Любіць жыццё “па-зубкоўску”

Апублiкавана: 15 лiстапада 2023 Стужка Тэатры Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

3 лістапада народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова спраўляе цудоўны юбілей — 85 гадоў. З іх 63 (лічыце, усё свядомае жыццё, пачынаючы са студэнцтва) аддадзены Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы.

Зінаіда Пятроўна сустракае мяне ў белым пухнатым швэдары — сама вязала. Грымёрка нагадвае не службовае памяшканне, а ўтульны хатні пакой з прыветлівай гаспадынькай. На сценах — рэдкія фота ў рамках. Яшчэ стос здымкаў, паштовак (у тым ліку ад легендарнага купалаўца Уладзіміра Уладамірскага), якія актрыса падрыхтавала для размовы, ляжыць у чаканні. Перабіраючы выявы, адчуваеш дотык самога жыцця артысткі, складанага і азоранага любоўю. На адным з фота — Зубкова ў балетнай пачцы. 

— Гэта мая Пахіта, — каментуе Зінаіда Пятроўна. 

— Пэўна, у дзяцінстве пачыналі з харэаграфіі? Адразу пасля вайны. 

— Не-не, я ўпершыню ўбачыла балет у 1956-м, ужо калі ў Мінску вучылася, у тэатральна-мастацкім інстытуце. Цяпер гэта Акадэмія мастацтваў. Свайго будынка ў інстытута тады не было, ён знаходзіўся ў памяшканні опернага тэатра. Я ўбачыла балет — і абамлела. Сказала сама сабе: “Я буду танцаваць!” Праўда, спярша я пайшла ў мастацкую гімнастыку. Яна ў тыя гады была крыху іншай: я больш займалася акрабатыкай, нават працавала са штангай. У мяне і дыплом ёсць за першае месца ў спаборніцтве таварыства “Буравеснік”. Увогуле, я заўсёды была спартыўнай дзяўчынкай. Ад бабулі ў горад 14 кіламетраў ездзіла на кані без сядла. Любіла лыжы, была чэмпіёнкай на доўгіх дыстанцыях. На кароткіх не магла сабрацца, затое на доўгіх добра размяркоўвала сілы. А ў Палацы прафсаюзаў працавала балетная студыя, і я аж да 70 гадоў хадзіла туды тры разы на тыдзень. Гімнастыкай і сёння займаюся. Як жа без гэтага? Можа, таму ўвесь час іграла і іграю пераважна высакародных персанажаў, для якіх патрэбныя плечы-ручкі-падбародачак. 

— Вашы выправа, хада, пластыка — і дагэтуль як у артыстаў балета. Не дзіва, што ў 75 вы бліскуча сыгралі Нявесту ў пластычным “Вяселлі” па Чэхаве, ды і цяпер паўстаяце своеасаблівым ценем нявесты ў “Жаніцьбе” Гогаля. 

— Дык я да 70 і на шпагат садзілася, і вертыкальны шпагат рабіла. Прафесійнай артысткай балета стала мая дачка Вольга: скончыла харэаграфічную вучэльню, працавала ў Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца. А гэтыя дзве ролі, што вы згадалі, мне папраўдзе дарагія. “Вяселле” ставіў Уладзімір Панкоў з Масквы. І калі прапанаваў мне Нявесту, я спачатку ўспрыняла гэта як здзек. А потым зразумела, чаму быў патрэбны такі незвычайны ход. Прычым Уладзімір не дабіваўся, каб я паўтарала штосьці за ім, — наадварот, хацеў поўнай свабоды: маўляў, рабіце, як хочаце, а я буду на вас арыентавацца. Калі рэжысёр давярае артыстцы, яна можа горы звярнуць! Памятаю, каманда з Казахстана ставіла фільм пра вайну, і я іграла ў яго маленечкім эпізодзе: трымаю ў падоле бульбу, і немец заколвае мяне штыком. Здавалася б, трэба ўпасці — і ўсё. Дык я прапанавала, каб спачатку ў кадры была мая рука з бульбінай. Пальцы расціскаюцца, бульбіны падаюць, коцяцца — і я павольна сунуся ўніз, прытуліўшыся да сцяны. А з “Жаніцьбай” яшчэ цікавей выйшла: спачатку мая роля не планавалася. Ставіў гэты спектакль малады Данііл Філіповіч — майстар сучаснага рашэння. Мне было так цікава, што ж ён прыдумае, што я наведвала ўсе рэпетыцыі. 

— І чым гэта скончылася? 

— Ён папрасіў мяне прайсціся. Проста прайсціся па сцэне — і ўсё. А я ж бачыла ранейшыя рэпетыцыі, таму зразумела, як менавіта належыць гэта зрабіць. І Данііл прыдумаў ролю, якой няма ў Гогаля, — Цень Жаніцьбы. Там не бачна майго твару — толькі фігура і рухі. 

