Новыя напрамкі супрацоўніцтва

Апублiкавана: 13 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна Брэст і вобласць Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

Сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, адкрыццё Дзён культуры Расіі ў Беларусі… Што яшчэ адбывалася ў Брэсце 2—3 лістапада і чым падзеі адметныя ва ўмацаванні культурных сувязей краін Саюзнай дзяржавы? Храналогія знакавай сустрэчы — у словах і справах яе ўдзельнікаў.

Праграма мерапрыемстваў распачалася 2 лістапада: у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак і закладка алеі ліп з удзелам міністраў культуры дзвюх краін — Анатолія Маркевіча і Вольгі Любімавай. Пазней у Брэсцкім аблвыканкаме прайшло сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. 

ПАМЯЦЬ АБ МІНУЛЫМ 

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў напярэдадні пасяджэння заявіў, што работа па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі аб’ектаў Брэсцкай крэпасці будзе працягнутая ў наступным годзе, істотныя сродкі на гэта закладзеныя ў праекце саюзнага бюджэту, актывізуецца работа па стварэнні маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на Кобрынскім умацаванні. 

З улікам павелічэння саюзнага бюджэту на 38 % у наступным годзе плануецца праводзіць больш мерапрыемстваў культурна-гуманітарнай і патрыятычнай скіраванасці: кадэцкіх маладзёжных змен і спартакіяд, прымеркаваных да гадавін буйных бітваў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ў наступным годзе да 3 ліпеня выйдзе новая кніга з серыі Саюзнай дзяржавы, прысвечаная партызанскаму руху. У выданні будуць прадстаўленыя новыя факты злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Беларусі і найбліжэйшых суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. 

Пасяджэнне калегіі

Пасяджэнне калегіі

Адна з найважнейшых задач культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння не штучна, а рэальна фарміраваць адзіную культурную прастору Саюзнай дзяржавы, у тым ліку працягваць пошук талентаў, якія ў наступным годзе атрымаюць прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Таксама варта падтрымаць заснаванне прэміі маладым талентам, прызначанай для людзей да 35 гадоў. Яшчэ адна з ідэй, якая ўзнікла нядаўна, — вярнуцца да традыцыі правядзення харавых фестываляў. 

ПЕРСПЕКТЫВЫ АГУЛЬНЫХ ПРАЕКТАЎ 

Адкрываючы сумеснае пасяджэнне, міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч паведаміў аб выкананні Плана супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на 2022—2024 гады. Ён адзначыў, што асаблівае месца сярод прадугледжаных дакументам культурных падзей займаюць мерапрыемствы Саюзнай дзяржавы. У найбліжэйшы час, пасля некалькіх гадоў перапынку, адбудуцца гастролі Моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра. Выступленні артыстаў могуць быць прадстаўлены на розных міжнародных пляцоўках. Знакавай падзеяй таксама стала правядзенне сёлета Першага беларуска-расійскага музейнага форуму, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 70 музейных устаноў з 18 рэгіёнаў Расіі, было падпісана больш за 40 пагадненняў паміж музеямі. Як адзначыў міністр, спецыялісты Беларусі і Расіі з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі ў сумеснай кінавытворчасці, аднак дагэтуль яшчэ не вызначаны яркі сумесны кінапраект, прымеркаваны да знакавай даты нашай агульнай гісторыі — 80-годдзя Вялікай Перамогі. Неабходна аператыўна працягнуць работу ў гэтым напрамку. 

Як распавяла міністр культуры Расіі Вольга Любімава, дзякуючы сумеснай рабоце нашых міністэрстваў і ўстаноў культуры рэгіёнаў сумесныя мерапрыемствы ў 2023 годзе праходзяць штомесяц. Сёлета быў перазапушчаны фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”, які прайшоў у Музеі Перамогі ў Маскве. Лічбы гавораць самі за сябе: трансляцыя гала-канцэрта фестывалю сабрала 15 мільёнаў праглядаў, больш было толькі ў “Славянскага базару”. Таксама міністр культуры Расійскай Федэрацыі прапанавала стварыць агульны беларуска-расійскі план памятных мерапрыемстваў, прысвечаных дзвюм значным датам — 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю Вялікай Перамогі. 

