Расце спіс каштоўнасцей

Апублiкавана: 18 снежня 2023 Стужка Архітэктура Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адбылося 10 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Між іншага на ім былі ўхваленыя прапановы па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці шэрагу помнікаў архітэктуры. Варта адзначыць, што, паводле новаўвядзенняў у Кодэксе аб культуры, з гэтага года канчатковае рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прымае менавіта навуковаметадычная рада. Пазнаёмімся бліжэй з новымі аб’ектамі ў спісе. 

ГАДЗІННІК НА ЦАРКОЎНАЙ ВЕЖЫ 

Царква Прападобнай Марыі Егіпецкай ў Вілейцы з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Яна была збудаваная ў 1865 годзе пры хадайніцтве віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва на сродкі камер-юнкера і стацкага саветніка Апалона Рэдкіна па праекце інжынера Аляксея Полазава. Храм узведзены ў гонар воінаў расійскай арміі, якія загінулі за веру і Айчыну. Абразы для іканастаса напісаў прафесар гістарычнага жывапісу Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Міхаіл Васільеў. 

Царква Прападобнай Марыі Егіпецкай

Царква Прападобнай Марыі Егіпецкай

Асвячэнне царквы адбылося 22 жніўня 1865 года, і з гэтага часу храм ніколі не закрываўся, а ў часы войнаў ні разу не быў пашкоджаны. Цэсарэвіч Аляксандр, будучы імператар Аляксандр ІІІ, ахвяраваў сюды срэбны пазалочаны каўчэг для святога прастола. Настаяцель Свята-Марыінскай царквы айцец Якаў у 1890 годзе склаў падрабязнае апісанне будынка: “Храм каменны, у выглядзе даўгаватага крыжа, на ім купал адзін з пяццю невялікімі вежамі, і на кожнай вежы ёсць адзін жалезны крыж. Храм даўжынёй 32 аршыны, шырынёю ў сярэдняй частцы 20 аршын, у алтары і бабінцы 7 аршын. Увесь дах храма жалезны, афарбаваны фарбай цёмна-чырвонага колеру. На званіцы адна вежа з крыжам жалезным. Дах на званіцы жалезны, афарбаваны чырвоным. Дзвярэй на званіцы чатыры, драўляныя, з жалезнымі гаплікамі і завесамі. Тры званы: адзін вагой 10 пудоў 17 фунтаў, адліты ў Маскве, а два невялікія. У храме дзвярэй драўляных чатыры, пафарбаваныя жоўтым, на жалезных гаках і завесах, з унутранымі замкамі. Пры ўваходных дзвярах маецца драўляны ганак з некалькімі прыступкамі, цяслярскай працы”. 

Адметнай архітэктурнай асаблівасцю царкоўнага будынка з’яўляецца тое, што на яго вежы ўста- ляваны гадзіннік, што нехарактэрна для праваслаўных храмаў. Акрамя таго, царква Прападобнай Марыі Егіпецкай — адзіны ў Беларусі храм, названы ў гонар гэтай святой. Нягледзячы на тое, што будынак царквы рэканструяваўся і яго наваколле прырастала новымі пабудовамі, рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа паспрыяць зберажэнню яго аўтэнтычных рыс. 

ПРАВОБРАЗ ГАРАДСКОГА ГЕРБА 

Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы на плошчы Старое Места ў гістарычным цэнтры Маладзечна, збудаваная ў 1867—1871 гадах з цэглы на месцы старой драўлянай, таксама з’яўляецца помнікам архітэктуры ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Урачыстая закладка першага каменя адбылася 27 ліпеня 1866 года, а ўжо 1 кастрычніка 1870-га храм быў асвечаны. 

Цягам Першай сусветнай вайны ўся царкоўная маёмасць была эвакуіраваная ўглыб Расіі і пасля не вернутая. Таксама была пашкоджаная царкоўная агароджа, а вось храм істотных пашкоджанняў не атрымаў, хаця і патрабаваў рэстаўрацыі. Пасля Першай сусветнай вайны ён быў адноўлены, тут дзейнічала праваслаўнае брацтва. У 1936-м вакол царквы была зробленая новая агароджа з каменя, якая да гэтага часу абрамляе царкоўны двор. Царква ніколі не зачынялася, і з яе гісторыяй звязанае таксама паходжанне герба Маладзечна, на якім выяўлены Пакроў Прасвятой Багародзіцы 

