Наталіцца родным

Апублiкавана: 26 лiстапада 2023 Стужка Традыцыі Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Беларусы лічацца другой па колькасці нацыянальнай меншасцю ў Латвіі. І нашы суайчыннікі, што жывуць у краіне-суседцы, зберагаюць памяць пра карані ды знаёмяць іншых са спадчынай сваіх продкаў. Доказ таму — дзейнасць Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Гэта ўнікальная ўстанова, дзе кожны выхадзец з нашага краю можа наталіцца роднай мовай і традыцыямі, праявіць творчыя здольнасці.

Цэнтр беларускай культуры працуе як падраздзяленне Дома Адзінства Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання. Установа бюджэтная. Поруч заўсёды ідуць партнёры. Найперш гэта культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”, якое сёлета адзначыла 30-годдзе. Яднае арганізацыі агульная мэта — захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры.

У Міжнародны дзень роднай мовы штогод тут арганізуюць дыктоўку па-беларуску. У анлайн-рэжыме падключаюцца сябры з іншых гарадоў і краін. Сёлета сваю пісьменнасць удзельнікі спраўдзілі, напісаўшы ўрывак з эцюда “Шчасце” Янкі Маўра. Сімвалічна, што гэтаму пісьменніку была прысвечана яшчэ адна падзея да Дня роднай мовы — міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні” з удзелам даследчыкаў, педагогаў і работнікаў культуры. 

Цэнтр ладзіць народныя святы, літаратурныя вечарыны, выставы, экскурсіі ды іншыя імпрэзы. Пры ім існуюць калектывы мастацкай творчасці, бібліятэка і музей. Экспазіцыя пераносіць наведвальнікаў у вясковую хату канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Там паказаны прадметы побыту і прылады працы, узоры вышыўкі і ткацтва, ганчарныя вырабы. Дзіцячым групам не толькі правядуць экскурсію, але і прапануюць у карагодзе згуляць у “Падушачку” і “Капялюш”, адгадаць загадкі, змайстраваць сувенір з беларускім каларытам. 

Яшчэ адна экспазіцыя прысвечана беларускім лялькам. Выраблены яны па традыцыйных тэхналогіях: з ільняной тканіны, нітак, саломы, пакулля. Збіралі калекцыю многія гады. Нешта прывозілі ў падарунак дэлегацыі з нашай краіны, нешта ансамблі з Даўгаўпілся атрымалі на такіх фестывалях, як “Браслаўскія зарніцы”, “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. 

ФЕСТЫВАЛЬНАЯ ВІЗІТОЎКА 

У календары даўгаўпілскіх беларусаў нямала важных дат. Святкуюць Купалле, Гуканне вясны і Каляды, ладзяць Дні беларускай культуры, далучаюцца да гарадскіх і агульнадзяржаўных імпрэз. Але самай яркай падзей, сапраўднай візітоўкай нацыянальнай суполкі стаўся восеньскі Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Сёлета ён адбыўся 13-ы раз. 

Гледачам прапанавалі выставы восеньскіх дароў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свае карціны прэзентаваў мастак-самавук Аляксей Касінец — ураджэнец Віцебшчыны, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў жыве ў Ліепаі. Таксама ахвочыя паўдзельнічалі ў майстар-класах па вырабе лялек-абярэгаў і паштовак-выцінанак. 

З аншлагам прайшоў гала-канцэрт. Распачалі яго творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Скарбніца”, “Паўлінка”. За імі на сцэну выйшлі самадзейныя ансамблі і салісты з іншых куточкаў Латвіі, госці з Эстоніі, Літвы і Польшчы. 

КРАЯВІДЫ АЙЧЫНЫ І ВЫБІТНЫЯ ЗЕМЛЯКІ 

Адкрыўся ж чарговы сезон Цэнтра беларускай культуры 5 верасня. Традыцыйна адлік новага творчага года пачаўся з Дня беларускага пісьменства. Штогод каманда змяняе фармат свята. Гэтым разам прэзентавалі выставу да 130-годдзя Максіма Гарэцкага, падрыхтаваную Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Цікава, што ў біяграфіі пісьменніка ёсць старонкі, звязаныя з Даўгаўпілсам. У гэтым горадзе ў міжваенны перыяд творца выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах. 

“Адлюстраванне” — так называецца яшчэ адна экспазіцыя, што разнастаіла восеньскую афішу. На калектыўнай выставе паказаны работы ўдзельнікаў аб’яднання “Маю гонар”. Гэта суполка прафесійных мастакоў з беларускімі каранямі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Расіі. Увазе наведвальнікаў прапанавалі звыш 20 твораў у розных тэхніках і стылях. Сярод іх нямала краявідаў малой радзімы. Працаваць выстава будзе да канца лістапада. 

Колькі слоў варта сказаць пра згаданыя творчыя калектывы. Ансамбль “Купалінка” яднае самадзейных вакалістаў. Пад акампанемент акардэона яны выконваюць народныя песні — не толькі беларускія, але і латышскія ды латгальскія. Ёсць у рэпертуары і аўтарскія песні на роднай мове. Прыкладам, у жніўні кампазіцыі па-беларуску ў выкананні “Купалінкі” прагучалі ў Аўгшдаўгаўскім краі на фэсце да дня нараджэння асветніка і лютэранскага пастара Горхарда Фрыдрыха Стэндэра. Дораць слухачам родныя мелодыі таксама вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” і харавая капэла “Спадчына”. А ў студыі “Скарбніца” да нашай культуры далучаюць дзяцей. 

“Лявоніха”, “Кадрыля”, “Кракавяк”, “Падыспань”, “Нарэчанька” — мноства народных і стылізаваных танцаў складаюць набытак ансамбля “Лянок”. Харэаграфічны калектыў прычыніўся да многіх яркіх фэстаў, у тым ліку ў Беларусі. 

Ёсць у нашых суродзічаў у Даўгаўпілсе і тэатральнае згуртаванне. Студыя “Паўлінка” працуе з 2007 года. Аматарская трупа паставіла “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота, “Чорт і баба” Францішка Аляхновіча ды іншыя п’есы, гумарыстычныя сцэнкі, рэканструкцыі народных свят. Вядома, ёсць у рэпертуары Купалава “Паўлінка”. 

ДЫЯЛОГ ПРАЗ МАСТАЦТВА 

Не толькі свае традыцыі нясуць у свет беларусы Даўгаўпілса. Цікавяцца спадчынай іншых народаў, шукаюць пункты судакранання. Так, з мэтай дыялогу між прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей цэнтр зладзіў праект “Суквецце культур”. Разам з сябрамі латышскага і літоўскага таварыстваў адзначалі Каляды, параўноўвалі, шукалі агульнае ў звычаях трох краін. Адбылася сумесная вечарына з прадстаўнікамі яўрэйскай, нямецкай і татарскай абшчын. Разам з палякамі і ўкраінцамі гукалі вясну. А завяршылася маштабная акцыя супольным канцэртам творчых калектываў нацыянальна-культурных таварыстваў Даўгаўпілса. 

Данііл ШЭЙКА