Форум аб’яднаных культур

Апублiкавана: 28 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна не указан Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам Анатоліем Маркевічам паўдзельнічала ў ІХ Міжнародным культурным форуме, які праходзіў з 15 па 18 лістапада ў Санкт-Пецярбургу. 

Форум аб’яднаных культур сабраў каля 250 замежных дэлегатаў з больш чым паўсотні краін. Аб рабоце форуму распавяла начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Вікторыя Ратабыльская

— Якія прапановы беларуская дэлегацыя агучыла на форуме? 

— Падчас сустрэчы міністра культуры Расійскай Федэрацыі Вольгі Любімавай з кіраўнікамі замежных дэлегацый, якая адбылася 17 лістапада, Анатолій Маркевіч выступіў з дакладам на тэму “Культурны суверэнітэт як аснова дзяржаўнай ідэнтычнасці”. У дакладзе была агучана прапанова Урада Рэспублікі Беларусь правесці ў ліпені 2024 года ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Дзень нацыянальных культур дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 

Падчас пленарнага пасяджэння форуму з удзелам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна Анатолій Маркевіч звярнуўся да кіраўніка расійскай дзяржавы з запрашэннем наведаць у 2024 годзе Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў сувязі са знакавай для Рэспублікі Беларусь датай — 80-годдзем вызвалення ад нацысцкіх захопнікаў. 

— Якія перамовы былі праведзены з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь? 

— Працоўныя перамовы наконт абменных дзён культуры праведзены з міністрам культуры Азербайджана Адзілем Керымлі. Таксама адбыліся перамовы з генеральным сакратаром Нацыянальнага музея Султаната Аман— Джамалем Хасанам аль-Мусаві. 

Падчас сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам адкрытай кінастудыі “Лендак” (Ленінградская студыя дакументальных фільмаў), што прайшла 18 лістапада, абмяркоўваліся магчымыя напрамкі супрацоўніцтва, 19 лістапада дэлегацыя “Лендака” прыбыла ў Мінск і правяла сустрэчу з кіраўніцтвам “Беларусьфільма”.

 Удзельнікі форуму В. У. Рудзікава, Т. М. Кавалёва, А. М. Маркевіч, В. Л. Ратабыльская

Удзельнікі форуму В. У. Рудзікава, Т. М. Кавалёва, А. М. Маркевіч, В. Л. Ратабыльская

Адзначана вялікая зацікаўленасць кіраўнікоў міністэрстваў культуры розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў правядзенні мерапрыемстваў у сферы культуры. Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі сумеснага моладзевага праекта, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі, з Рэспублікай Татарстан і Чувашскай Рэспублікай. 

— Якія дамоўленасці былі дасягнуты падчас форуму? 

— Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве Белдзяржфілармоніі з Дзяржаўнай акадэмічнай капэлай Санкт-Пецярбурга і ўстановай культуры “Пецярбург-канцэрт”, дасягнуты дамоўленасці з Дзяржаўным Рускім музеем аб рэалізацыі ў другім паўгоддзі 2024 года сумеснага выставачнага праекта на гэтай расійскай пляцоўцы. Ёсць і вусная дамоўленасць з дырэктарам Дзяржаўнага Рускага музея наконт стажыроўкі мастакоў-рэстаўратараў музея-запаведніка “Нясвіж”. Акрамя таго, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь з Расійскай нацыянальнай бібліятэкай у галіне рэстаўрацыйных работ. Складзена дарожная карта для Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі па сумесных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Перамогі. 

Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі правёў перамовы з кіраўніцтвам Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Абмеркаваны арганізацыйна-тэхнічныя пытанні прыезду расійскага калектыву ў Мінск з 15 па 21 ліпеня 2024 года, а таксама дасягнуты дамоўленасці аб сустрэчных гастролях беларускіх артыстаў у Новасібірску. З кіраўніцтвам Міхайлаўскага тэатра прайшлі перамовы аб супрацоўніцтве для арганізацыі абменных гастролей у 2024 годзе. З рэктарам Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва абмяркоўвалася магчымасць удзелу Вялікага тэатра Беларусі ў сумесным праекце інстытута і Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правёў перамовы з Музеем Перамогі ў Маскве наконт арганізацыі выставы “80 гадоў вызвалення Беларусі”. Таксама адбыліся перагаворы з кіраўнікамі музеяў Мардовіі, Калінінграда, Сахаліна. 

— Якія вашы асабістыя ўражанні ад форуму? 

— На думку яго ўдзельнікаў, менавіта аб’яднанне культур, а не “культура адмены”, якая прасоўваецца Захадам, мусіць ляжаць у аснове гуманітарнага прагрэсу ў свеце. Неабходна эфектыўна выкарыстоўваць культурную прастору для павышэння ўзроўню сяброўскіх дачыненняў паміж краінамі і народамі. Глабалізацыя вядзе да культурнай уніфікацыі, у культуры ўзнікаюць працэсы, якія арыентуюць на праявы і ідэалы, не звязаныя з нацыянальнымі культурамі, накіраваныя на зніжэнне інтэлектуальнага развіцця асобы. 

На дзелавых пляцоўках форуму абмяркоўваліся тэмы “Пазнанне гісторыі праз культуру”, “Штучны інтэлект — пагроза або дабро для культуры”, “Традыцыйная культура як фундамент пабудовы цывілізацыйнага грамадства”. Панэльную дыскусію “Медыйная культура” мадэрыраваў першы намеснік генеральнага дырэктара ТАСС Міхаіл Гусман, а дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі правёў круглы стол “Музеі”. 

На жаль, абмежаваны час не дазволіў наведаць і большай часткі культурнай праграмы, якая ўключала гала-канцэрт на Новай сцэне Марыінскага тэатра, урачыстую цырымонію закрыцця форуму ў Міхайлаўскім тэатры, канцэрты дзяржаўных нацыянальных ансамбляў, выставы. Але ўбачыць на сцэне выступленне прымы расійскага балета Святланы Захаравай мне ўдалося. 

На форуме я сустрэла шмат калег з розных краін і рэгіёнаў Расіі. За гады супрацоўніцтва мы сталі сапраўднымі сябрамі. Вялікае задавальненне і гордасць выклікае тая павага, якую дзеячы культуры з розных куткоў свету выказваюць Рэспубліцы Беларусь. Прадстаўнікі міністэрстваў культуры, розных арганізацый падыходзілі да нашага міністра і паціскалі яму руку, выражаючы павагу і імкненне ўмацоўваць дачыненні ў сферы культуры. 

Форум у Санкт-Пецярбургу — гэта больш чым пасяджэнні і круглыя сталы. Гэта жывая камунікацыя, новыя знаёмствы, новыя гарызонты. Сутыкнуўшыся ў кулуарах з Эмірам Кустурыцам, я сказала рэжысёру, што ў Беларусі любяць і чакаюць яго, і творца абяцаў вярнуцца. Менавіта ў гэтым і заключаецца паняцце “культурная дыпламатыя”. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь надае вялікую ўвагу міжнароднаму культурнаму супрацоўніцтву, з кожным годам пашырае геаграфію і змест праектаў. Атмасфера форуму зарадзіла мяне станоўчымі эмоцыямі, якія захаваюцца ў памяці.