Якім павінен быць нацыянальны сувенір?

Апублiкавана: 26 верасня 2022 Стужка Музеі Мінск Традыцыя: стан, праблемы

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Якім павінен быць нацыянальны сувенір — такое пытанне нядаўна ўзняла “К”. Узрушаны развагамі старэйшага калегі Яўгена Рагіна, малады журналіст Данііл Шэйка вырашыў прыгледзецца да асартыменту і дапоўніць тэму сваімі назіраннямі.

У самым цэнтры сталіцы ля сцен ратушы стаяць шапікі з шыльдай “Сувеніры мінскіх майстроў”. Напэўна, не знойдзеш больш спрыяльнага месца для гандляроў памятнымі падарункамі. Нават суботняй раніцай — звычайна ў гэты час на гарадскіх вуліцах зацішша — сустракаю тут вялізную турыстычную групу з экскурсаводам і купкі самастойных вандроўнікаў. Ля кіёскаў хоць не пустынна, але пры мне ніводнага квітка не прабілі. Заводжу гутарку з патэнцыяльнымі пакупнікамі. Што шлюбная пара з Латвіі, што сям’я гамяльчан кажуць: кошты прымальныя, але тавары як паўсюль, не стае нечага арыгінальнага. Гляджу на паліцы — разумею, што і сам пашкадаваў бы грошай на такую пустую драбязу.

ЗНАК БЕЛАРУСКАСЦІ

Адказы на пытанне “Што лічыць сапраўды беларускім сувенірам?” вытворцы бяруць на паверхні. Паглядзіце на прылаўкі. Магніцікі ды талеркі, на якіх надрукаваныя ці наспех намаляваныя віды славутых мясцін, дзяржаўная сімволіка, валошкі, зубры, буслы, дранікі і вырваныя з цэльнага ўзору элементы арнаменту. Ці дастаткова наштампаваць на прадукцыі нейкую пазнавальную выяву, каб надаць сувеніру нацыянальны каларыт? Здаецца, фотаздымкі на магніціках не вялікай мастацкай вартасці, таму любы турыст можа паўтарыць кадр з дапамогай смартфона. Бясплатна. І ашчадны чалавек, хутчэй за ўсё, пойдзе з крамы ні з чым.

“Беларускасць” сувеніра, на маю думку, у большай ступені вызначае тэхніка, у якой ён зроблены. Тая ж выцінанка. Гэта мастацтва хоць і прыйшло з іншых краёў, у тутэйшай версіі ўзбагацілася адметнымі матывамі і прыёмамі, таму па праве стала візітоўкай айчыннай культуры. І не толькі выцінанкай багатыя. Зазірніце ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: шчэпавая птушка-абярэг, саламяныя павукі, мёрскія валёнкі, гарадоцкае ажурнае ткацтва, навагрудская выбіванка, валожынскія паясы-“тасёмкі”, бабруйскія ганчарныя вырабы… Не кожны госць даедзе ў глыбінку па незвычайныя рамесныя вырабы, але большасць дакладна завітае ў Верхні горад і менавіта там будзе шукаць сувенір.

Каштоўныя згаданыя рэчы не толькі каларытам. Па-першае, гэта не проста бірулькі, якія праз нейкі час ператворацца ў пылазборнікі. Нешта арганічна ўпішацца ў сучасны інтэр’ер ці дапоўніць строй (асабліва з улікам моды на этнаматывы і натуральныя матэрыялы), нешта паслужыць зручным прадметам побыту. Па-другое, усё названае можа быць выдатнай глебай для пераасэнсавання сучаснымі мастакамі. Але пра гэта крыху пазней. Патрэцяе, такая рэч у калекцыі замежніка — цудоўная нагода для свецкай размовы, а разам з тым бясплатная рэклама нашай краіны. Што зацікавіла б вас больш: дробная фатаграфія ў пластыкавым корпусе ці, скажам, незвычайны аксесуар у строі блізкага чалавека?

Любы прадмет з прыведзенага спіса не проста памета “я быў тут”. Гэта прынцыпова іншы ўзровень знаёмства з беларускай культурай. Чаму абраны менавіта гэты матэрыял, як карысталіся прадметам у ранейшыя часы, якую сімволіку маюць колеры і іншыя элементы аздаблення, хто і дзе ў нашы дні працягвае традыцыю? Адзін сувенір раскажа і аб прыродных багаццях, кліматычных умовах краю, і аб гісторыі, і аб справах сучасных творцаў. Але тут не абысціся без дасведчанага кансультанта, які хоць у агульных рысах уяўляе працу рамеснікаў, без даступнай інфармацыі на шыльдах і этыкетках. Можа, гэта і ўтапічная карцінка для эпохі шоу і коміксавай культуры.

