Пад крыламі Случанскага Пегаса

Сёння ў Слуцку адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года”. Мерапрыемства пачнецца з каляднага кірмашу, дзе размешчаны святочна аформленыя домікі з пачастункамі і тэматычныя фотазоны. Таксама жыхароў і гасцей горада чакае канцэртная праграма аматарскіх калектываў мастацкай творчасці раёна. 

У Слуцкім гарадскім Доме культуры будзе арганізавана работа выставачных і інтэрактыўных пляцовак, фотазоны. Там жа, у вялікай зале, адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі з удзелам кіраўніцтва Міністэрства культуры і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. 

У рамках цырымоніі пройдзе перадача сімвала культурнай сталіцы на 2024 год ад старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта прадстаўнікам Бялыніцкага рэгіёна. Пасля адбудзецца святочны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады, аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Міншчыны і Магілёўшчыны. 

— У адпаведнасці з зацверджанай Мінаблвыканкамам праграмай культурных мерапрыемстваў у горадзе Слуцку ў рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” за 2023 год прайшло больш за 100 канцэртаў, выстаў, фестываляў, конкурсаў, спектакляў, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Рахманава. — Таксама адбыліся выступленні вядучых выканаўцаў і калектываў Рэспублікі Беларусь, эстраднацыркавыя паказы, літаратурныя сустрэчы, шоу-праграмы і многае іншае. Гэтыя мерапрыемствы за 11 месяцаў наведала больш за 200 тысяч чалавек. 

Сярод многіх варта вылучыць творчыя сустрэчы “Каляд цудоўныя імгненні”, якія адбыліся ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, і фінал нацыянальнага адбору на вакальныя конкурсы XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Да Дня жанчын Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Музычная капэла «Санорус» Мінскай вобласці” прадставіў у Слуцку канцэртную праграму “Музыка вясны”. А да 1035-годдзя Хрышчэння Русі прайшлі духоўна-асветніцкія мерапрыемствы “Радасць Слова” ў рамках праекта “Дабравест”. 

Незабыўныя эмоцыі жыхарам Слуцка і гасцям горада падарыў XXIX Адкрыты фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”. У ім удзельнічалі духавыя аркестры не толькі з Мінскай, але і з іншых абласцей краіны. Яго фінальнай яркай кропкай стаў канцэрт зводнага аркестра ўдзельнікаў. 

Абласны фестываль разьбы па дрэве “Сонечная цеплыня дрэва” падарыў Слуцку восем шэдэўраў, аб’яднаных тэмай “Традыцыйныя рамёствы як абярэг жыцця чалавека”. Яны ўпрыгожылі тэрыторыю гарадскога Цэнтра традыцыйнай культуры. 

Да Сусветнага дня паэзіі прымеркавалі юбілейны трыб’ют “Зямля мая пад не бам сінявокім...” у гонар 50-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы Ганны Міклашэвіч, члена грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. У прэзентацыі навукова-папулярнага выдання Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур “Народны тэатр: шлях да сцэны” да 140-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Галубка і да Міжнароднага дня тэатра ў Слуцку адбыліся “Тэатральныя скрыжаванні” з удзелам тэатральных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці. 

Свята народных рамёстваў “Слуцкія паясы” парадавала як новай традыцыяй калектыўнага ткацтва пояса-рэкардсмена, так і плённай навукова-практычнай канферэнцыяй “Народнае мастацтва і традыцыйныя мастацкія рамёствы. Досвед актуалізацыі ў сучасным грамадстве”. Пленэр “Пад крыламі Случанскага Пегаса” аб’яднаў мясцовых мастакоў і зрабіў сур’ёзную заяўку на прыцягненне майстроў пэндзля з іншых рэгіёнаў краіны. 

Мы згадалі толькі некаторыя са шматлікіх падзей, якія сталі яркімі складнікамі творчай атмасферы 2023 года ў Слуцку — Культурнай сталіцы Беларусі адыходзячага года. 

Віктар ГАЎРЫШ