Супрацоўніцтва працягваецца

Апублiкавана: 27 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

З 7 па 22 лістапада ў Парыжы адбылася 42-я сесія Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. 

Генеральная канферэнцыя збіраецца на чарговыя сесіі раз на два гады, каб вызначыць агульныя напрамкі дзейнасці ЮНЕСКА, зацвердзіць праграму і абраць генеральнага дырэктара, склад кіруючых органаў і міжурадавых камітэтаў. 

Прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Таццяна Жук, паўдзельнічала ў пасяджэннях Камісіі па культуры з 15 па 17 лістапада. 

На сесіі разглядаўся двухгадовы бюджэт ЮНЕСКА, перспектывы работы па канвенцыях гэтай арганізацыі ў галіне культуры, аховы і папулярызацыі музеяў і іх калекцый. Таксама прагучала справаздача Міжурадавага цэнтра па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. 

Акрамя таго, 17 кастрычніка абвясцілі Днём нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што бачыцца актуальным менавіта цяпер, калі ў свеце адбываюцца ўзброеныя канфлікты, глабалізацыя і ўніфікацыя культурных каштоўнасцей. 

У выступленні Таццяна Жук адзначыла, што дзякуючы каласальнай рабоце на дзяржаўным узроўні ў строгай адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003) у спісы ЮНЕСКА дададзены беларускія элементы. Сярод іх — абрад “Калядныя цары” ў Семежаве Капыльскага раёна, урачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Будславе Мядзельскага раёна, вясновы абрад “Юр’еўскі карагод” у Пагосце Жыткавіцкага раёна, культура ляснога бортніцтва і саломапляценне Беларусі. Супрацоўніцтва нашай краіны з ЮНЕСКА ў гэтым напрамку працягваецца. 

На пасяджэнні Камісіі па культуры панавала прыязная атмасфера. У выступленнях усіх дэлегатаў краін-удзельніц гучала ідэя, што культура павінна быць інструментам аб’яднання людзей на аснове духоўна-маральных прынцыпаў, а таксама прынцыпаў аховы і падтрымання культурнай разнастайнасці, звычаяў, вобразаў, спосабаў самавыяўлення, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў рамках бесперапыннага стварэння і ўзаемадзеяння грамадства з гістарычнай спадчынай і прыродай.