КАРНАВАЛ НА КРЫВІ І КАСЦЯХ

Што яшчэ здзівіла ў мінскіх сувенірных кіёсках — прылаўкі поўняцца матрошкамі. Хоць каранямі гэта цацка сягае ў японскую гісторыю, сёння яна ва ўсім свеце ўспрымаецца як сімвал рускай культуры. Вядома, і ёй ёсць месца ў беларускіх крамах. Толькі паўстае пытанне, як з такімі сувенірамі засведчыць сваю самабытнасць у вачах замежніка? Якімі б ні былі блізкімі нашы краіны, прасоўваць варта ўласныя скарбы. То зразумелы закон для прадпрымальніка. Ёсць такое паняцце — тэрытарыяльная ідэнтычнасць. Даследчыкі кажуць, што яна наўпрост звязаная з унікальнымі характарыстыкамі месца, з якіх вынікае яго асаблівы дух. І адзначаюць, што яна аказвае моцны уплыў на патэнцыйных інвестараў і турыстаў.

ЗДЗЕКЛІВЫ ЖАРТ

Збянтэжылі ў кіёсках таксама цяльняшкі, чырвонаармейскія пілоткі, значкі “Выдатнік Савецкай Арміі” ды іншыя вайсковыя атрыбуты. Ці можна назваць пераапрананне ў форму мінулых часоў шанаваннем гераічных продкаў? Наўрад ці. Хутчэй бяздумным карнавалам, калі вы не акцёр ці ўдзельнік клуба гістарычнай рэканструкцыі. А шапкі-вушанкі з кукардай савецкай арміі, пафарбаваныя ў жоўты, ярка-зялёны і ружовы, выглядаюць як недарэчны здзеклівы жарт. Ды і зроблена не ў Беларусі. На этыкетцы пазначана месца вытворчасці — Кіславодск.

У нас хапае выдатных майстроў і невялічкіх крам, куды заўсёды прыемна завітаць, нібы ў музей. Але не кожны з мясцовых здагадваецца пра іх існаванне, што казаць пра турыстаў. Яны збольшага купляюць тое, што навідавоку. Сапраўдныя ж скарбы застаюцца схаванымі.

КРАМА ЯК МУЗЕЙ

Нашы майстры даказалі: узоры традыцыйнага мастацтва могуць быць не толькі музейным экспанатам. Ва ўмелых і клапатлівых руках яны набываюць другое жыццё. Да прыкладу, згаданая ўжо выцінанка аздабляе калекцыі наручных гадзіннікаў. Ёсць у нашай краіне малады брэнд выкшталцоных жаночых упрыгажэнняў. Прапануе саламяныя падвескі і завушніцы, якія ўяўляюць сабой латунныя рэплікі славутых абярэгаўпавукоў.

Сапраўды, у нас хапае выдатных майстроў і невялічкіх крам, куды заўсёды прыемна завітаць, нібы ў музей. Маю ўласны спіс, дзе знайсці аўтарскі керамічны посуд, куды зазірнуць па прывабныя паштоўкі ці па тыражную графіку маладых мастакоў (усяго 30 рублёў — і работы будучай зоркі ў вашай калекцыі). Але крамкі гэтыя раскіданыя па розных мінскіх кутках, і не кожны з мясцовых здагадваецца пра іх існаванне, што казаць пра турыстаў. Яны збольшага купляюць тое, што навідавоку. Сапраўдныя ж скарбы застаюцца схаванымі.

ГЭТА ТРЭБА НАМ!

Бачацца два варыянты рашэння. Першы — пад патранатам дзяржаўных органаў стварыць прадстаўнічыя крамы ў найбольш папулярных турыстычных месцах. І над напаўненнем мусяць працаваць дасведчаныя куратары з вытанчаным густам, здольныя сабраць і прэзентаваць пакупніку найкаштоўнейшае з усёй краіны. Найперш узоры тых традыцыйных мастацкіх практык, якія атрымалі статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Пагадзіцеся, да гэтай справы варта ставіцца так жа адказна і акуратна, як да фарміравання музейнай калекцыі. Выдатна было б па выніках шматлікіх конкурсаў сярод народных майстроў і дамоў рамёстваў заключаць дамовы з пераможцамі на вытворчасць буйных партый сувеніраў, прадаваць творы не толькі ў раённых установах ці абласных метадычных цэнтрах, але і ў самых людных месцах сталіцы.

Другі варыянт — стварыць гід па гандлёвых пунктах для турыстаў, якія дакладна ведаюць, што хочуць прывезці з Беларусі на памяць. Так калекцыянер аўтарскага посуду без прыгод знойдзе той самы сподачак ці цэлы сервіз, а прыхільнік выяўленчага мастацтва з лёгкасцю адшукае альбомы беларускіх творцаў. Але справа не пойдзе, пакуль гаспадары не ўсвядомяць канчаткова: гэта трэба нам, каб сюды прыязджалі і каб тут куплялі.

Данііл ШЭЙКА