— Але менавіта ваша постаць надае спектаклю пранізлівы філасофска-трагедыйны сэнс няспраўджанай мары, чалавечай адзіноты ў свеце людзей. Дарэчы, у вас ужо цэлая калекцыя такіх бязмоўных роляў, якія з другасных узрастаюць да цэнтральных, — праз той змест, што вы ў іх укладаеце. Я маю на ўвазе пастаноўку “Чакана гучна і да болю блізка” на камернай сцэне. У гэтым спектаклі вы іграеце жанчыну ў акенцы. 

— Так, я ўвесь час знаходжуся на сцэне: сяджу, ніяк не рухаюся, “размаўляю” з усімі адно вачыма. І ў нейкі момант з іх пачынаюць цячы слёзы. Па маім стане глядач павінен зразумець і мае пачуцці, і нават тое, хто ж я такая. Прычым найбольш кемлівая публіка можа ўцяміць гэта куды раней, чым пляменнік гераіні, які пасля доўгіх гадоў расстання зблытаў яе з іншай. 

— На супрацьлеглым полюсе вашай творчасці — безліч вобразаў, увасобленых адным толькі голасам. Я маю на ўвазе работу на радыё. Між іншым, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў 1984-м вы сталі, дзякуючы ролі Марысі ў радыёспектаклі “Хамуціус” па аднайменнай паэме Аркадзя Куляшова. 

— Над гэтым радыёспектаклем, які ішоў тры вечары па гадзіне, мы працавалі тры месяцы. Шчыравалі па начах, бо ўсе артысты былі шчыльна заняты ў тэатральных пастаноўках. Запісы вяліся ў Вялікай студыі Дома радыё, кожны з нас стаяў перад сваім мікрафонам — і не было ніякай магчымасці таго партнёрства, да якога мы прывучаны ў тэатры. Не тое што дакрануцца — нават у вочы не зазірнуць. Адзінае, чым мы маглі сабе дапамагчы — гэта рухі рукамі, бо любы жэст — ужо інтанацыя. Я пераймала веды ў народнага артыста Беларусі Канстанціна Саннікава, а ён, у сваю чаргу, заканчваў Беларускую студыю ў Маскве.

Вакал у мяне выкладаў Яўген Віцінг — той самы, які вучыўся ў Італіі, яшчэ да рэвалюцыі быў салістам Марыінскага тэатра, а ў 1950-я вёў сольныя спевы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Я — з трэцяга пакалення купалаўцаў. Таму добра ведаю, што самае галоўнае для артыста — слова. І тое, што ў ім схавана: яго сэнс, які трэба данесці. Так што і ў маналогу варта вылучыць стрыжань, акцэнтаваць яго, бо астатняе — “гарнір” да асноўнай стравы. І нельга ставіць кропкі, думка павінна працягвацца. Яшчэ вельмі важна знайсці неабходны тэмбр голасу — для кожнай ролі ён можа быць свой, — патрапіць тым тэмбрам і ў характар персанажа, і ў музыку спектакля. Усё гэта я імкнуся перадаць моладзі, з якой разам іграю. Цяпер у тэатр прыйшло шмат маладых артыстаў, а ў іх не было такіх педагогаў, як у мяне. 

— Чаму ж тады вы самі ніколі не выкладалі? 

— Выкладала сцэнічны рух, ды ўсяго адзін год, бо зразумела: усе мае студэнты будуць карыстацца маімі прыёмамі, што я знайшла для сябе. А кожнаму акцёру трэба адшукаць тыя, што зыходзяць з яго індывідуальнасці. Гэта пад сілу, бадай, толькі рэжысёру, а не артысту. 

— Затое артысты, наколькі я ведаю, калі працуюць над роллю, абапіраюцца на ўласны жыццёвы вопыт, адшукваючы адпаведныя ўспаміны. 

— Гэта дапамагае ва ўсіх сітуацыях. Памятаю, на трэцім курсе я рыхтавала маналог Кацярыны з апошняй дзеі “Навальніцы”. Была закахана ў аднакурсніка, жудасна яго раўнавала — і тыя эмоцыі ўклала ў гераіню. Атрымалася! 

— Атрымалася менавіта на сцэне. У жыцці вы ўзялі шлюб з зусім іншым чалавекам. 

— Нас пазнаёміў Генадзь Аўсяннікаў. Гэта здарылася акурат пасля спектакля “Лявоніха на арбіце”, у якім мы разам ігралі: я была дачкой галоўных герояў. Зірнула з грымёркі ў акенца, а там Аўсяннікаў з нейкім хлопцам на лаве. Убачыў мяне, крычыць: “Зін, давай уніз спусціся! Тут жаніх твой сядзіць”. Пажартаваў, вядома, а назаўтра зранку ішоў тэніс на стадыёне “Дынама” — і мы там зноў сутыкнуліся. Гэта было каханне з першага погляду — і ў мяне, і ў яго. У тыя часы лічылася модным прагульвацца па праспекце: каля Галоўпаштамта шпацыравалі закаханыя, а ў раёне ГУМа — больш сталыя пары. 

