Лесвіца ў неба. Пра талаку ў Грушаўцы

Працягваем распавядаць пра нашы суботнікі ў знакавых мясцінах. Сёлета мы прыбіралі сямейныя пахаванні знакамітых дзеячаў беларускай культуры: Манюшкаў (в. Радкоўшчына, Смалявіцкі р-н), Ельскіх (в. Дудзічы, Мінскі р-н), Шэмешаў (в. Барацічы, Бярэзінскі р-н), Неслухоўскіх (Кальварыя, Мінск), Бохвіцаў (в. Дарава, Ляхавіцкі р-н) і Рэйтанаў (г. Ляхавічы). Запалілі зніч і на магіле Паўлюка Багрыма ў Крошыне (Баранавіцкі р-н).

Адзін з апошніх выездаў мы вырашылі прысвяціць знакамітай “Лесвіцы ў неба” ў Грушаўцы Ляхавіцкага раёна. Гаворка пра алею з векавых разгалістых лістоўніц пры капліцыпахавальні роду Рэйтанаў. Дрэвы каля дарогі, што вядзе да пабудовы, нібы жаўнеры, якія пашыхтаваліся па росце. Чым бліжэй да капліцы, тым лістоўніцы вышэйшыя. Адсюль і назва “Лесвіца ў неба”, якую далі прысадам мастакі і краязнаўцы. На жаль, не ўсе дрэвы ў алеі ацалелі (іх было 12 пар). А з тых, што раслі ўздоўж агароджы самой пахавальні, засталіся толькі адзінкі. Узводзіўся неагатычны будынак на месцы, якое адмыслова вызначыў Юзаф Рэйтан, апошні прадстаўнік слыннага роду, — на бязлесным пагорку. Таму белая капліца, асветленая сонцам, была добра бачная здалёк. Цяпер жа толькі на світанку промні трапляюць на пахавальню з боку поля, бо блізу яе пасля вайны высадзілі лес. 

Па словах мясцовых, яшчэ адносна нядаўна, гадоў 40—50 таму, капліца, што перажыла дзве разбуральныя сусветныя вайны, знаходзілася ў неблагім стане. Тады яна была пакрыта дахоўкай, а ўнутры, на сценах, меліся мармуровыя табліцы з імёнамі і выявамі продкаў апошняга Рэйтана. Была там і шыльда, прысвечаная Тадэвушу Рэйтану, які зрабіў род знакамітым. У 1970-х гадах невядомыя злачынцы гэтыя табліцы скралі. Таксама нехта разрабаваў магілы Юзафа і яго сястры (у другі раз, бо ўпершыню гэта здарылася ў часы Першай сусветнай вайны). Мясцовыя жыхары, якія шанавалі памяць Рэйтанаў (і сёння кепскага слова пра колішніх гаспадароў не пачуеш), разам з ляхавіцкім пробашчам добраўпарадкавалі пахаванні. Неўзабаве прыйшла новая бяда — хтосьці спаліў дах, з чаго і пачалося актыўнае разбурэнне капліцы. Але дзякуючы ўвазе раённых улад да праблемы, сёння пабудове нічога не пагражае: скляпенні ўмацаваны, з’явіўся і новы дах. Дарэчы, у Закозелі (Драгічынскі раён) ёсць неагатычная капліца роду Ажэшкаў (ХІХ ст.), падобная лёсам да грушаўскай (гл. “К” № 13, 2013, і № 37, 2021). І там аднаўленчыя працы, якія фінансуюцца з мясцовага бюджэту і фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, ужо набліжаюцца да завяршэння. 

Што ж да грушаўскага суботніка, то ўсё было як звычайна. Некалькі гадоў таму разам з валанцёрамі мы правялі першую талаку на прысадах, якія зараслі кустоўем. Пазней усталявалі інфармацыйны стэнд з гісторыяй капліцы (і яшчэ два пры сядзібе). Але час не стаіць на месцы. Алешына, клёны і нават яблыневыя атожылкі запаланілі алею, і яна страціла ранейшую прыгажосць і ўзнёсласць. За некалькі гадзін працы хмызняковыя “чужынцы” былі выдалены. Мы сабралі і бытавое смецце. Толькі і засталося, што яшчэ раз прыехаць, каб пакасіць траву вакол пахавальні. 

Дарэчы, аказалася, што цікавасць да капліцы за апошнія гады значна ўзрасла. Паток машын не спыняецца. У Грушаўку прыязджаюць з розных абласцей. Прыемна ўсведамляць, што ёсць у гэтым і некаторая заслуга “К”, бо на старонках газеты раскрыта не адна таямніца роду Рэйтанаў. 

Працяг будзе.