Члены калегіі прынялі ўдзел у закладанні алеі ліп

Члены калегіі прынялі ўдзел у закладанні алеі ліп

Гаворачы аб арганізацыі сумесных мастацкіх праектаў, Анатолій Маркевіч адзначыў, што ў Беларусі на іх існуе вялікі запыт сярод аматараў мастацтва, прапанаваўшы пачаць з абменных выстаў, прысвечаных 180-годдзю вялікага рускага жывапісца Ільі Рэпіна, які правёў частку свайго жыцця на Віцебшчыне, дзе стварыў вялікую колькасць шэдэўраў. Трэба таксама ўключыць у праграму праекты, якія папулярызуюць народныя святы і абрады, магчыма, наспела неабходнасць у арганізацыі адпаведнага тэматычнага фестывалю. 

РАЗНАСТАЙНАСЦЬ УЗАЕМАДЗЕЯННЯ 

Аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы на 2024—2026 гады распавяла намеснік дырэктара Дэпартамента музеяў і знешніх сувязей міністра культуры Расійскай Федэрацыі Алена Харламава, адзначыў шы, між іншага, што ў будучыні плануецца вылучэнне сродкаў на работы ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец” і Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач падзяліўся планамі чарговага этапу рэстаўрацыі і музеефікацыі збудаванняў Брэсцкай крэпасці, адзначыўшы, што агулам на гэтыя мэты мяркуецца вылучыць 493 мільёна расійскіх рублёў. 

Дырэктар Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра “Новая Расія” Дзмітрый Грынчанка і рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна распавялі аб планах правядзення гастроляў Моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра, якія адбудуцца неўзабаве і дазволяць маладым музыкантам з абедзвюх краін прадэманстраваць публіцы творчы патэнцыял. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін прадставіў перспектывы стварэння Лічбавай бібліятэкі Саюзнай дзяржавы. Праект, як мяркуецца, будзе ўключаць тры асноўныя крокі. Першы з іх — стварэнне мабільнага дадатку, які аб’яднае залаты фонд літаратур абедзвюх краін. Другі этап — збор калекцыі дакументаў па гісторыі беларуска-расійскай інтэграцыі. Трэцім этапам зробіцца стварэнне фонду дысертацый Саюзнай дзяржавы. 

Дзяржаўны камерны аркестр джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма

Дзяржаўны камерны аркестр джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма

Актывізацыю супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі абмеркавалі генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей і выканаўчы дырэктар Федэральнага фонду сацыяльнай і эканамічнай падтрымкі айчыннай кінематаграфіі Фёдар Сасноў. Між іншага, Юрый Аляксей падзяліўся планамі стварэння праекта ў форме дакументальнага кіно пад назвай “Дзве краіны — адзін лёс”, які распавядзе аб жыцці беларускай дыяспары ў Расіі і расійскай дыяспары ў Беларусі. 

Намеснік генеральнага дырэктара “Росконцерт” Святлана Кандрацьева распавяла аб фарміраванні адзінага беларуска-расійскага гастрольнага плана, а начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга і рэктар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандр Рыжынскі паразважалі аб рэалізацыі фестываляў, абменных гастроляў, сумесных праектаў тэатраў і канцэртных арганізацый дзвюх краін. 

Аб сумеснай дзейнасці па духоўна-маральным збліжэнні народаў Беларусі і Расіі, недапушчэнні фальсіфікацыі гісторыі і захаванні гістарычнай праўды распавялі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой і генеральны дырэктар Дзяржаўнага гістарычнага музея Аляксей Лявыкін, а генеральны дырэктар “РОСИЗО” Вольга Галакціёнава прадставіла планы рэалізацыі сумесных выставачных праектаў, накіраваных на фарміраванне агульнай культурнай прасторы. 

