Настольная кніга па ахове спадчыны

Апублiкавана: 16 лiстапада 2023 Стужка Архітэктура Мінск Круглы стол

Аўтар: РУДАК Антон

У прэс-клубе “Культуры і Мастацтва” адбылася прэзентацыя зборніка інфармацыйна-метадычных матэрыялаў, падрыхтаванага Міністэрствам культуры. Гэты зборнік стаў першым у Рэспубліцы Беларусь выданнем, якое аб'яднала інструкцыі, тлумачэнні і метадычныя рэкамендацыі па рабоце з аб'ектамі і элементамі нацыянальнай спадчыны з улікам новаўвядзенняў заканадаўства 2023 года.

У анлайн-рэжыме да прэсканферэнцыі далучылася больш за 120 устаноў і арганізацый, у тым ліку прадстаўнікі абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктуры і горадабудаўніцтва, капітальнага будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ў галіне рэкламы, спецыялісты, адказныя за ахову гісторыкакультурнай спадчыны і прадстаўнікі рэгіянальных устаноў культуры. 

ПОЎНЫ СПЕКТР ТЭМ 

Зборнік інфармацыйнаметадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь складаецца з 22 раздзелаў, якія аб’ядналі палажэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і сумежных відаў заканадаўства. Выданне адрасуецца спецыялістам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, уласнікам гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама інвестарам. 

Між іншага, раздзелы зборніка прысвечаныя пытанням выканання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур на аб’ектах гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, фінансавання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, работы з інвестарамі, складання і ўзгаднення ўліковых дакументаў на гісторыка-культурныя каштоўнасці, кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы культуры, аховы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, узаемадзеяння з ЮНЕСКА, а таксама нарматыўным актам, якія змяшчаюць рэгуляванне праваадносін датычна аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. 

НОВАЎВЯДЗЕННІ Ў КОДЭКСЕ АБ КУЛЬТУРЫ 

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Жук, прэзентуючы зборнік, ад імя Міністэрства культуры выказала ўдзячнасць Гомельскаму аблвыканкаму за фінансавую падтрымку ў выданні, а таксама адзначыла новаўвядзенні, якія з’явіліся з уступленнем у дзеянне Кодэкса аб культуры з 1 студзеня 2023 года. Так, цяпер не падлягаюць узгадненню з Міністэрствам культуры эскізы ўсіх сродкаў вонкавай рэкламы, якія размяшчаюцца ў зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама эскізы сродкаў вонкавай рэкламы, якія размяшчаюцца на капітальных пабудовах і іншых аб’ектах, якія знаходзяцца на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей і не адносяцца да гістарычнай забудовы. 

З 2023 года Міністэрства культуры ў межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з артыкулам 110 Кодэкса аб культуры і заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах разглядае эскізы сродкаў вонкавай рэкламы, якія плануюцца да размяшчэння на гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыі “0”, “1”, “2”, без катэгорыі і на іх тэрыторыі. 

Таксама ўдзельнікі прэсканферэнцыі нагадалі, што з 2021 года артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэкламе” мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадстаўленыя паўнамоцтвы па распрацоўцы і зацвярджэнні (па ўзгадненні з Міністэрствам культуры) тэхнічных патрабаванняў да памеру і іншых тэхнічных характарыстык сродкаў вонкавай рэкламы на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях і іх тэрыторыях. 

Як прыклад у зборніку прыведзены такія патрабаванні, устаноўленыя рашэннем Віцебскага гарвыканкама № 1294 ад 21 лістапада 2022 года. Віцебск стаў першым горадам, у якім была ўведзеная дадзеная навацыя. У гэтым годзе па ўзгадненні з Міністэрствам культуры адпаведныя рашэнні прынятыя амаль ва ўсіх гарадах і рэгіёнах, на тэрыторыі якіх размешчаны гістарычныя цэнтры і помнікі архітэктуры. 

Таццяна Жук спынілася на асноўных патрабаваннях да сродкаў вонкавай рэкламы, якія ўстаноўлены выканкамамі. Рэкламныя канструкцыі на помніках архітэктуры размяшчаюцца на гладкай, свабоднай ад дэкору і архітэктурных элементаў паверхні фасадаў, на ўзроўні першага паверха або паміж вокнамі першага і другога паверха з захаваннем адзінай кампазіцыйнай восі размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы для ўсяго будынка, у выглядзе асобных літар без падкладкі вышынёй не больш за 500 мм. Усталяванне літар рэкламнай канструкцыі можа ажыццяўляцца на металічным каркасе або профільнай трубе, афарбаванай у колер фасада, якая, у сваю чаргу, мацуецца да фасада. Дэкаратыўна-мастацкія элементы (лагатыпы, таварныя знакі і г.д.) рэкамендуецца выносіць на кранштэйны або асобна стаячыя сродкі вонкавай рэкламы. Стылістычнае, колеравае і аб’ёмна-прасторавае рашэнне сродкаў вонкавай рэкламы не павінна пагаршаць умовы ўспрымання помніка архітэктуры: ствараць дысананс, візуальна перагружаць фасад, а таксама выступаць актыўным дысаніруючым элементам. Гэтыя рашэнні спрашчаюць рэкламную дзейнасць суб’ектаў гаспадарання на гісторыкакультурных каштоўнасцях і дазваляюць выконваць патрабаванні заканадаўства аб культуры. 

