Навальніца ў басейне з русалкай і ракам

Апублiкавана: 29 лiстапада 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Беларускі дзяржаўны тэатр юнага гледача, узяўшы ўпэўнены курс на творы школьнай праграмы, гэтым разам прадставіў “Навальніцу” А. Астроўскага. Прэм’ера, пазначаная ўзроставым цэнзам 12+, прыпала на Тыдзень бацькоўскай любові: першыя два паказы прайшлі 16 і 17 кастрычніка. Зала з безліччу прыстаўных крэслаў была запоўнена цалкам — пераважна падлеткамі, добры адсотак якіх складалі сувораўцы.

Хрэстаматыйныя творы больш за іншыя падвяргаюцца пераробкам, часам даволі кардынальным. Не стаў выключэннем і цяперашні спектакль, ахарактарызаваны як “фантазія паводле”. Малады рэжысёр Таццяна Самбук імкнулася наблізіць п’есу да сучаснай моладзі, таму пакінула толькі “магістральную” лінію: муж паехаў у камандзіроўку, а жонка, маўляў... З’яўляецца нават адсутная ў п’есе сцэна, у якой муж застае жонку з палюбоўнікам і, незаўважаны, з нямым крыкам і чамаданам у руках кружыць-лётае вакол. Пры такім раскладзе шмат увагі надаецца Барысу (Дзмітрый Клімовіч), што аказваецца ледзь не цэнтральным персанажам. Менавіта з яго пачынаецца дзея — з яго марнавання часу на пляжы. 

Зніклі такія далёка не другасныя героі, як вынаходнік Кулігін, праз якога трансліруюцца найбольш прагрэсіўныя аўтарскія думкі, Кудраш, што разам з Варварай утварае альтэрнатыўную закаханую пару — з куды больш лёгкім стаўленнем да жыцця і чалавечых адносін. Затое дадаліся новыя: русалка з рухомым хвастом, аблічча якой прымае Варвара (Маргарыта Кісялітэ ці ў іншым складзе Настасся Крыштаповіч), рак з тварам Ціхана (Мікіта Клютко ці Улад Вінаградаў) і вялізнай клюшняй, падобнай да баксёрскай пальчаткі. Ды і Кабаніха (Вольга Сініца ці Наталля Халадовіч), дэманструючы найвышэйшую ступень хатняй тыраніі, у пэўны момант набывае насычана зялёную спадніцу, якая рэзка кантрастуе з агульнай чорна-белай палітрай. Праз гэта персанаж быццам ператвараецца ў жабу. Ну а Дзікой (Іван Ушакевіч ці Андрэй Дабравольскі) бліжэй да фіналу становіцца аквалангістам. Вар’яцтва? Але з сімволікай. Русалка — спакусніца, што зацягвае ў вір: менавіта Варвара падае Кацярыне ідэю здрадзіць мужу. А рак, як вядома, ні рыба ні мяса — акурат такі характар у Ціхана. Сімвалізмам прасякнута ўсё, пачынаючы з першай сямейнай мізансцэны: Кабаніха сядзіць на самым высокім крэсле, Варвара — на ніжэйшым, Ціхан — на яшчэ ніжэйшым, а Кацярына (Дар’я Бранкевіч-Сіпіна ці Кацярына Крылова) — увогуле на падлозе на падагнутых нагах. 

Кацярына вылучаецца сярод астатніх не святлом душы, а поўнай безабароннасцю і дакучлівым пачуццём віны, нават пасля ўсіх зняваг працягвае валяцца ў нагах не толькі прыгнятальнікаў, але і каханага, адчувае сябе вінаватай за ўсё ў свеце. Рэжысёр надзяляе гераіню гідрафобіяй (сэнс гэтага слова тлумачыцца ў цітрах, каб школьнікі ўсё зразумелі). Менавіта бояззю вады, а не імкненнем на волю тлумачыцца жаданне персанажа лётаць, як птушкі. Знакамітая фінальная фраза Кулігіна пра Кацярыніны цела і душу гучыць з вуснаў дзівакаватай, напаўзвар’яцелай вандроўніцы-багамолкі (Ларыса Горцава ці Вера Кавалерава), што ўспрымаецца як своеасаблівы двайнік гераіні. Міжволі ўзнікае думка: калі б Кацярына, якой мы бачым яе ў спектаклі, не памерла, яна страціла б розум. 

У музыку расійскага кампазітара Дар’і Гарбузняк свядома закладзена эклектыка: у запісе Прэзідэнцкага аркестра Беларусі ёсць і джаз, і прыпеўкі. Большасць персанажаў мае сольныя песні — чым не традыцыйныя маналогі? На гармоніку будуць граць Ціхан, потым Дзікой. А гукавым лейтматывам застануцца трывожны гул і грымоты. У якасці візуальнага лейтматыву выступае практычна скразны зварот да прыёмаў кіна- і тэлемастацтва. І справа далёка не толькі ў праекцыі воднай рабізны на невялікім даўгаватым экране-акенцы, але і ў мантажнасці драматургіі (паваротная сцэна дазваляе хутка змяняць лакацыі), наяўнасці цітраў. Імі суправаджаецца першае з’яўленне кожнага з герояў, каб гледачы зразумелі, хто ёсць хто. Даюцца каментарыі, да прыкладу: “Празмернае спажыванне алкаголю шкодзіць здароўю”. Фінальныя ж цітры ўтрымліваюць імёны пастаноўшчыкаў і выканаўцаў. 

Цемната “царства” падкрэслена панаваннем чорнага, сувяззю з кінажанрам нуар. Душыць-тапіць Кацярыну пачынае Кабаніха — як у жорсткіх бандыцкіх серыялах, перадаючы эстафету сыну: клюшняй прыціскаць прасцей. Прыкметамі эстэтыкі апошніх дзесяцігоддзяў становіцца выкарыстанне драўляных пабудоў і вады (мастак — Ларыса Рулёва): ёсць і басейн глыбінёй у пяць-сем сантыметраў, і дождж, што льецца на герояў у сцэне спаткання. 

Спектакль знаёміць школьнікаў з сучасным тэатрам, у якім п’еса не догма, а толькі аснова для рэжысёрскіх фантазій. Пастаноўка дае цудоўную магчымасць параўнаць убачанае з арыгінальным тэкстам, каб надалей абмяркоўваць уражанні на занятках і ў пазавучэбны час. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА