Да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі

Апублiкавана: 23 лiстапада 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

З нагоды юбілею знанага паэта, драматурга, перакладчыка, гісторыка Людвіка Кандратовіча, больш вядомага пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля, ва ўстановах культуры Беларусі прайшоў шэраг мерапрыемстваў. 

Святкаванні пачаліся яшчэ ў красавіку, калі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук правяла чарговыя Кісялёўскія чытанні. Прадстаўнічую канферэнцыю прысвяцілі адразу тром паэтам-юбілярам — Адаму Міцкевічу (1798—1855), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу (1808—1884) і Уладзіславу Сыракомлю (1823—1862). Падчас чытанняў працавала кніжная выстава, яе наведвальнікі маглі азнаёміцца з унікальнымі выданнямі — у некаторых засталіся аўтографы паэтаў. 

Нацыянальная бібліятэка Беларусі размясціла на сваім сайце віртуальную экспазіцыю, у якой даступныя выданні перакладаў сыракомлеўскай паэзіі на беларускую мову. Іх зрабілі выдатныя майстры — Янка Купала, Янка Лучына, Максім Лужанін, Уладзімір Дубоўка. 

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры 30 верасня правёў вечарыну “Уладзіслаў Сыракомля. Песні вясковага лірніка”. Госці пазнаёміліся з феноменам Сыракомлі, які, жывучы і ствараючы пераважна ў фальварках, а не ў буйных гарадах, стаў сапраўдным вешчуном для свайго краю. На імпрэзе гучалі аповеды пра паэта, яго час і атачэнне, а таксама песні Станіслава Манюшкі, Віктара Кажынскага і Канстанціна Горскага на вершы Сыракомлі. Праграму падрыхтавалі музыказнаўца Святлена Немагай і лаўрэаты міжнародных конкурсаў Галіна Сакольнік і Аляксей Загорскі. 

Напалеон Орда. "Смольгаў, сядзіба Кандратовічаў", 1877 г. (Фальварак, дзе нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля)

Напалеон Орда. "Смольгаў, сядзіба Кандратовічаў", 1877 г. (Фальварак, дзе нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля) 

Але кульмінацыі святкаванне дасягнула крыху раней, 29 верасня, у Тэатральнай зале Нясвіжскага палаца (Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”). У тым самым палацы юнак Людвік Кандратовіч чытаў сябрам першыя вершы. 

Праграма была насычаная. Напачатку спецыяльным штэмпелем урачыста пагасілі выпушчаны да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі канверт. Яго стварылі ў межах сумеснага праекта “Белпошты” і музея-запаведніка “Нясвіж” (у абарачэнні з 15 верасня, наклад — 25 тысяч асобнікаў, дызайн канверта і спецштэмпеля Святланы Цырулік). Гэта другі айчынны мастацкі канверт, прысвечаны паэту. Першы выйшаў у лістападзе 1998-га да 175-гадовага юбілею. 

Падчас мерапрыемства распавялі пра Сыракомлю, творчасць і значнасць гэтай асобы для Беларусі. У касцёле, дзе прайшла ўрачыстая імша, у 1844 годзе Уладзіслаў узяў шлюб з Паўлінай Мірашэўскай. 

А яшчэ ў той дзень узнагародзілі ўдзельнікаў гістарычна-краязнаўчага конкурсу “Вандроўкі па маіх ваколіцах”. На творчае спаборніцтва паступіла 22 работы з усіх абласцей Беларусі. Пераможцаў ушаноўваў дырэктар музея-запаведніка Дзмітрый Яшчанка, які адзначыў, што ўстанова і далей будзе праводзіць розныя мерапрыемствы, звязаныя з краязнаўствам. Завяршылася сустрэча музычнай праграмай. 

Наша газета таксама далучылася да святкавання круглай даты, распрацаваўшы турыстычны маршрут “Шлях Уладзіслава Сыракомлі”: на карту паэтавых мясцін мы дадалі некалькі новых важных пунктаў (гл. “К” №№ 21—22, 2023).

Дарэчы Сёлета адзначаюцца юбілеі не толькі Уладзіслава Сыракомлі, Адама Міцкевіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, але і іншых знакавых дзеячаў беларускай культуры. На пачатку тыдня — 23 кастрычніка — святкавалася 200-годдзе з дня нараджэння выдатнага пісьменніка і журналіста, найлепшага сябра Сыракомлі Адама Плуга (1823—1903). На 24 кастрычніка прыпаў 180-гадовы юбілей Генрыха Семірадскага, сусветна вядомага мастака з беларускімі каранямі. На 12 лістапада — 200-годдзе з дня нараджэння пісьменніка-этнографа, тэатральнага і літаратурнага крытыка, папулярызатара беларускай культурнай спадчыны Паўла Шпілеўскага (1823—1861). 

Зміцер ЮРКЕВІЧ