Ад­экват­ная пад­ача фак­таў

Апублiкавана: 16 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Круглы стол

Аўтар: РУДАК Антон

У прэс-клубе “Культура і мастацтва” адбылася відэаканферэнцыя-практыкум, прысвечаная адлюстраванню генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў экспазіцыях устаноў культуры і школьных музеях.

Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч адзначыла, што ў 2022 годзе музеі ўсёй краіны адкрылі экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа. У 2023-м, напярэдадні 80-годдзя вызвалення краіны ад нацыстаў, гэтую тэму пачалі шырока асвятляць бібліятэкі і клубы, а таксама ўстановы адукацыі. Каб падзеі генацыду адлюстроўваліся дакладна і адэкватна, Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны даручылі распрацаваць адпаведныя метадычныя рэкамендацыі. У іх будуць ахарактарызаваны напрамкі, на якія неабходна арыентавацца пры падрыхтоўцы выстаў і мерапрыемстваў. 

ДЗЕ ШУКАЦЬ?

Гаворачы аб метадычных рэкамендацыях па фарміраванні экспазіцый пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, старшы пракурор упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Міхаіл Дайнека згадаў крыніцы і аб’екты, якія могуць быць прадстаўлены. Гэтыя дакументы і прадметы можна атрымаць у раённых і аб’яднаных міжраённых ваенных камісарыятах — як, напрыклад, артэфакты, выяўленыя падчас пошукаў, што праводзяцца на месцах воінскіх пахаванняў або на месцах знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва. 

У архівах даступныя як рукапісныя, друкаваныя, так і фота-, відэа- ці фонадакументы. У першую чаргу гэта крыніцы, якія датычацца акупанцкіх злачынстваў і нанесенага фашыстамі ўрону, зафіксаваных падчас работы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што дзейнічала ў 1944—1946 гадах. На згаданых носьбітах адлюстравана колькасць асоб, знішчаных або загнаных у няволю, а таксама сума прычыненай гітлераўцамі шкоды. Акрамя таго, каштоўнымі крыніцамі стануць дакументы партызанскіх злучэнняў і ўспаміны партызан, ваеннапалонных, былых вязняў нацызму. Яшчэ ў экспазіцыях можна выкарыстоўваць аўдыя- і відэазапісы з паказаннямі відавочцаў, дапытаных у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

ДАСТУПНЫЯ СВЕДЧАННІ 

Па ўзгадненні з супрацоўнікамі абласных пракуратур, якія курыруюць крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа, можна ўзяць матэрыялы, сабраныя падчас расследавання, а таксама прадметы з раскопак у яго межах. Асноўныя напрамкі расследавання — удакладненне звестак пра часткова або цалкам знішчаныя населеныя пункты і іх жыхароў, пра колькасць лагераў смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі акупаванай Беларусі, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, пра абставіны і лакацыі карных акцый; устанаўленне раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва; арганізацыя і правядзенне пошукавых работ на такіх пляцоўках і ўвекавечанне раней невядомых пахаванняў ахвяр. 

Некаторыя дакументы, здабытыя ў ходзе расследавання, апублікаваны на сайце Генеральнай пракуратуры. На ім жа можна азнаёміцца з падрыхтаванымі падчас расследавання зборнікамі інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і крыніц. Акрамя таго, на партале змешчаны архіўныя дакументы, паказанні відавочцаў, карты, на якіх пазначаны спаленыя вёскі і лагеры смерці, з крымінальнай справы. Звяртаючы ўвагу на дзейнасць ваенна-патрыятычных гурткоў у школах, Міхаіл Дайнека падкрэсліў, што іх удзельнікі могуць таксама далучыцца да фарміравання экспазіцый школьных музеяў пра генацыд, прадставіўшы дакументы і сведчанні нават з уласных сямейных архіваў. 

ВЫХАВАННЕ ПАМЯЦІ 

Загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец распавяла, што цяпер у рамках акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”, зладжанай Міністэрствам адукацыі, адбываецца адмысловы конкурс. На яго паступіла каля 600 даследчыцкіх работ у намінацыях “Герояў памятаем імёны”, “Да подзвігу герояў дакраніся” (у другой разглядаюцца сацыяльныя праекты). Сёння ў сістэме адукацыі па ўсёй краіне дзейнічае каля 1500 музеяў, з іх прыкладна 200 мае ваеннагістарычны профіль. 

Экспазіцыя музея ў мемарыяльным комплексе "Хатынь"

Спецыфіка падобных скарбніц у тым, што яны, як правіла, ствараліся самімі апекаванцамі навучальных устаноў. Асноўная функцыя такіх музеяў — выхаванне і адукацыя, а форма работы — практыка-арыентаваная. То-бок падчас даследчыцкай дзейнасці і экспанавання сабраных прадметаў навучэнцы атрымліваюць навыкі музейнай працы, а пасля захоўваюць цікаўнасць да гісторыка-культурнай спадчыны і спрыяюць яе зберажэнню. 

УВАГА ДА ЭМОЦЫЙ 

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум прыгадала, што тэма генацыду беларускага народа адлюстравана таксама ў творчасці маладых мастакоў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе работ, зладжаным летась мемарыяльным комплексам “Хатынь”. 

Як падкрэсліла Ірына Карповіч, пры стварэнні экспазіцый і падчас экскурсій, прысвечаных генацыду, трэба быць уважлівымі да ўздзеяння, якое можа аказаць такая далікатная і трагічная старонка гісторыі на эмацыйны стан дзіцяці. Таму, напрыклад, нядаўна адкрыты музей у мемарыяльным комплексе “Хатынь” не рэкамендуецца наведваць хлопчыкам і дзяўчынкам да 12 гадоў. Такія экспазіцыі разлічаны ўсё ж на пэўным чынам падрыхтаванага гледача, а для розных узроставых груп неабходная адпаведная падача. Рыма Рум таксама зазначыла, што ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны тэму генацыду спрабуюць раскрываць вучням 8—11 класаў — больш гатовым да ўспрымання такога матэрыялу. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА