Быццам гучанне белага клёну

Народны ансамбль народнай музыкі“Явар” — яркі, самабытны калектыў з багатай гісторыяй, якую зберагаюць і працягваюць маладыя таленты. Ужо больш за 30 гадоў ён радуе аматараў беларускай культуры творчасцю, якая гарманічна спалучае інструментальнае выкананне, танец і песню. Яшчэ ў кастрычніку 2013-га ансамбль удастоіўся звання заслужанага — і ўпэўнена трымае планку. Як гэта ўдаецца, мы даведаліся ў кіраўніка “Явара” — Аляксандра Сцяпанавіча Бялоцкага.

— Спачатку хацелася б пагаварыць пра назву калектыву. Як яна нарадзілася? 

— Слова “явар” азначае белы клён — від, рэдкі для Беларусі. У асноўным такія дрэвы растуць у парках Гомельскай вобласці. Галоўным матывам, які паўплываў на выбар назвы для калектыву, было тое, што яваравая драўніна ўнікальная. З яе вырабляюцца музычныя інструменты, гук якіх вылучаецца высокай частатой. На момант стварэння ў ансамбля было тры інструменты з белага клёну. Мы хацелі, каб і наш калектыў адрозніваўся ўнікальнасцю, маляўнічасцю, лаканічнасцю выканання, каб вакальнае майстэрства ўдзельнікаў “Явара” асацыявалася з нечым рэдкім, светлым, як гучанне белага клёну. 

— Калі ж “Явар” загучаў упершыню і на якой пляцоўцы гэта здарылася? 

— Гісторыя ансамбля пачынаецца ў 1990 годзе. Ініцыятар заснавання нашага калектыву — Віктар Смоляр, выкладчык Мазырскага музычнага вучылішча. Ён — чалавек з творчай душой і сэрцам, поўным любові да роднага песеннага, музычнага і танцавальнага мастацтва. Разам з аднадумцамі — аматарамі беларускага фальклору — Віктар Мікалаевіч пачаў збіраць народныя песні і танцы, рабіць аранжыроўкі, складаць канцэртныя праграмы. Асабіста займаўся з кожным удзельнікам вакальнай групы. Пастаноўку танцавальных нумароў я ўзяў на сябе. 

У 1993-м група прыхільнікаў беларускага фальклору, якая працавала ў музычным вучылішчы, стала ансамблем народнай музыкі “Явар” — арыгінальным аматарскім калектывам, які дорыць другую маладосць творам нацыянальнай культуры. Сталую прапіску калектыў атрымаў у мазырскім Палацы культуры. Першай значнай узнагародай мы лічым дыплом ІІІ ступені на Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах у 1995 годзе. 

— За час існавання калектыву ў гастрольным маршруце з’явілася велізарная колькасць пунктаў. Дзе ўжо выступаў мазырскі “Явар”? 

— Здаецца, мы аб’ездзілі ўсю Беларусь. Пабывалі і ў краінах блізкага ды далёкага замежжа: ва Украіне, у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі. Беларускую народную музыку любяць і хочуць чуць усюды. 

— Як вы лічыце, чаму? 

— Мо гэта прагучыць нясціпла, але нам удаецца праз мастацтва перадаць тое, што ў кожнага чалавека глыбока ў душы, тое, што не заўжды і не ўсе могуць выразіць. Наогул, наш калектыў адным з першых у Гомельскай вобласці пачаў працаваць у змешаным жанры. Гэта зна- чыць, што мы выкарыстоўвалі ў выступленнях і танец, і музыку. Ансамбль “Явар” — арыгінальны аматарскі калектыў Мазыршчыны, які па складзе ўдзельнікаў, ма- неры выканання з’яўляецца захавальнікам мясцовай народнай творчасці, прапагандыстам нацыянальнай культуры. Большая частка рэпертуару — беларускія народныя песні і танцы. Нераздзеленаму каханню, пакутам дзявочай душы, чаканню шчаслівых хвілін спаткання прысвечаны песні “Ой, я маю чорны бровы”, “А мне ў шчасце верыцца”, “Шумяць вербы”. Баян, гармонік, скрыпка, цымбалы, кантрабас, флейта заўсёды зладжана гучаць разам з вакалам. Нацыянальныя касцюмы, самабытныя песні, народныя танцы — вось тое, што стварае індывідуальнасць і непаўторнасць заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай музыкі “Явар”. 

— Раскажыце пра сваіх зорак. Гэта аматары ці прафесіяналы? 

— Ведаеце, я вельмі патрабавальны. У першую чаргу да сябе. Але многага патрабую і ад калег. Сёння ў ансамблі займаецца 22 чалавекі. Сярод іх навучэнцы школ і іншых устаноў адукацыі, служачыя. Удзельнікі “Явара” годна валодаюць выканальніцкім майстэрствам, у іх добрая сцэнічная культура. Гэтаму садзейнічае і ўдала наладжаная вучэбнавыхаваўчая работа, і здаровы псіхалагічны настрой у калектыве. Я стараюся разгледзець у кожным патэнцыял, імкнуся сфарміраваць маральныя прынцыпы. У ансамблі заўсёды пануе зычлівая атмасфера, якая стымулюе развіццё гарманічнай асобы. І нашы музыканты сапраўды рознабакова развітыя. Рэпертуар “Явара” багаты, мы прапануем цікавыя праграмы і сольныя канцэрты. Упэўнены, наперадзе ў калектыву шмат натхнёнай працы, рэпетыцыі, новыя выступленні і творчыя пошукі. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва ансамбля