РАБОТЫ НА ПОМНІКАХ КАТЭГОРЫІ “3” 

Намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Міністэрства культуры Інга Цімафеева распавяла аб новаўвядзеннях, звязаных з перадачай абласным выканаўчым камітэтам і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту паўнамоцтваў па ўзгадненні навуковапраектнай дакументацыі па аб’ектах рэгіянальнага значэння (катэгорыя “3”). Міністэрства культуры ўзгадняе навукова-праектную дакументацыю на катэгорыі “0”, “1”, “2”. Дакументы і метадычныя тлумачэнні, якія датычацца новых паўнамоцтваў выканкамаў, цалкам увайшлі ў зборнік. 

Таксама паводле новага Кодэксу аб культуры замацаванае паняцце праграмы рамонту помнікаў архітэктуры. Патрабаванні да праграмы работ вызначаныя пастановай Міністэрства культуры № 108 ад 29 снежня 2022 года “Аб устанаўленні патрабаванняў да праграмы работ па бягучым рамонце”. 

У зборнік увайшлі метадычныя тлумачэнні і пакрокавыя інструкцыі аб правядзенні работ па бягучым рамонце і іншых работах на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Іх выкананне спрошчана і не патрабуе ўзгаднення з Міністэрствам культуры, але абавязковай з’яўляецца падрыхтоўка праграмы работ асобай, якая мае пасведчанне Міністэрства культуры на кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях. 

Склад і парадак распрацоўкі праектаў зон аховы рэгламентаваны Інструкцыяй аб парадку распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры № 52 ад 6 ліпеня 2022 года. Гэтай інструкцыяй рэкамендавана карыстацца спецыялістам на месцах, якія забяспечваюць распрацоўку і выкананне такіх тэхнічных нарматыўных прававых актаў. 

З 1 студзеня 2023 года артыкул 14 Кодэкса аб культуры замацаваў за мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абавязак па забеспячэн- ні выканання ўстаноўленых праектамі зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей рэжымаў утрымання і выкарыстання іх тэрыторый і зон іх аховы. Больш падрабязныя новаўвядзенні аб праектах зон аховы змешчаны ў зборніку. 

УСЁ ПАД АДНОЙ ВОКЛАДКАЙ

Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Генадзій Ходар падкрэсліў шэраг вартасцей зборніка. Так, напрыканцы выдання змешчаныя 125 нарматыўных актаў, звязаных з аховай гісторыка-культурнай спадчыны, падзеленыя паводле відаў заканадаўства, што дапаможа спецыялістам лепш арыентавацца ў нарматыўна-прававой базе. Таксама тут можна знайсці спіс інфармацыйных рэсурсаў і рэкамендаванай літаратуры па тэме аховы гісторыка-культурнай спадчыны. 

У 2023 годзе галоўны дакумент дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей — Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджаны пастановай Міністэрства культуры № 1 ад 3 студзеня 2023 года. 

Генадзій Ходар таксама падкрэсліў, што сёння вядзецца актыўная работа па выяўленні архітэктурных помнікаў і ўнясенні іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Зборнік змяшчае рэкамендацыі і па гэтай тэме. 

Мэтавым паказчыкам 3 Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады прадугледжана ўключэнне ў Дзяржспіс не менш за 3 новыя нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека. Пунктам 10 рашэння калегіі Міністэрства культуры № 109 ад 21 чэрвеня 2023 года аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму рэкамендавана штогод выяўляць не менш як два новыя матэрыяльныя аб’екты для ўключэння ў Дзяржспіс. 

СПРАШЧЭННЕ РЭГІСТРАЦЫІ 

Міністэрства культуры звярнула ўвагу, што з 23 сакавіка 2023 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 ад 19 верасня 2022 “Аб распараджэнні маёмасцю”, якім урэгуляваны пытанні, што датычацца перадачы і дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку руінаваных і пашкоджаных. 

Што тычыцца аховы руінаваных помнікаў, важным дакументам, форма якога зацверджана пастановай № 2 Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ад 6 студзеня 2023, з’яўляецца пашпарт невыкарыстоўваемага аб’екта. Гэтыя новаўвядзенні дазволілі з 23 сакавіка 2023 г. пашырыць прававыя механізмы па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

Генадзій Ходар акрэсліў яшчэ важнае новаўвядзенне заканадаўства аб культуры — распрацоўку рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей, што знайшло свае месца ў зборніку. Спадзяемся, што з новага года мясцовымі саветамі дэпутатаў будуць прынятыя адзначаныя рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў на ўзроўні аблвыканкамаў, гарвыканкамаў і раёнаў. 

