Сэрца просіць

Апублiкавана: 28 верасня 2022 Нам пішуць Народная творчасць Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

Рассякаючы летняй парой басаногім дзецюком абшары вёскі Перасудавічы, у якой я нарадзіўся, ніколі не думаў, што мясцовыя слоўцы тыпу “ровер”, “вентэр”, “свынні” разам з сялянскім побытам так глыбока западуць мне ў душу.

І ўжо даўно няма бабулі і дзядулі, але так цягне на малую радзіму — у чарговы раз акунуцца ў тую атмасферу: убачыць, памацаць, успомніць. Такія ж эмоцыі я адчуў, наведваючы этнаграфічныя музеі ў вёсцы Вайцяшын і ў аграгарадку Спорава Бярозаўскага раёна.

Гісторыя грамадскага музея этнаграфіі і сялянскага побыту пры Вайцяшынскай сельскай бібліятэцы — гэта гісторыя жыцця Лідзіі Іванаўны Рудзьман, якая прыйшла працаваць бібліятэкарам у далёкім 1982 годзе і стаяла ля вытокаў аднаго з першых этнаграфічных музеяў на Брэстчыне. Яе ініцыятыва, памножаная на падтрымку сельгаспрадпрыемства і раённых улад, зрабіла сваю справу. Спачатку ўсё збіралі па мясцовых падворках. А цяпер музейныя фонды ўстановы налічваюць звыш 1000 экспанатаў, размешчаных у трох экспазіцыйных залах: “Побыт і этнаграфія”, “Мінулае і сучаснасць”, “Народная творчасць”.

Ёсць і сапраўдныя артэфакты этнасу: унікальныя шалі эпохі дынастыі Пуслоўскіх, а таксама “чаравікі-румынкі”, якім больш за 100 гадоў і ў якіх дагэтуль танцуюць мясцовыя артысты.

Але галоўнае — музей развіваецца. Цяпер тут ідзе стварэнне рэканструкцыі сялянскага двара пад адкрытым небам з трыма асноўнымі зонамі. Першая — месца для прыёму сялянскай трапезы, а ў далейшым — для дэгустацыі старабеларускай нацыянальнай кухні з прадуктаў сельскіх падворкаў. Другая — пляцоўка для забаў і гульняў: хадзьба на хадулях, язда на тачанцы. Трэцяя — экспазіцыйная зона з прыладамі і машынамі па апрацоўцы зямлі, вырошчванні і доглядзе раслін, утрыманні жывёлы.

Спорава таксама мае сваю “музейную маці”. Гэта Валянціна Міхайлаўна Лютыч. Яна прыйшла з прапановай у Цэнтр культуры і вольнага часу і там знайшла падтрымку. Пры стварэнні музея мясцовыя жыхары працавалі разам і зладжана. Вялікі пласт работы на сябе ўзяла яшчэ адна жыхарка Спорава Марыя Пракурат, цяпер яна галоўны спецыяліст па афармленні музея.

Нялёгка далася ініцыятыва. Але ж сёлета, 30 чэрвеня, адбылося адкрыццё эколага-этнаграфічнага музея-цэнтра народнай творчасці “Спораўскія кветкі” і прэзентацыя кнігі “Таямніцы спораўскіх ваколіц”, аўтар якой Валянціна Лютыч.

Сёння ў фондзе музея больш за 1000 экспанатаў. Сярод іх — унікальныя аўтарскія работы спораўскіх майстрых-рукадзельніц: вышытыя мулінэ малюнкі-карціны прыроды, мясцовых раслін і кветак на ручніках, прасцінах, навалачках, падузорніках, фіранках, сурвэтках, хустках і адзенні. Жыццё сярод балот было цяжкім і суровым, таму спараўчанкі выбіралі яркія колеры і прыгожыя кветкі, якія радавалі душу і вока, дарылі добры настрой.

Пасля адкрыцця музея пачаўся вялікі наплыў турыстычных груп. Акрамя экскурсіі, наведвальнікам прапануецца папрацаваць на ткацкім станку, якому ўжо больш за 50 гадоў, станцаваць польку “спораўскую”, пачаставацца рыбай, сушанай у печы на саломе, выпіць кубачак гарбаты з траў з мясцовых балотаў у прыкуску са спораўскім мёдам.

Загадчык Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Пашкевіч упэўнена, што веданне гісторыі роднай зямлі будзе спрыяць зацікаўленасці спараўцоў у захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны, у росквіце таго кутка зямлі, адкуль пайшлі іх карані.

Аляксей ХАВАНСКІ

Мінск — Вайцяшын — Спорава — Мінск

Фота Дзмітрыя МУЗЫКІ