Спрацавалі нядрэнна

Апублiкавана: 21 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Падведзены прамежкавыя вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" за 9 месяцаў 2023 года. 

У іх абмеркаванні на апаратнай нарадзе ў міністра культуры ўдзельнічала кіраўніцтва адказнага ведамства і яго структурных падраздзяленняў, а таксама кіраўнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў. Датычна арганізацый, падпарадкаваных мінкультуры, Анатолій Маркевіч лічыць, што ўсе даведзеныя паказчыкі Дзяржпраграмы рэалістычныя і адлюстроўваюць сапраўдны стан спраў у сферы культуры. Прычым галоўны з іх — менавіта наведвальнасць. Яна паказвае канчатковы вынік працы ўстаноў. 

ПРЫЕМНА АДЗНАЧЫЦЬ 

Справаздачу аб выкананні трымала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці мінкульта Ірына Карповіч. Яна нагадала прысутным, што Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады змяшчае 26 мэтавых паказчыкаў і зводны мэтавы паказчык. Пераважная большасць іх паспяхова выконваецца і перавыконваецца. 

Так, напрыклад, гадавы план па паказчыку “Колькасць нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей” ужо выкананы на 216,7 %. Паказчык “Колькасць раней невыкарыстоўваемых помнікаў архітэктуры, якія прыстасаваны пад сучасныя патрэбы і зноў выкарыстоўваюцца” выкананы ўсімі рэгіёнамі, акрамя Мінгарвыканкама. Засталося завяршыць адзін аб’ект — і гадавы план па галіне ў цэлым будзе выкананы на 100,0 %. Таксама ўжо цалкам выканана гадавое заданне па колькасці дасье на аб’екты спадчыны і нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека, распрацаваныя і прадстаўленыя ў арганізацыі ЮНЕСКА. 

Выкананне мэтавага паказчыка “Колькасць наведванняў бібліятэк на 1000 чалавек насельніцтва” за 9 месяцаў склала 87,5 % гадавога задання (3000 наведванняў). Са слоў Ірыны Карповіч, усе рэгіёны выканалі гэты паказчык больш чым на 70 адсоткаў. Гэта дае падставы лічыць, што ў цэлым па годзе ён таксама будзе выкананы. Пры гэтым па паказчыку “Колькасць наведванняў музеяў на 1000 чалавек насельніцтва” гадавое заданне ўжо выканана на 104,2 %. 

Яшчэ адны значны мэтавы паказчык — “Колькасць спектакляў, канцэртаў, паказаў, якія праводзяцца тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі”. Яго выкананне за тры кварталы склала 84,4 % ад гадавога задання. У той жа час, адзначыла Ірына Карповіч, выкананне рэгіёнамі паказчыка “Колькасць наведванняў спектакляў, канцэртаў, прадстаўленняў, якія праводзяцца тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі” выклікае некаторыя асцярогі. У цэлым за 9 месяцаў выканана 83 % гадавога плана. Разам з тым падначаленымі арганізацыямі мінкульта гэты паказчык выкананы на 67 %. А арганізацыямі Мінгарвыканкама толькі на 53 %. 

Мэтавы паказчык “Колькасць дзён нацыянальнай культуры, дзён кіно, культурных мерапрыемстваў у рамках міжнародных форумаў, выстаў, кірмашоў” у справаздачным перыядзе выкананы на 221 % ад плана на 2023 год. Гэта больш чым у два разы перавышае гадавое заданне. 

Дакладчык адзначыла, што ў бягучым годзе істотна павялічыўся аб’ём даходаў ад кінапаказаў ды іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый. Калі летась у абсалютным выражэнні адпаведны мэтавы паказчык Дзяржпраграмы склаў 55,8 млн рублёў, то за дзевяць месяцаў 2023-га — 85,2 мільёна, або 119,7 % гадавога задання. Дадзены мэтавы паказчык перавыкананы усімі абласцямі. Адзінае выключэнне — горад Мінск, дзе выканана пакуль 91,6 % гадавога задання. 

За справаздачны перыяд у краіне было пабудавана і рэканструявана (адрэстаўравана) 30 аб’ектаў інфраструктуры сферы культуры. Гэта складае 136,4 % плана па адпаведным мэтавым паказчыку. 

УСЁ ДОБРА, АЛЕ… 

Цалкам выканана заданне Дзяржпраграмы ў частцы капітальнага рамонту і мадэрнізацыі аб’ектаў інфраструктуры сферы культуры. Прыведзена ў належны парадак 56 аб’ектаў. Аднак тут ёсць істотныя разбежкі паміж рэгіёнамі. Так, значна перавыкананы план на аб’ектах мінкульта і Гродзенскага аблвыканкама. Перавыканалі заданне і на Гомельшчыне. Пры гэтым міністр Анатолій Маркевіч звярнуў увагу, што ў Магілёўскай вобласці з дзевяці запланаваных на гэты год капрамонтаў і мадэрнізацый аб’ектаў інфраструктуры сферы культуры завершаны толькі адзін. 