УЛІКОВАЯ ДАКУМЕНТАЦЫЯ 

Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Вадзім Зайцаў падзяліўся станоўчым досведам у сувязі з новаўвядзеннямі Кодэкса аб культуры па рабоце з уліковай дакументацыяй у Мінску. У горадзе рашэннем Мінскага гарвыканкама № 3991 ад 23 лістапада 2017 года арганізаваная работа па запаўненні пашпартоў матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, падпісанні ахоўных абавязацельстваў і кантролі за іх наяўнасцю. 

У 2023 годзе ў Мінску пастаўленая задача распрацаваць пашпарты на ўсе 640 гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сёлета горад пайшоў на рэкорд: распрацавана больш за 100 пашпартоў, і цяпер іх агульная колькасць перавысіла 90 %. Дарэчы, метадычныя рэкамендацыі па запаўненні пашпартоў матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і лістоў змяненняў да іх распрацаваныя і размешчаныя з 29 мая 2023 года ў раздзеле “Спадчына” сайта Міністэрства культуры. 

Вадзім Зайцаў падзяліўся такім новаўвядзеннем, як комплексны ўлік колькасці падпісаных ахоўных абавязацельстваў, у тым ліку з уласнікамі кватэр і нежылых памяшканняў у помніках архітэктуры. Немалаважнае значэнне ў рэалізацыі гэтай работы мае замацаванне з 2023 года ў заканадаўстве аб культуры паняцця “частка гісторыка-культурнай каштоўнасці”, якое вызначае адказнасць за захаванне помнікаў архітэктуры не толькі ўласнікаў асобных будынкаў, але і ўласнікаў памяшканняў у іх. 

У Мінску на ўсе гісторыка-культурныя каштоўнасці па новай форме падпісаныя ахоўныя абавязацельствы, колькасць якіх склала больш за 2700. Гэта комплексная работа ўсіх зацікаўленых службаў Мінгарвыканкама і адміністрацый раёнаў з уласнікамі жылых дамоў. 

САВЕТЫ ПА ПЫТАННЯХ СПАДЧЫНЫ 

Станоўчым досведам па арганізацыі абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падзялілася намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель. На тэрыторыі вобласці размешчаны 682 гісторыка-культурныя каштоўнасці. 

У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 84 Кодэкса аб культуры і Палажэннем аб саветах па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, зацверджаным пастановай Міністэрства культуры № 106 ад 24 лістапада 2022 года, у Мінскай вобласці быў перагледжаны склад абласнога савета, у які дадаткова ўвайшлі прадстаўнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве аблвыканкама, ААТ “Белрэстаўрацыя”, Нацыянальнага гістарычнага музея, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Узначаліў савет намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама па сацыяльнай сферы. 

Работа Мінскага абласнога савета наладжаная ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі заканадаўства аб культуры. Гэта дазволіла на працягу года разглядаць навукова-праектную дакументацыю на гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыі “3”. 

Актывізавалася работа па вылучэнні новых культурных каштоўнасцей для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёлета сем рэгіёнаў Мінскай вобласці ўнеслі на пасяджэнне савета свае прапановы па новых аб’ектах спадчыны. 

Прадстаўнікі ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры нагадалі, што з сакавіка 2023 года дзейнічае новая версія інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь (ІАС КНД), куды павінны ўносіцца звесткі аб праверках і маніторынгах. Разам з тым такія меры ўздзеяння да суб’ектаў гаспадарання прымяняюцца ў выключных выпадках. Акцэнты ў правядзенні кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў робяцца на папераджальна-прафілактычную работу. 

Таксама адзначаецца, што з 2023 года заканадаўствам пашыраныя пералікі асоб, якія могуць атрымаць атэстат (пасведчанне) Міністэрства культуры на кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях. З 2023 года Міністэрства культуры атэстоўвае спецыялістаў не толькі са спецыяльнасцю “Архітэктар”, але і дадаткова са спецыяльнасцю “Будаўніцтва”. Кожны жадаючы можа прайсці гэтую атэстацыю ў парадку, вызначаным заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах. На сённяшні дзень каля 50 асоб маюць такое пасведчанне, а пералік гэтых асоб размешчаны на сайце Міністэрства культуры ў раздзеле “Спадчына”. 

Таксама была агучаная інфармацыя аб правядзенні з 13 па 17 лістапада ў Мінску курсаў па павышэнні кваліфікацыі для супрацоўнікаў, якія займаюцца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны. 

Зборнік распаўсюджваецца бясплатна, электронны варыянт выдання накіраваны Міністэрствам культуры ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам для ўліку ў рабоце зацікаўленых спецыялістаў, а таксама размешчаны на сайце Міністэрства культуры ў раздзеле “Спадчына”. Папяровыя асобнікі неўзабаве будуць перададзеныя галоўным упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама 140 спецыялістам па ахове гісторыкакультурнай спадчыны ў абласцях і горадзе Мінску.

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА