Са Слуцка з любоўю

Апублiкавана: 27 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Урачыстая цырымонія перадачы статусу “Культурная сталіца Беларусі” адбылася 15 снежня ў Слуцку. Эстафета перайшла да Бялынічаў Магілёўскай вобласці. 

Перад будынкам гарадскога Дома культуры майстры народных рамёстваў і мастацкія калектывы раёна зладзілі “Калядны кірмаш”. З выставачнымі пляцоўкамі азнаёміўся міністр культуры Анатолій Маркевіч. Інфраструктура, створаная ва ўстановах культуры Слуцка, дазволіла на самым высокім узроўні правесці ўсе мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі — 2023”. Пра гэта кіраўнік сферы сказаў, каментуючы журналістам вынікі года. 

— Статусам культурнай сталіцы сёлета жыў увесь рэгіён. Тут праходзілі выставы, канцэрты, спектаклі, творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі — усяго больш за 100 цудоўных і маштабных мерапрыемстваў, — адзначыў Анатолій Маркевіч. — За 11 месяцаў звыш 200 тысяч гледачоў сталі ўдзельнікамі гэтых падзей, хоць у самім Слуцку пражывае крыху больш за 60 тысяч чалавек. Гэта сведчыць аб велізарнай цікавасці мясцовых жыхароў, а таксама турыстаў, што прыязджаюць на слуцкую зямлю, адпачываюць і набіраюцца творчых сіл, якія дораць работнікі культуры. Разам мы зрабілі сапраўднае свята, што доўжылася ўвесь каляндарны год. 

Кіраўнік галіны падкрэсліў, што Слуцк добра падрыхтаваўся да акцыі, каб адпавядаць статусу культурнай сталіцы. Раённы цэнтр зайграў новымі фарбамі на культурным небасхіле нашай краіны. Анатолій Маркевіч выказаў упэўненасць: перадаючы эстафету Бялынічам, удастоеным ганаровага звання “Культурная сталіца Беларусі — 2024”, Слуцк дорыць часцінкі свайго цяпла, прыгажосці, любові, павагі, якія ляжаць у аснове маштабнага захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. 

Міністр паведаміў, што на Магілёўшчыне ўжо пачалася падрыхтоўка да мерапрыемстваў. Статус культурнай сталіцы абавязвае Бялынічы быць наперадзе і ініцыяваць многія справы. 

— Эстафета паспрыяе развіццю і самога рэгіёна, і сферы культуры Бялыніцкага раёна, — сказаў Анатолій Мечыслававіч. — Тэатральныя пастаноўкі і канцэртныя праграмы, якія ўжо чакаюць старту, гатовыя здзіўляць і распавядаць пра гісторыю Бялыніцкага краю. Пад адкрытым небам пройдуць пленэры, якія збяруць мастакоў на жыватворнай зямлі. Мы, безумоўна, будзем загадзя анансаваць мерапрыемствы, каб нашы паважаныя гледачы і шматлікія турысты змаглі сарыентавацца ў агромністай прасторы культурных падзей і выбраць тое, што прынясе велізарнае задавальненне і падыме настрой. 

Анатолій Маркевіч падзякаваў усім, хто працаваў цэлы год, здзіўляў, удасканальваўся і прапаноўваў новыя маштабныя праекты, якія дазволілі апраўдаць высокі статус культурнай сталіцы Беларусі. Міністр пажадаў работнікам галіны і гледачам міру, дабра, моцнага здароўя, дастатку, творчых поспехаў і новых яркіх адкрыццяў. 

Ва ўрачыстасцях таксама паўдзельнічаў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч. 

— Хачу адзначыць велізарную актыўнасць жыхароў Слуцка. Яна была душэўнай, з цеплынёй, відаць, што людзі ганарацца гэтай акцыяй, — сказаў Іван Маркевіч. — Год таму пры падрыхтоўцы да выбару культурнай сталіцы кіраўніцтва раёна і ўсе жыхары неверагодна праявілі сябе. У поспеху рэгіёна, людзей, якія тут пражываюць, мы ніколі не сумняваліся. 

У заканчэнне вялікага канцэрта з удзелам зорак беларускай эстрады і аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Іван Маркевіч уручыў Слуцкаму гарадскому дому культуры сертыфікат ад Мінскага аблвыканкама на 50 тысяч рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таксама ад раённай адміністрацыі Бялынічаў Слуцкаму райвыканкаму былі перададзены памятныя падарункі, у тым ліку копія абраза Бялыніцкай Божай Маці, намаляванай на гербе горада.

Віктар ГАЎРЫШ