Гастролі “Каляда-Тэатра”

Апублiкавана: 07 снежня 2023 Нам пішуць Тэатры Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

На падмостках Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра адзначыў Дзень нараджэння гастролямі Мікалай Каляда, вядомы расійскі драматург, акцёр, тэатральны рэжысёр, празаік, сцэнарыст, Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, лаўрэат Міжнароднай прэміі імя К.С. Станіслаўскага, стваральнік і мастацкі кіраўнік “Каляда-тэатра”.

– У свой дзень народзінаў, 4 снежня, я атрымаў дакументы так званага некамерцыйнага партнёрства “Каляда-Тэатр”. Маніі велічы ў мяне няма, але я вырашыў назваць свой тэатр менавіта так – быў паганскі бог Каляда, калядная песня завецца калядкай. Мне хочацца, каб у гэтым тэатры было пастаяннае свята для гледача, а для акцёраў – радасць, жыццё. Я паабяцаў сам сабе, што разаб’юся, але гэта будзе найлепшы тэатр у горадзе! У яго будзе свая трупа, штат і зала месцаў на 100-120, –  кажа Мікалай Каляда.

Першым спектаклем Мікалая Каляды ў статусе дырэктара і мастацкага кіраўніка свайго тэатра быў спектакль “Персідскі бэз” на сцэне Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра драмы. На сённяшні дзень рэпертуар “Каляда-тэатра” налічвае больш за 80 пастановак. Усе яны “афарбаваны” яркім і самабытным аўтарскім стылем Мікалая Каляды.

У Магілёве з 4 па 6 снежня “Каляда-тэатр” прадставілі адны з лепшых пастановак:

“Фальшывы купон”, драма ў дзвюх дзеях па матывах аднайменнай аповесці Л.Н. Талстога. Героі гэтай гісторыі, праходзячы праз неверагодныя пакуты ў пошуках праўды і Бога, разумеюць важныя і сур'ёзныя рэчы ў сабе і ў жыцці. У спектаклі шмат рускіх песень – сумных і вясёлых. І танцы рускія, якія, хутчэй, не танцы, а “басанож па падпаленым вуголлі”.

Як і ў іншых пастаноўках класічных твораў, у спектаклі “Маскарад” па драме М. Лермантава, “Каляда-Тэатр“ спрабуе знайсці новую тэатральную мову, сцерці пазалоту з “зацалаваных да смерці” аўтараў, прапанаваць сучасную версію гэтай запатрабаванай п'есы.

На сцэне ствараецца нейкі мастацкі свет, дзе касцюмы, дэкарацыя, музыка – па-за часам. Гэта адзін з самых прыгожых спектакляў у рэпертуары тэатра.

Сцэны з рускага жыцця па рамане Л. Талстога “Ганна Карэніна” у кожнага гледача, напэўна, выклічуць пытанне: традыцыйны спектакль ён убачыць ці сучасны, авангардны? Мікалай Каляда прыдумляе мастацкі свет, малюе з акцёрамі сцэны рускага жыцця, якія, здавалася б, даўно ў мінулым, але прыгледзься: усё такое сённяшняе.