АБМЯНЯЛІСЯ ЎЗНАГАРОДАМІ 

Анатолій Маркевіч уручыў грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь калектыву Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі ў асобе Вольгі Любімавай. Таксама граматамі ўзнагароджаныя генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Вадзім Дуда, дырэктар Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра “Новая Расія” Дзмітрый Грынчанка і рэктар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандр Рыжынскі. 

Падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь абвешчаная намесніку дырэктара Дэпартамента музеяў і знешніх сувязей Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі Антону Кузняцову і начальніку аддзела СНД, ЕАЭС і міжнародных арганізацый Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі Марыі Сергіенка. 

У сваю чаргу, падзяку міністра культуры Расійскай Федэрацыі атрымалі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Кацярына Дулава, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Нікіта, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са СМІ Міністэрства культуры Вікторыя Ратабыльская і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой. 

ПАДАРУНАК АД ГАСЦЕЙ 

Увечары ў Брэсцкім абласным акадэмічным тэатры драмы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дзён культуры Расіі ў Беларусі і канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма. Вітаючы прысутных, міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што зусім не выпадкова Дні культуры Расіі ў Беларусі праходзяць менавіта тут, на свяшчэннай брэсцкай зямлі, дзе 82 гады таму нашы бацькі і дзяды далі адпор фашызму. Сёння мы разам супрацьстаім неймавернай эканамічнай, палітычнай і духоўнай экспансіі, якая спрабуе разарваць наш сяброўскі саюз. Але палітыка забарон і пагроз у адрас расійскай і беларускай культур бесперспектыўныя. Нашы культурныя сувязі толькі мацнеюць — на ўзроўні міністэрстваў, рэгіёнаў і мастацкіх калектываў. 

Міністр культуры Расіі Вольга Любімава падкрэсліла, што гэта вялікі гонар — сёння прадстаўляць расійскую культуру ў Брэсце, пачаўшы дзень з ушанавання памяці людзей, якія біліся за наш агульны мір, нашу агульную Перамогу, а для нас выпаў вялікі гонар — разам рыхтавацца да 80-годдзя гэтай Перамогі. Вялікая радасць, што мы разам працуем, абмяркоўваем рэпертуар, гастролі нашых артыстаў. І вялізная радасць для двух міністэрстваў заключаецца ў тым, што гэты працэс адбываецца не за кошт даручэнняў, не па неабходнасці. Гэта такая натуральная, агульная культурная прастора і для тых, хто працуе на сцэне, і для тых, хто прыходзіць у глядзельную залу. 

Праграма аркестра Алега Лундстрэма была незвычайнай. У джазавай апрацоўцы прагучалі “Кацюша”, “Цёмная ноч”, песні з фільма “Верныя сябры”. Уразіла публіку саксафаністка Соф’я Цюрына — пераможца Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу “Шчаўкунок”, уладальніца Гран-пры конкурсу “Сіняя птушка”. Нягледзячы на юны ўзрост (Соф’я нарадзілася ў 2007 годзе), у яе актыве больш за 500 канцэртаў, выступленне з Дзяржаўным камерным аркестрам “Віртуозы Масквы” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова і з Маскоўскім джазавым аркестрам пад кіраўніцтвам Ігара Бутмана. 

Любімыя многімі мелодыі мінулага выканала вядомая джазавая спявачка Анастасія Лютава. У зале брэсцкага тэатра ў яе выкананні прагучалі песні, якія памятаюць і любяць спяваць і ў Беларусі, і ў Расіі: “Вярні мне музыку”, “Чорны кот” і іншыя. 

А 3 лістапада ўдзельнікі мерапрыемстваў наведалі з экскурсійнай праграмай мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і археалагічны музей “Бярэсце”, паўдзельнічалі ў пасадцы дрэваў, а таксама азнаёміліся з дзейнасцю Моладзевага патрыятычнага цэнтра. Падзеі, што адбыліся ў рамках Дзён культуры Расіі ў Беларусі, яшчэ раз пацвердзілі важнасць аб’яднання высілкаў работнікаў сферы культуры абедзвюх краін для супольнай працы на агульную карысць. 

Антон РУДАК