Са­юзна-му­зыч­на

Апублiкавана: 20 снежня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Канцэрт лаўрэатаў ХVII Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага быў прысвечаны 24-годдзю стварэння Саюзнай дзяржавы. Урачыстасці, што завяршыліся музыкай рускага класіка, адбыліся ў Вялікім тэатры Беларусі.

Адкрываючы мерапрыемства пасля ўступнага Паланэза П. Чайкоўскага, міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч паэтычна адзначыў: “Праз некалькі імгненняў у святле сафітаў забліскаюць музычныя інструменты і паліецца цудоўная музыка ў выкананні лаўрэатаў ХVII Міжнароднага конкурсу імя Пятра Ільіча Чайкоўскага. Для нас дадзены конкурс з’яўляецца візітоўкай нацыянальных дасягненняў дзвюх дзяржаў — Расіі і Беларусі. Творчае спаборніцтва стала добрай стартавай пляцоўкай для маладых, амбіцыйных, таленавітых музыкантаў, дае магчымасць здабыць любоў публікі, узняцца на вышэйшую прыступку выканальніцкага майстэрства. Для нас, беларусаў, вялікі гонар прымаць лаўрэатаў конкурсу на легендарнай сцэне тэатра оперы і балета і быць гледачамі выступлення бліскучага дырыжора, віртуознага віяланчэліста, педагога Сяргея Ралдугіна. Дзверы Вялікага тэатра заўсёды гасцінна адчынены для ўсіх тых, хто імкнецца да гармоніі і прыгажосці ў мастацтве”. Ён выказаў упэўненасць, што праз час цяперашнія лаўрэаты будуць выступаць на найлепшых сцэнах Беларусі і ўсяго свету. 

Сапраўды, хацелася б пачуць у адной з партый бягучага рэпертуару ўладальніцу бронзавага медаля Альбіну Тонкіх, якая скарыла вельмі прыгожым голасам. Тым больш што яна не толькі ўраджэнка Беларусі, але і выхаванка беларускай вакальнай школы: Альбіна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе нашай знакамітай опернай салісткі Ніны Шарубінай. Потым стажыравалася ў Латвіі і стала ўдзельніцай Маладзёжнай праграмы Вялікага тэатра Расіі. 

Акрамя Альбіны, выступілі салісты Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі, які стварыў і стаў яго мастацкім кіраўніком народны артыст Расіі Сяргей Ралдугін — госць вечарыны і адзін з яе арганізатараў. Мы пачулі ігру сёлетніх лаўрэатаў другой прэміі (флейтыстка Ганна Камарова, скрыпач Равіль Іслямаў), а таксама трэцяй (кларнетыст Леў Жураўскі, піяніст Ілья Папаян, які завяршаў канцэрт і саліраваў на біс). За пультам стаў галоўны дырыжор нашага Вялікага — Юрый Караваеў. Галоўны мастак тэатра Любоў Сідзельнікава аздобіла не толькі сцэну, але і кожны нумар, дадаўшы адпаведнае яму відэа. 

Разам з тым канцэрт выявіў адну з трывалых праблем — наяўнасць творчай індывідуальнасці. Як паказалі згаданыя выступленні, тэхнікі нікому з маладых музыкантаў не займаць. А вось знайсці ва ўсім вядомай музыцы штосьці сваё, адкрыць нязведанае, пракласці калі не гасцінец, дык хаця б сцяжыначку да новага разумення музычнага зместу — гэта пакуль справа будучыні. Таму асабіста мне больш за іншых запомнілася флейтыстка Ганна Камарова. У “Бліскучай фантазіі” Ф. Борна на тэмы з оперы Ж. Бізэ “Кармэн” яна імкнулася не да адзначанага ў назве бляску, а да інтэлектуальнага спасціжэння і яркага эмацыянальнага выяўлення закладзеных у музыку няпростых характараў оперных персанажаў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