Пачуцці за грошы — каму і навошта?

Апублiкавана: 15 лiстапада 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Прэм’ерны спектакль “Плачу за любоў” у Новым драматычным тэатры карыстаецца неверагодным поспехам: усе квіткі раскуплены, па замове калектываў прызначаюцца дадатковыя паказы. “Вінаватая” назва? Ці ёсць штосьці яшчэ — са спасылкай на сарафаннае радыё?

У назве менавіта любоў, а не каханне. Адзінокі “раганосец”, як ён сам сябе называе, хоча мець любоў жонкі, з якой раздзяліў у шлюбе ўжо 20 гадоў, падрослай дачкі, што вучыцца на юрыста, і аўдавелага сябра-антыквара, які жыве непадалёк і гатовы завітаць па першым клічы. Але ўсё тое — быццам бы. Бо герой знаходзіць выканаўцаў гэтых роляў для “хатняга тэатра”, шчодра плаціць за працу — і пачынаюцца неспадзяванкі, зблытанасць рэальнасці і акцёрскай ігры. 

П’еса “Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць” французскага драматурга ХХ ст. Іва Жаміяка ў рэжысёрскім прачытанні мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кулікоўскага застаецца амаль некранутай, без аніякіх прынцыповых пераробак, хіба з некаторымі касметычнымі скарачэннямі і перастаноўкай некалькіх фраз у фінале. Сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка максімальна простая: крэслы, рухомыя столікі на колцах, мэблю перасоўваюць самі артысты. Не атрымлівае павароту на 180 градусаў і цэнтральная тэма, актуальная як ніколі, — важнасць жывых чалавечых стасункаў, шчырай эмпатыі і любові сярод родных і блізкіх, значнасць сям’і і сямейных каштоўнасцей, паразумення і сяброўства. Але ж як перайначваецца матывацыя адных і тых жа ўчынкаў герояў у розных акцёрскіх складах! Атрымліваюцца два цалкам непадобныя спектаклі: змяняюцца і характары персанажаў, і сам жанр пастаноўкі.

Амількар Эдуарда Вайніловіча — бухгалтар не толькі па прафесіі, але і па жыцці. У яго ўсё разлічана, раскладзена па палічках на стагоддзе наперад. І сям’я патрэбная персанажу найперш для статусу і задавальнення эга: маўляў, вось як усе мяне любяць. Ды раптам становіцца зразумела, што прычына Амількаравых жыццёвых катаклізмаў — у ім самім, у яго няўменні любіць, аддаваць блізкім не грошы, а часцінку сябе. Спозненае ўсведамленне гэтага прыводзіць да трагічнага канца — яшчэ больш яркага ўнутры камедыі, часам нават эксцэнтрычнай, у бок якой схіляецца ўвесь спектакль, за выключэннем нечаканага фіналу. 

Элеанора Міланы Івановай — даволі пасрэдная “прымадонна”, якая прыдумляе сабе магчымую галівудскую кар’еру і прымае прапанову Амількара найперш праз грошы. Шчырыя пачуцці да мужчыны ўзнікаюць у яе далёка не адразу, хіба ў канцы аповеду. Цікава, што ў некаторых сцэнах у артысткі адчувальна выяўляюцца інтанацыі Надзеі Анцыповіч, якая іграе гэтую ролю ў іншым складзе, але глыбінны сэнс аднолькавых фраз значна адрозніваецца. 

Герой Аляксандра Даманцэвіча — небарака, няўдалы малады мастак Машу. Адоранасць прачынаецца ў ім пад уздзеяннем Элеаноры, у якую ён, нават не ўсведамляючы гэтага, насамрэч закаханы. Таму персанаж і сыходзіць з “праекта” такім затарможаным, змярцвелым. 

Пры іншым акцёрскім складзе — усё іначай. Васіль Ніцко ў ролі Машу — наадварот, папраўдзе таленавіты майстар, сталы і мудры чалавек. Намаляваўшы партрэт Элеаноры, ён трансліруе Амількару: як ты можаш не закахацца ў яе?! Маўляў, калі не бачыш вартасцей гэтай жанчыны ў жыцці, заўваж іх хаця б на карціне. 

Надзея Анцыповіч выяўляе Элеанору вельмі здольнай і на самай справе запатрабаванай артысткай. Тое, што яна распавядае пра Галівуд і мноства кантрактаў, — праўда, а не мары. Але гераіня настолькі прагне кахання, што кідае ўсё дзеля сям’і. Ці ж можа персанаж у гэтым прызнацца? Аніколі. Вось і сыпле іроніяй у канцы першай дзеі. Для Элеаноры тое момант гульні, спаборніцтва, хто каго, прычым са схаванай надзеяй, што гумар будзе ацэнены па заслугах. 

Амількар Арцёма Пінчука — хай і бухгалтар, але ж творчы, вынаходлівы, імпульсіўны чалавек. Маючы драматычны вопыт сямейных стасункаў, герой баіцца перажыць яго нанова, баіцца зноў быць падманутым — і таму намаганнямі волі вымушае сябе не верыць у шчырасць. 

Пры такім складзе атрымліваецца не столькі “авантурная камедыя”, як пазначана ў афішах, а ў найлепшым сэнсе слова меладрама — з акцэнтам на частцы “драма”. Цікава было сачыць і як змянялася Віржынія Настассі Аляксеевай у залежнасці ад партнёраў па сцэне. У адным выпадку гэта эксцэнтрычная асоба, што не ведае меж, у другім — больш сцішаная, разважлівая. Тое ж тычыцца і маці Элеаноры: Наталля Капітонава ў гэтай ролі псіхалагічна танчэйшая, Таццяна Булгакава імкнецца да камічнай эксцэнтрыкі. 

Лёгкасць спектаклю забяспечвае падабраная рэжысёрам музыка — песні ў выкананні французскай спявачкі Мары Лафарэ. Але тая бесклапотнасць падманная: пастаноўка выклікае роздум пра чалавечыя зносіны, сапраўдныя і не вельмі. Ці можна за грошы прыдбаць любоў? Адказ відавочны. Але ж як шмат у тым пачуцці не толькі гучных інтанацый, але і амаль нячутных абертонаў! Камедыя “Плачу за любоў” — менавіта пра гэта. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Руслана АНАНЬЕВА