XXХIV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе з 22 па 26 лістапада ў Віцебску і ў Мінску.
Да свята далучацца прадстаўнікі звыш 10 краін. Галоўнай падзеяй IFMC-2023 традыцыйна стане рэспубліканскі конкурс, на які заяўлена 200 удзельнікаў. Гэта артысты беларускіх харэаграфічных калектываў, балетных труп, танцавальных праектаў, індывідуальныя выканаўцы, творчасць якіх суадносіцца з паняццем “сучасная харэаграфія”. Як заўсёды, форум, гісторыя якога пачалася ў 1987 годзе, праводзіцца ў другой палове лістапада. Праект быў першым і да 1997-га — адзіным фестывалем сучаснага танца на постсавецкай прасторы.
Выступленні ў межах IFMC-2023 разгорнуцца на трох пляцоўках. У горадзе на Дзвіне гэта канцэртная зала “Віцебск” (там зладзяць адкрыццё і закрыццё) і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа. У Мінску — Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў.
Праграма фестывалю ўключае балетныя спектаклі, выступленні тэатраў танца, арыгінальныя выставы фота і жывапісу, майстар-класы, лекцыі аб сучасным мастацтве, прэзентацыі, прэсканферэнцыі, адкрытыя дыскусіі. Так, гледачоў парадуе пластычны спектакль “Судакрананне. Маленькая гісторыя пра тое, што ўнутры... і ўсё” ад Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. А ў адзін з вечароў харэаграфіі прэзентуюць сваю творчасць тэатры “Балет «Масква»” і “Балет Яўгена Панфілава”.
З моманту заснавання форум арыентаваны на гледача-інтэлектуала — на сцэнах IFMC прадстаўлены разнастайныя танцавальныя тэхнікі, але перавага заўсёды аддавалася асэнсаванаму танцу.