ЛЁС ВЯСКОВАГА ПРЫХОДУ 

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Васільчыцы Капыльскага раёна была збудаваная ў другой палове ХІХ стагоддзя з дрэва. У 1930-х храм быў закрыты і прыстасаваны пад клуб, а абразы мясцовыя жыхары разабралі па хатах. У гады Вялікай Айчыннай вайны царква зноў была адкрытая і дзейнічала да 1969-га. Падчас акупацыі над аднаўленнем храма разам з аднавяскоўцамі працаваў жыхар Васільчыц Стэфан Крайнік. Прыхаджане абнавілі іканастас і алтарнае начынне, вярнулі абразы. Для здзяйснення чына асвячэння царквы з Клецкага раёна быў запрошаны іерэй Георгій Прорвіч, і бога-служэбнае жыццё аднавілася. Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў Стэфана Крайніка прызвалі ў Чырвоную армію, ён атрымаў раненне на фронце і быў узнагароджаны медалём “За ўзяцце Кёнігсберга”. У 1954-м яго высвецілі ў сан дыякана, і ён доўгі час служыў у храме ў Беразіне. 

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы

Пасля адыходу ў 1962-м на спачын Стэфан Крайнік вярнуўся ў родную вёску, дзе памёр і быў пахаваны ў 1986 годзе. Тым часам у 1969-м царкву ў Васільчыцах зноў закрылі і прыстасавалі пад збожжасховішча. У 1999-м, калі адбылася рэгістрацыя прыходу, пачаліся рамонтна-аднаўленчыя работы, а 26 верасня 2004 года храм асвяціў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. 

НЕАД’ЕМНАЯ ЧАСТКА АНСАМБЛЯ 

Касцёл святога Антонія ў Раванічах Чэрвеньскага раёна, размешчаны на мясцовых могілках, быў збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя як фамільная пахавальня роду Слатвінскіх. У інтэр’еры храма вылучаліся калоны з дэкаратыўнымі элементамі, столь і сцены былі аформленыя матывамі біблейскіх сюжэтаў, у аздабленні выкарыстоўваўся мармур, прысутнічалі мемарыяльныя шыльды ў гонар прадстаўнікоў роду Слатвінскіх, пахаваных у крыпце касцёла. У 1937-м касцёл быў закрыты, а пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы мясцовага калгаса. У 1990-х у памяшканні адбыўся пажар, пасля якога будынак не аднаўляўся. Тым не менш усярэдзіне яшчэ захаваліся элементы ляпнога дэкору і роспісаў, а таксама лесвіца, якая вядзе на хоры. 

Побач з касцёлам знаходзіцца палацава-паркавы комплекс першай паловы XIX стагоддзя, які ўклю- чае бровар з гаспадарчымі пабудовамі, два флігелі і велічны двухпавярховы палац з параднай лесвіцай, калонамі і порцікам, на якім красуецца дата пасляваеннага аднаўлення будынка — 1952. У пасляваенныя гады і да пачатку 1990-х тут размяшчаўся мясцовы шпіталь, але пасля, на жаль, будынак прыйшоў у заняпад. У навакольным парку варта звярнуць увагу таксама на белы дуб і серабрысты клён — адзіныя такія дрэвы ў Беларусі. Разам з руінамі касцёла, калі правесці іх кансервацыю, гэты аб’ект можа зрабіцца выдатным цэнтрам прыцягнення турыстаў. 

БЕЛАРУСКАЯ ПІРАМІДА 

Комплекс сядзібы Свентаржэцкіх другой паловы ХІХ стагоддзя, што знаходзіцца ў Маліноўшчыне Маладзечанскага раёна, калісьці складаўся з парка, жылога дома, флігеля і капліцы-пахавальні. Жылы дом да нашага часу не захаваўся. Збярогся аднапавярховы цагляны прамавугольны будынак флігеля, накрыты вальмавым чарапічным дахам.

Захавалася частка алеі парка з сібірскай піхты і асобныя рэдкія дрэвы. У 2008-м парку прысвоены статус “Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння — «Парк Маліноўшчына»”. Таксама збераглася капліца-пахавальня гаспадароў сядзібы, якая мае выгляд цаглянай чатырохграннай піраміды. У ніжнюю частку сцен замураваны вапнавыя паліраваныя пліты з мемарыяльнымі надпісамі — пахавальня праіснавала да 1939 года, калі Свентаржэцкія пакінулі сядзібу і краіну. Такая форма капліцы-пахавальні надзвычай рэдкая для Беларусі і мае толькі адзін аналаг — на могілках ва Уздзе. 

