Мы ­веда­ем. Мы па­мя­та­ем. Мы ша­ну­ем

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гомельскі абласны драматычны тэатр” рэалізуе адмысловую відэапраграму ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праект “Мы ведаем. Мы памятаем. Мы шануем!” складаецца з твораў, прысвечаных подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Акцёры розных пакаленняў тэатра запісваюць вершы, прозу, песні і ўрыўкі са спектакляў, якія распавядаюць гісторыю, прасякнутую вялікім гераізмам і трагізмам. 

ІНІЦЫЯТЫВА ЗНІЗУ 

Як паведаміў кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Уладзімір Ступінскі, ініцыятыва па стварэнні гэтай праграмы зыходзіць менавіта ад акцёраў тэатра. Кожны з іх мае свой досвед, звязаны з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, свае напрацоўкі ў рэпертуары. Рэжысёр Дзмітрый Байкоў каардынуе стварэнне відэаматэрыялаў і збірае іх разам, каб зрабіць цэльны значны фільм. 

 “Не пакідай мяне, любы...” (Раманс са спектакля "Не пакідай мяне" А. Дударава) 

Творчая моладзь і прызнаныя майстры сцэны, аб’яднаныя імкненнем захаваць памяць пра подзвіг продкаў, актыўна ўдзельнічаюць у праекце. Больш за 30 членаў калектыву Гомельскага аблдрамтэатра рупяцца, каб перадаць гледачу з дапамогай сучасных сродкаў распаўсюджвання кантэнту разнастайнасць і глыбіню пачуццяў, звязаных з вайной. 

НА ІНТЭРНЭТ-ПЛЯЦОЎКАХ 

На працягу месяца відэаролікі будуць размяшчаюцца на афіцыйным сайце ўстановы і ў групах сацыяльных сетак. А 26 лістапада, у дзень вызвалення Гомеля, на інтэрнэт-рэсурсах тэатра прэзентуюць фільм, складзены з гэтых фрагментаў. Таксама матэрыялы праграмы і стужка цалкам будуць транслявацца на YouTube-канале тэатра. 

Рэжысёрам праекта выступае Дзмітрый Байкоў, малады акцёр і рэжысёр тэатра. За відэаздымку і мантаж адказвае Аляксей Муславец. Таленавітыя творчыя асобы натхнёна працуюць у звязку, каб перадаць глыбокі сэнс і эмацыйную сілу твораў, прысвечаных вялікаму подзвігу савецкага народа. 

Сярод ролікаў, якія тэатр ужо выклаў у YouTube, — верш Якуба Коласа “Дзяўчыне” ў выкананні Дзмітрыя Байкова і “Балада пра маленькага чалавека” Роберта Раждзественскага, якую чытае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Фейгін. Ёсць сцэны са спектакляў паводле аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада” і п’есы Аляксея Дударава “Не пакідай мяне”. Вакальныя нумары рэалізаваны акцёрамі Аляксеем Бычковым, Гіоргі Чантурыя, Таццянай Кандраценка, Ліліяй Госцевай, Аляксандрай Бычковай, Кацярынай Уладзіміравай. 

АКУРАТ НА СВЯТА 

Акрамя інтэрнэт-праекта, Гомельскі абласны драматычны тэатр плануе прадставіць 26 лістапада спектакль “Нябесны ціхаход” паводле п’есы Аляксея Якаўлева і Вячаслава Вярбіна “Я люблю цябе, эскадрылля”. Лірычная камедыя, па матывах якой у свой час быў зняты папулярны савецкі кінафільм, стане добрым падарункам жыхарам Гомеля да дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

ДАРЭЧЫ 

Адкрыццё Гомельскага тэатра адбылося 20 снежня 1939 года прэм’ерай спектакля “Рэвізор” па п’есе Мікалая Гогаля, сустрэтай публікай з захапленнем. Рэпертуар уключаў рускую класіку і п’есы маладых савецкіх драматургаў. Вестка пра пачатак вайны заспела тэатр на гастролях у Бабруйску. Трупа вярнулася ў Гомель, некаторыя акцёры адразу сышлі на фронт, а дырэктар тэатра С. Шчуцкі стаў камісарам Гомельскага палка народнага апалчэння. 

У Гомелі была створана эстрадна-тэатральная брыгада для мастацкага абслугоўвання частак дзеючай Чырвонай арміі. За час вайны брыгада дала больш за дзве з паловай тысячы канцэртаў. Артысты выступалі перад байцамі з папулярнымі эстраднымі канцэртнымі нумарамі і паказвалі спектакль па п’есе Канстанціна Сіманава “Рускія людзі”. Аб гэтай славутай брыгадзе Сяргей Астравумаў напісаў кнігу “Асаблівае падраздзяленне”. 

Віктар ГАЎРЫШ