Калі ручнікі, як крылы

Творчы патэнцыял Бялыніцкага раёна прэзентавалі днямі ў Магілёўскім метадычным цэнтры народнай творчасці.

Як і заўжды, усё прайшло маштабна. Народныя калектывы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бялыніцкага раёна — вакальныя ансамблі “Бялыніца” і “Славяне” — спявалі, а гандляры гандлявалі: раённае спажывецкае таварыства — хлебабулачнымі вырабамі на любы смак, а СВК “Калгас “Радзіма” — на любы густ яблыкамі ды грушамі. Разбягаліся вочы ад страў нацыянальнай кухні.

Працавалі тэматычныя падворкі. Гармонікі з калекцыі Пятра Кудраўца з вёскі Алешкавічы былі прадстаўлены на падворку Аляшковіцкага сельскага клуба “Гуляй і спявай, гармонік любімы”. Падворак Тэхцінскага сельскага Дома культуры “Жывая крыніца Тэхцінскіх бяроз” частаваў гасцей беларускімі напоямі. А вось на падворку Ланькоўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу быў прадстаўлены праект “Ільняныя крылыручнікі”.

“У гэтым годзе мы ўпершыню рашылі правесці ў сябе на сяле фестываль народнай творчасці “Ільняныя крылы-ручнікі”. На фэсце арганізавалі парад ручнікоў нашага раёна, дзе былі прадстаўлены самыя старыя вырабы, якім за 70, 80 гадоў. І нават за 100 гадоў… Такі нам падаравала наша жыхарка Таццяна Таланава”, — распавяла Ірына Емяльянава, загадчык Ланькоўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу.

А неўзабаве ў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурнаасветнай работы са сваёй творчай справаздачай завітае Глускі раён.

 

Крысціна  БАШАРЫМАВА,

вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра