Аўдыяатлас як захаванне культуры

Апублiкавана: 10 снежня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Гэта буйны навуковы цэнтр. Тут актыўна вядзецца даследчая праца, арганізуюцца міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі, умацоўваюцца і развіваюцца сувязі паміж айчыннымі і замежнымі адмыслоўцамі… Чым яшчэ славіцца Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, расказала прарэктар па навуковай рабоце Нэлі Мацаберыдзэ.

— Нэлі Вячаславаўна, чаго ўдалося дасягнуць у навуковым аспекце? 

— Калі казаць коратка, то мы развіваемся дынамічна. Нагадаю, што акадэмія (да 1992 года — Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя А.В. Луначарскага) — найстарэйшая ўстанова адукацыі ў сферы культуры, заснаваная ў 1932-м і адзіная ў краіне вышэйшая навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне акадэмічнай музычнай адукацыі. Сёння кафедрамі актыўна ажыццяўляюцца даследаванні і распрацоўкі ў галіне прафесійнага музычнага мастацтва і адукацыі, што накіраваны на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці музычнай сферы Беларусі. Вынікам такой працы становяцца публікацыі артыкулаў, нотных выданняў, складанне зборнікаў, напісанне манаграфій, выступленні на навуковых канферэнцыях і многае іншае. 

— Вы згадалі пра канферэнцыі. Раскажыце пра самыя адметныя. 

— Знакавыя, якія ладзяцца цягам года, у нас дзве. Першая, звязаная з імем выбітнага музыколага Лідзіі Мухарынскай, праводзіцца ў красавіку. Другая пройдзе з 21 па 24 лістапада. Гэта будзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларускі і сусветны музычны тэатр: мінулае, сучаснасць, перспектывы (да 90-годдзя Вялікага тэатра Беларусі і 110-годдзя з дня нараджэння А.В. Багатырова)”. Запланаваны пасяджэнні, круглы стол, лекцыі вядучых вучоных, майстар-класы дзеячаў культуры і мастацтва, прэзентацыі новых выданняў. Запрашаем і “Культуру”! 

— Дзякуй! А хто заўсёднікі такіх мерапрыемстваў? 

— Кола ўдзельнікаў вельмі шырокае. Гэта i нашы партнёры з замежных краін, і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі Беларусі, якія ў тым ліку прадстаўляюць нашу рэгіянальную навуковую грамадскасць. Абмен думкамі падчас навуковых канферэнцый дапамагае адшукваць шляхі супрацоўніцтва і пэўныя падыходы, напрыклад, у рабоце з таленавітай і адоранай моладдзю. Плён даследаванняў мы друкуем на старонках часопісаў “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” і “Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” (у шасці серыях). Яны зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь у якасці навуковых выданняў для апублікавання вынікаў навуковых і дысертацыйных даследаванняў. Штогод выходзяць два нумары часопіса і тры-чатыры зборнікі навуковых прац, дзе абавязкова размяшчаюцца артыкулы ўдзельнікаў нашых канферэнцый і вынікі распрацовак. 

— Напэўна, таксама выдаяце і манаграфіі? 

— Напачатку хачу адзначыць, што ўвогуле выдавецкая дзейнасць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ажыццяўляецца з 1989-га. І толькі за пяць апошніх гадоў было выдадзена 14 манаграфій, 20 зборнікаў артыкулаў, 28 навучальных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 10 нумароў часопіса “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”, 21 нотнае выданне. З апошніх знакавых — клавір оперы Яўгена Глебава “Майстар і Маргарыта”, энцыклапедычны даведнік “Беларуская дзяржаўная кансерваторыя— Акадэмія музыкі: Гісторыя ў асобах (1932—2017)”, “Кнігі і людзі: каталог кніжных знакаў з фонду нотна-навуковай бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — Акадэміі музыкі”. Сёлета рыхтуецца пабачыць свет 10 сімфонія Алега Хадоскі. Упэўнена, яна зойме годнае месца ў чарадзе выданняў выбітных кампазітараў сучаснасці. 

— Ці ёсць сумесныя праекты з замежнымі калегамі? 

