святкавацца векавы юбілей беларускага кіно. Але мерапрыемствы да гэтай круглай даты пачаліся ўжо цяпер: у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага прайшоў майстар-клас заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, рэжысёра Вячаслава Нікіфарава.

Арганізатарамі выступілі не толькі тэатр, але і Акадэмія навук, Беларуская гільдыя акцёраў кіно і Валянціна Сцяпанава, якая шмат гадоў была дырэктарам фестывалю “Лістапад”. Месца правядзення абралі невыпадковае. У свой час Вячаслаў Аляксандравіч сябраваў з колішнім мастацкім кіраўніком Рускага — земляком Барысам Луцэнкам. Яны ў дзяцінстве нават купаліся ў адной рэчцы! Дарэчы, Барыс Іванавіч запрашаў Нікіфарава паставіць штосьці ў тэатры, ды, на жаль, не здзейснілася. Затое ў Вячаслава Аляксандравіча здымаліся такія зоркі горкаўскай трупы, як Вольга Клебановіч, Сяргей Чэкерэс, Руслан Чарнецкі, Таццяна Баўкалава і іншыя. 

Майстар-клас быў прызначаны для артыстаў, найперш для маладых. Але на яго завіталі і больш сталыя, нават такі знакаміты рэжысёр і акцёр, як Валерый Анісенка. І не дзіва. Вячаслаў Нікіфараў — адно з найбольш знакавых імёнаў айчыннага кінематографа. Гэта творца, якога можна аднесці да шасцідзясятнікаў. За фільм “Бацькі і дзеці” Вячаслаў Аляксандравіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Адным з першых адмысловец звярнуўся да чарнобыльскай тэмы, зняўшы ў 1993-м стужку “Душа мая, Марыя”. 

Майстар-клас мэтр таксама зрэжысіраваў: сустрэча прайшла пад сцішаную музыку яго любімага кампазітара — Моцарта. Нікіфараў распавядаў пра такія аспекты рэжысёрскай справы, як канфлікт, характар, дзеянне. Калісьці думкі пра гэта творца надрукаваў у двух нумарах часопіса “Нёман”. Упэўненыя, тыя развагі ўвойдуць у кнігу Вячаслава Аляксандравіча “Ds: рэжысёр” (таямнічае Ds перакладаецца як “дыягназ”). 

Не ведаю, як наконт дыягностыкі, але ўжо літаральна першая фраза Нікіфарава скарыла нечаканасцю: маўляў, сусвет — гэта наша… пясочніца. Тая ёмістая метафара адразу пагрузіла прысутных у мікра- і макракосмас, а далейшы роздум засведчыў добрую эрудыцыю выступоўцы. У той дзень рэжысёр, па яго прызнанні, адчуваў сябе не лепшым чынам. Але сцэна папраўдзе вылечвае, і прысутныя маглі пераканацца ў справядлівасці гэтых слоў. З кожнай хвілінай майстар натхняўся ўсё больш, у ім уключыўся сапраўдны акцёр, які ведае, чым утрымліваць і захапляць залу. 

Падчас майстар-класа

Дарэчы, у біяграфіі Вячаслава Аляксандравіча было і акцёрства: яшчэ з 15 гадоў ён іграў у студыі Рускага тэатра ў Абакане. Ды ўвогуле, Нікіфарава можна без ваганняў назваць “акцёрскім рэжысёрам”. І не толькі таму, што за больш як паўстагоддзя творчай работы майстру давялося супрацоўнічаць амаль з трыма тысячамі артыстаў. Галоўнае ў іншым: у стужках Вячаслава Аляксандравіча заўжды ёсць баланс між рэжысёрскай канцэпцыяй і ўвагай да акцёраў. Таму стрыжнем майстар-класа стаў заклік да артыстаў ніколі не іграць тыпажы і прапанаваныя абставіны. Менавіта такія падыходы, на жаль, дамінуюць у дрэнных серыялах, але ж характар любога героя павінен быць аб’ёмным і ўключаць у сябе самыя разнастайныя абертоны, адценні чалавечых рыс і пачуццяў. Нікіфараў згадаў, як здзіўлялася расійская актрыса Вікторыя Талстаганава, калі ён падчас падрыхтоўкі да здымак у серыяле “Кат” прапанаваў пачытаць “Медэю” Еўрыпіда, “Так гаварыў Заратустра” Ніцшэ, “Дэмана” Лермантава. Маўляў, навошта? І толькі потым артыстка ўсвядоміла, што гэта дапамагло ёй зразумець неадназначнасць гераіні, немагчымасць увасобіць персанажа ў адной плоскасці. Але ж ёсць і тое, што сыграць немагчыма. На думку майстра, гэта харызма, абаянне, разняволенасць. Тым не менш набытае рамяство з цягам часу можа ўзрасці да майстэрства. 

Ну а сустрэча перарасла ў град пытанняў і працяглую аўтограф-сесію. Нікіфараў імкнуўся не толькі знайсці для кожнага асаблівыя словы, але і намаляваць штосьці смешнае: настрой у творчай прафесіі — справа важная. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Юрыя ІВАНОВА