Мінулае, якое натхняе сёння

Нягледзячы на доўгі час у жывапісе, крупскі мастак Сяргей Варламаў пастаянна ўдасканальваецца. І справа не толькі ў тэхніцы мазка ці пабудове кампазіцыі.  У яго любімым жанры – гістарычным жывапісе – справа крыецца ў дробязях: трэба правільна адлюстраваць ваенныя мундзіры далёкага мінулага, дакладна намаляваць твары рэальных прататыпаў, дасканала перадаць месцы падзей. Сяргей Мікітавіч прызнаецца, што на працэс задумкі, збор матэрыялу і само стварэнне палатна могуць выдаткоўвацца месяцы і нават гады. Напрыклад, апошняя карціна “Параза. Адступленне. Януш Радзівіл”, якую мастак прэзентаваў напярэдадні Дня народнага адзінства ў крупскім краязнаўчым музеі, увасаблялася паўгода.

— Сюжэт карціны распавядае аб так званай "невядомай вайне" 1654—1667 гадоў, — тлумачыць мастак. — Тут вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл намаляваны конна на пярэднім плане палатна, пасля паражэння пад Шапялевічамі. Разам з палкаводцам у розных жупанах адыходзяць і рэкруты, і ўзброеная шляхта.

Выстаўляцца ў крупскім краязнаўчым музеі стала добрай традыцыяй. Мы з сябрам Аляксандрам Міхеевым стваралі яго, распісалі дыяраму ўнутры. Ацаніць работы прыйшлі сябры, калегі па працы і знаёмыя з маёй творчасцю крупчане. У красавіку я таксама выстаўляўся ў галерэі "Праменад" Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, і за шматгадовае супрацоўніцтва хачу выказаць падзяку яе кіраўніку Таццяне Кірылавай. А летась мая экспазіцыя была ў Оршы, і таксама не ў першы раз.

— Адкуль узялася цікавасць да гістарычных сюжэтаў?

— Мая маладосць прыйшлася на 90-я гады. У той складаны час сталі адкрывацца пласты айчыннай гісторыі, зарэтушаваныя да гэтага. Тады я з асаблівым захапленнем вынаходзіў для сябе раней невядомае. Хаця мяне заўсёды цікавіла гісторыя, і не толькі беларуская. У прыватнасці, вайна 1812 года, якой была прысвечана мая першая карціна. І сёння не магу паверыць у тое, як яна атрымалася. Калі паклікаў аднакурснікаў паглядзець на вынік, яны далі самую высокую адзнаку. Першы поспех натхніў на далейшую творчасць.

— А як жывапіс прыйшоў у ваша жыццё?

— У школе маляваў алоўкам. Мой настаўнік, мусіць, бачачы ўва мне здольнасці, асабліва патрабавальна ставіўся да адзнакі гэтых работ. А пісаць алеем пачаў падчас вучобы ў Калінінградскім тэхнічным інстытуце рыбнай прамысловасці і гаспадаркі. Чамусьці захацелася выявіць сябе менавіта так. Пісаў у тым ліку карціны на марскую тэматыку, пад натхненнем ад Балтыйскага мора. У інстытуце вывучаў чарчэнне, якое цяпер вельмі дапамагае ў стварэнні палотнаў. Але, як казалі выкладчыкі, мне заўсёды патрэбны быў размах. Я атрымаў дыплом інжынера-суднамеханіка, але працаваць па спецыяльнасці не давялося. У няпростыя гады прыняў рашэнне вярнуцца ў родныя Крупкі.

— Як выбіраеце сюжэты для карцін гістарычнага жанру?

— Тут усё залежыць ад эмоцый. Бывае дастаткова адной фразы — і ў галаве нараджаецца сюжэт. Так з палатном "Узяцце Варшавы Суворавым", дзе мяне ўразіла малавядомая гісторыя канца існавання Рэчы Паспалітай. Так і з карцінай "Развітанне", на якой афіцэр царскай арміі развітваецца на пероне са сваёй каханай.

Калі я пачынаю рэалізоўваць ідэю, то дасканала збіраю інфармацыю з усіх даступных крыніц, усебакова знаёмлюся з эпохай, па магчымасці выязджаю на месцы, якія могуць дапамагчы ў стварэнні антуражу, фатаграфую іх. Гісторыкі і іншыя дасведчаныя людзі кажуць, што я ёмка адлюстроўваю момант. Сюжэты карцін не адпускаюць мяне, пакуль я іх не завяршу. У канцы работы шкада расставацца з той эпохай, яе людзьмі. Але вельмі радуюся, калі карціны знаходзяць водгук у гледача.

— Ці шмат наогул часу надаяце творчасці?

— На жаль, не так шмат, як хацелася б. Я працую інжынерам-тэхнолагам на кампрэсарнай станцыі на транзіце газу. Але, калі б удавалася зарабляць на жыццё стварэннем карцін, быў, напэўна, самым шчаслівым чалавекам у свеце. Мне не складана пісаць і партрэты, і пейзажы, і вольныя сюжэты. Бывала, працаваў на заказ. Неяк я напісаў для чалавека партрэт яго жонкі-нябожчыцы па фатаграфіі. Калі паказаў работу заказчыку, у яго пацяклі слёзы. А сёлета мы адзначалі юбілей майго брата. На свяце, пры поўным зборы сяброў, я прыпаднёс партрэт нашых бацькоў. Усе былі вельмі расчуленыя. А пару дзясяткаў гадоў таму я напісаў абраз Мікалая Цудатворца для крупскай царквы імя гэтага святога па просьбе прыхаджан. Гэта таксама грэе душу. Стварэнне палотнаў не магу назваць хобі. Гэта маё жыццё.

— Як лічыце, сёння мастакі дастаткова ўвагі надаюць гістарычным сюжэтам?

— Я бачу, што ўвага засяроджваецца на нашай перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Мяне гэтая тэма таксама хвалюе, ёсць работы, прысвечаныя тым трагічным і гераічным падзеям. Напрыклад, “Узятая вышыня”; “Палі бою”… Думаю, што нашы сучаснікі могуць чэрпаць натхненне з мінулага для сённяшняга дня. Але цяпер як ніколі важна адказна выкладаць гісторыю ў школах. Калі ў дзіцяці пасля ўрока застанецца яркае ўражанне і яно захоча глыбей пацікавіцца досведам мінулага, гэта будзе поспехам настаўніка.

Без сумневу, гісторыя звязвае народ у адно ядро. Забываючыся пра веліч сваёй зямлі, яе герояў, лёгка адмовіцца ад каранёў дзеля сумнеўнага шчасця. У мяне ёсць знаёмыя ў Еўропе, якія запрашаюць у госці. Але я не змагу без роднага лесу, рэчкі, вуліц знаёмага з дзяцінства горада.

Тое, што мая новая карціна стваралася ў Год гістарычнай памяці, а яе прэзентацыя прыпала на Дзень народнага адзінства, сімвалічна. Наша мінулае згуртоўвае народ. Ёсць індыкатар адзінства нацыі – трэба папрасіць грамадзян з розных куткоў краіны назваць дзесяць выдатных асоб Беларусі. І калі ў большасці хаця б пяць асоб супадзе, можна лічыць, што ў народа ёсць адзіная "прашыўка".

Павел САЛАЎЁЎ