— На сёння ў нас падпісаны каля 90 дамоў аб двухбаковым супрацоўніцтве з рознымі міжнароднымі арганізацыямі. У апошні год вельмі паспяхова дзейнічаем з краінамі СНД. Заключаны дамовы з установамі Казахстана, Узбекістана, Кыгрызстана і, вядома, шмат з рознымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Што да сумесных праектаў, то, напрыклад, у верасні мы сталі суарганізатарамі VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мастацтвазнаўства: навука, вопыт, асвета”, якая адбылася ў Дзяржаўным інстытуце мастацтвазнаўства (Масква, Расія). Там жа 2—3 лістапада прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Роля савецкіх музычных дзеячаў у фарміраванні нацыянальных кампазітарскіх і выканальніцкіх школ краін СНД”. Навуковы форум з’яўляецца сумесным міжнародным праектам Дзяржаўнага інстытута мастацтвазнаўства, Казахскай нацыянальнай кансерваторыі імя Курмангазы (Алма-Ата, Казахстан) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Налета плануем распрацоўку сумеснай навуковай тэмы з Новасібірскай дзяржаўнай кансерваторыяй імя М.I. Глінкі. 

Перыядычныя навуковыя выданні Акадэміі музыкі

— Раскажыце, калі ласка, пра грантавую падтрымку. 

— Гэта вельмі важная для нас частка працы, паколькі накіраваная на папулярызацыю дасягненняў беларускага музычнага мастацтва і творчасці таленавітай моладзі, а таксама рэалізацыю інавацыйных ідэй нашых выкладчыкаў. І за апошнія шэсць гадоў мы атрымалі гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў культуры на шэсць нашых распрацовак. Сярод іх — на рэалізацыю музычнага праекта “Вобразы вайны і міру ў творчасці беларускіх кампазітараў” (старшы выкладчык кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі Максім Расоха), а таксама цыкла канцэртаў струннага квартэту Акадэміі музыкі “Струнныя квартэты Беларусі. Старонкі гісторыі” (дацэнт кафедры струнных смычковых інструментаў Кацярына Пукст). Ёсць задумкі, прапановы і на 2024 год. 

— А прыклады ўдзелу ў праектах студэнтаў? 

— Тут у першую чаргу згадаю “Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі” — нашу ўнікальную серыю навукова анатаваных кампакт-дыскаў, створаных з ініцыятывы супрацоўнікаў кабінета традыцыйных музычных культур. Дзякуючы выданню мы можам прэзентаваць вынікі сваіх экспедыцыйна-палявых даследаванняў у выглядзе навукова каменціраваных аўдыяфіксацый, дэманстраваць унікальныя матэрыялы фондаў этнамузыкі акадэміі і ўводзіць ў навуковую ды адукацыйную прастору аўтарскія распрацоўкі, выкананыя ў рэчышчы актуальных напрамкаў сучаснай этнамузыкалогіі. А студэнты працягваюць папаўняць палявыя музычныя запісы, да сёння выязджаючы на практыку ў розныя рэгіёны Беларусі. 

— Дарэчы, як з імі ладзіце працу? 

— Значную ролю ў гэтым плане адыгрывае створаны ў 2021-м навукова-адукацыйна-творчы кластар у галіне прафесійнай музычнай адукацыі і Савет па пытаннях прафесійнай музычнай адукацыі, куды ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, кіраўнікі шэрагу буйных устаноў культуры краіны (арганізацыі — заказчыкі кадраў), а таксама дырэктары каледжаў і школ мастацтваў. Дзякуючы кластару мы падтрымліваем цесныя сувязі з рэгіянальнымі каледжамі, з дзіцячымі школамі музыкі, наведваем установы адукацыі і маем магчымасць сачыць за таленавітымі дзецьмі з усёй Беларусі. А Савет — пляцоўка для абмеркавання розных праблем сферы музычнай адукацыі, у тым ліку падрыхтоўкі спецыялістаў, размеркавання i гэтак далей. 

— Поспехаў у вашай грунтоўнай справе і дзякуй за гутарку! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота аўтара і з архіва Акадэміі музыкі