СЯДЗІБА З ТРАГІЧНЫМ ЛЁСАМ 

Маёнтак у Падблоні, што на ўскраіне Мар’інай Горкі, вядомы з XVI стагоддзя і ў розныя часы належаў родам Радзівілаў, Бужынскіх, Ратынскіх, Крупскіх і іншым. Пасля паўстання 1863-га ён быў канфіскаваны і перайшоў ва ўласнасць Льва Макава, які займаў у Расійскай імперыі пасады міністра ўнутраных спраў і пошт ды тэлеграфаў. Менавіта пры Макаве быў збудаваны ў 1876-м сядзібны дом з чырвонай цэглы, якому яшчэ наканавана было адзначыцца ў гісторыі беларускай культуры. 

Сядзібны дом у Мар’інай Горцы

Справа ў тым, што менавіта ў гэтым будынку ў 1935 годзе размясціўся наваствораны Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны неаднаразова адпачывалі такія славутыя літаратары, як Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны і многія іншыя, аб чым сведчыць усталяваная на будынку мемарыяльная шыльда. Наступная старонка гісторыі сядзібы была трагічнай — з пачаткам нацысцкай акупацыі тут было створанае гета. Сёння будынак уваходзіць у комплекс абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі “Пухавічы”. 

ПРЫСТАНАК ДЛЯ МУЗЕЯ 

Двухпавярховы цагляны будынак колішняга чавускага павятовага казначэйства на Савецкай вуліцы быў узведзены ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя ў стылі эклектыкі. Пасля таго як у 1920-м казначэйства было закрыта, у будынку размяшчаўся шэраг адміністрацыйных устаноў, а падчас фашысцкай акупацыі ў ім атабарылася нямецкая камендатура. 

Колішняе чавускае павятовае казначэйства

Пасля 1944 года ў розныя часы тут знаходзіліся райвыканкам, райкам камсамола, раённы загс, газета “Іскра”, дзяржстрах, аддзел культуры і іншыя ўстановы. У 1992-м раённымі ўладамі было прынятае рашэнне аб размяшчэнні ў будынку Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Сёння гэты аб’ект з’яўляецца ключавым у турыстычных маршрутах раёна, і яго ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, безумоўна, будзе спрыяць папулярызацыі мінуўшчыны гэтых мясцін. 

СЛЯДЫ ВАЙНЫ НА СЦЕНАХ 

Новыя карпусы псіхіятрычнага шпіталя ў Магілёве на вуліцы Сурганава ў раёне Пячэрск былі ўзведзеныя ў 1920—1930-я ў стылі канструктывізму. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1941-га і студзені 1942-га гітлераўцамі праводзіліся расстрэлы пацыентаў шпіталя, разам з імі быў забіты галоўурач Меер Кліпцан. Акрамя таго, у лячэбным корпусе была абсталяваная газавая камера, дзе праводзілася масавае знішчэнне хворых. 

У 1947 годзе тут быў створаны шпіталь для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, цяпер будынкі таксама выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Захаваліся лячэбны корпус і колішняя воданапорная вежа, на сценах якой зберагліся сляды ад куляў і снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны — сёння яна пераабсталяваная пад адміністратыўны корпус. 

ВЯРТАННЕ ВОБРАЗА РАСПЯЦЦЯ 

Таксама было разгледжанае пытанне аб магчымасці аднаўлення фрагмента фрэскавага роспісу ў Сафійскім саборы ў Полацку. Жывапісу ў стылі ракако, выкананага алейнымі фарбамі па сухой тынкоўцы, у інтэр’еры храма захавалася небагата. У паўночна-заходняй частцы храма на малым алтары размешчаная кампазіцыя “Распяцце з перадстаячым”, якая збераглася часткова, прыкладна на 60 %. 

У 1970-х мастакамі-рэстаўратарамі Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў была выкананая яе частковая рэстаўрацыя, праведзеныя работы па таніроўцы і ўмацаванні тынкоўкі. Падчас нядаўніх даследаванняў, якія праводзіліся супрацоўнікамі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі былі адшуканыя здымкі 1940—1960 гадоў, на якіх зафіксаваны поўны выгляд гэтага роспісу, што дазваляе цяпер працягнуць яго рэстаўрацыю. 

Акрамя таго, Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся яшчэ адным элементам нематэрыяльнай спадчыны, які бытуе ў Лучніках Слуцкага раёна, — “Калядная зорка Случчыны. Асаблівасці вырабу і выкарыстання”. Аб ім мы больш падрабязна распавядзём у наступных нумарах газеты “Культура”. 

Як бачым, работа па папаўненні спіса каштоўнасцей працягваецца, і з прыняццем новаўвядзенняў у Кодэкс аб культуры яна зрабілася яшчэ болей эфектыўнай. 

Антон РУДАК 

Фота з дасье