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун растлумачыў, што на шэрагу аб’ектаў завяршэнне работ запланавана на канец лістапада і пачатак снежня, і запэўніў, што заданне па гэтым мэтавым паказчыку ў вобласці будзе выканана. Аднак насцярожвае, што ў 2022 годзе на Магілёўшчыне з шасці запланаваных да паляпшэння аб’ектаў інфраструктуры гэтаксама быў завершаны толькі адзін. 

Начальнік Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька адзначыла, што гэты мэтавы паказчык не ўлічвае работы, якія праводзяцца рэгіёнамі ў дзіцячых школах мастацтваў і каледжах. Дадзеныя аб’екты безумоўна з’яўляюцца часткай інфраструктуры сферы культуры. Яны ўвесь час патрабуюць рамонту, які выконваецца, але не адлюстроўваецца ў планавых заданнях адпаведных паказчыкаў Дзяржпраграмы. 

Намеснік міністра культуры Сяргей Саракач інфармаваў, што ведамства вядзе працу з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання па выпраўленні існага становішча. Міністр падтрымаў абгрунтаванасць уключэння дзіцячых школ мастацтваў у паказчыкі Дзяржпраграмы і даручыў вырашыць гэтае пытанне ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам. 

Доля кіназалаў у кінатэатрах, аснашчаных лічбавым кінаабсталяваннем даведзена ў рэспубліцы да 92,1 %. Выкананне гадавога плана ў цэлым па дадзеным паказчыку складае 100,14 %. Адстаюць пакуль Гомельская і Гродзенская вобласці. Першая з іх плануе закрыць пытанне да канца года, а па другой ёсць сумневы. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, двух працэнтаў, якіх не стае, каб выканаць план, вобласць пазбавілася з-за аптымізацыі кінасетак Шчучынскага і Дзятлаўскага раёнаў у кінасектары. 

Важна адзначыць, што па дадзеным мэтавым паказчыку агульнае выкананне будзе дасягнута за кошт перавыканання плана Віцебскай вобласцю. Сёлета яна датэрмінова перайшла на стапрацэнтнае выкарыстанне лічбавых кінаўстановак. 

САМАЕ ГАЛОЎНАЕ 

Выкананне зводнага мэтавага паказчыка (“Колькасць наведванняў арганізацый культуры на 1000 чалавек насельніцтва”) за 9 месяцаў склала 60 % гадавога плана. Разам з тым, паведаміла Ірына Карповіч, па новай методыцы, зацверджанай у кастрычніку, справаздачнасць далі дзве вобласці — Гомельская і Мінская. Новая методыка ўлічвае наведвальнасць бясплатных мерапрыемстваў для насельніцтва, якія арганізуюцца клубнымі ўстановамі, і дае істотны прырост паказчыка, які адлюстроўвае рэальнае становішча спраў. Па словах дакладчыцы, пералік выніковых гадавых паказчыкаў па новай методыцы ўсімі абласцямі дасць стапрацэнтнае выкананне зводнага мэтавага паказчыка Дзяржпраграмы. 

Міністр Анатолій Маркевіч падкрэсліў: менавіта зводны мэтавы паказчык адлюстроўвае агульную эфектыўнасць Дзяржпраграмы, таму справаздачнасць павінна падавацца ўсімі своечасова і па аднолькавай методыцы. 

На ўдакладняльнае пытанне кіраўніка ведамства Ірына Карповіч паведаміла, што ўсяго дзяржпраграма “Культура Беларусі” на бягучы год змяшчае 112 мерапрыемстваў. У 2022-м іх было 88. Пры карэкціроўцы па выніку года іх колькасць можа зменшыцца за кошт адтэрміноўкі ўводу аб’ектаў капітальнага будаўніцтва. 

Падсумоўваючы абмеркаванне, міністр культуры Анатолій Маркевіч нагадаў, што дзяржпраграма “Культура Беларусі” штогод атрымлівае ацэнку сваёй эфектыўнасці. Летась яна была “сярэдняй”, і такое становішча не можа лічыцца здавальняючым. На дадзеным этапе рэалізацыі можна сказаць, што галіна спрацавала нядрэнна, зазначыў міністр. Праблемныя ўчасткі пазначаныя і зразумелыя. Таму трэба працаваць, каб усе мэтавыя паказчыкі праграмы ў 2023 годзе былі выкананы. Асаблівая ўвага — зводнаму. 

Віктар ГАЎРЫШ