— Думаю, яшчэ вас вельмі зблізіў спорт, якому ваш муж Уладзімір Фартунатаў прысвяціў жыццё. 

— Ён стаў заслужаным трэнерам па фехтаванні, кіраваў зборнай. Я вельмі пакутавала, што ў нас 10 гадоў не было дзяцей. Хацелі ўжо з дзіцячага дома кагосьці ўзяць, і тут я зацяжарыла. Цяпер у мяне не толькі дачка, але і трое ўнукаў. А ў тым выпадку, пэўна, адгукнулася цяжкае ваеннае маленства: здароўя яно не прыбавіла — якраз наадварот. 

— Вам не было і трох гадоў, як пачалася вайна. 

— Я нарадзілася непадалёк ад тагачаснага Ленінграда, у пасёлку Ульянаўка. Бацька загінуў на фронце. Ён быў мараком, служыў на падводнай лодцы ў Кранштаце. У 1942-м, у час абароны Араніенбаумскага плацдарма, здзейсніў подзвіг Аляксандра Матросава, толькі нашмат раней за яго — закрыў целам варожы дзот. Там больш за 1700 абаронцаў тады загінула. А маці загадвала цэхам на швейнай фабрыцы “Бальшавічка”. У вайну мы патрапілі ў працоўны лагер на месцы, дзе здабываўся торф. Немцы забралі нас на дачы, адвезлі ў лагер “Шталаг-340” непадалёк ад Даўгаўпілса (тады ён называўся Дзвінскам) і трымалі там два гады — 1942—1943-і. Памятаю, як нас вызвалілі. Пачалася бамбёжка, брыгадзір крычыць: “Разбягайцеся хутчэй, а то вас усіх зніштожаць!” І мы пабеглі. Я, старэйшая, рухалася за маці, ухапіўшы падол, каб не згубіцца. А мой брат быў у маці на руках. Панясе яго колькі, пасадзіць са мной, а сама выпраўляецца па клункі. І зноў — спачатку нас уперад, потым мы яе чакаем. Так і дабраліся да горада. А ён увесь разбураны, адны руіны. Але нам, як пагарэльцам, далі пакойчык. Пасля вайны не дазволілі вярнуцца ў Санкт-Пецярбург, бо ў нашых дакументах стаялі дзве нямецкія пячаткі. І мы засталіся ў Даўгаўпілсе. Там я і ў школу пайшла (акрамя звычайнай, скончыла яшчэ музычную), там у мяне і два захапленні з’явіліся — тэатр і спорт. Займалася ў тэатральнай студыі, ды і ў бабулі ў гасцях спектаклі ставіла — усе суседзі збягаліся паглядзець. Вучылася ў рускай школе, але і дагэтуль латышскую мову памятаю. 

— А як беларускую засвоілі? 

— За год, калі ў Мінску ў тэатральна-мастацкі паступіла. Праўда, некаторы час свае ролі я спачатку на рускую мову перакладала, каб паглыбіцца ў сэнс, а потым зноў на беларускую, каб ужо завучыць. Але цяпер па-беларуску не толькі гавару, але і разважаю. Можна лічыць, стала “карэннай беларускай”. 

— І карэнным купалаўцам! Невыпадкова ж для святкавання вашага юбілею была абрана нацыянальная класіка — “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава. 

— Ганна — мая першая роля простай вясковай жанчыны з вялікай, неабдымнай душой. Я вельмі доўга да такога вобраза ішла. Каб настроіцца, надзявала касцюм, уяўляючы сябе гэтай гераіняй. Падобную ролю нельга сыграць — яе трэба пражыць, знайсці для яе адпаведны характар. Цяпер у рэпертуары тэатра ідзе адноўленая версія, а ставіў “Вечар” нябожчык Валерый Раеўскі. Было некалькі складаў, але наш — Кірычэнка, Падабед і я — ён любіў мацней. У іншых спектакль атрымліваўся больш побытавым, а ў нас закранаў праблематыку не толькі беларусаў, але і ўсяго свету. Неяк ігралі гэтую пастаноўку ў Фінляндыі, дык куратар дэлегацыі выйшла з залы ў слязах, уся заплаканая: маўляў, адносіны бацькоў і дзяцей — і наша праблема. А зараз бачу, як на “Вечар” прыводзяць школьнікаў. Яны спярша ўсе ў смартфонах — і раптам адрываюцца ад экранаў, пачынаюць пільна сачыць за дзеяй. І такая цішыня стаіць! Тое, што адбываецца ў спектаклі, — сапраўднае жыццё, хай і на сцэне. 

— А ўласна вам што ў жыцці дапамагае? 

— Любоў. І цікавасць. Мне цікавае ўсё: Батанічны сад, музей наш Мастацкі, кнігі — ды кожная травінка на шляху. Трэба ўмець усяму гэтаму радавацца, цаніць прыгажосць, што навокал, чалавечыя зносіны. Ад усяго, што робіш, атрымліваць задавальненне. Гэта і ёсць — любіць жыццё. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва гераіні