Ахова помнікаў учора і сёння

Апублiкавана: 27 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

У Міністэрстве культуры 18 снежня прайшло пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. На ім былі ўхвалены прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці шэрагу помнікаў архітэктуры. 

Адпаведную пастанову ў Міністэрстве культуры прымуць найбліжэйшым часам. Варта адзначыць, што паводле новаўвядзенняў у Кодэксе аб культуры з 2023 года канчатковае рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прымае менавіта навукова-метадычная рада.

Гэтым разам пералік папоўняць гістарычны цэнтр Навагрудка XII—XX стагоддзяў, капліца Святога Яна Хрысціцеля 2-й паловы XVIII ст. у вёсцы Краснаазёрнае Смаргонскага раёна, касцёл Святога Апостала Андрэя 1908—1914 гадоў у Лынтупах Пастаўскага раёна і касцёл Святога Лаўрэнція (1913) ва Ушачах. 

Акрамя таго, прынята рашэнне аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці і культуры беларускай дуды на Гомельшчыне. 

Сёлета дзяржаўнай ахове помнікаў Беларусі спаўняецца 100 гадоў: 24 снежня 1923-га Савет Народных Камісараў БССР зацвердзіў пастанову “Аб абавязковай рэгістрацыі, прыёме на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, даўніны, побыту і мясцовай прыроды”. Па сутнасці, з гэтага прававога акта пачалося фарміраванне сістэмы ўліку аб’ектаў культурнай спадчыны нашай краіны. 

Пастановай прадпісвалася сталая дзяржаўная рэгістрацыя і ахова помнікаў мастацтва, старажытнасці, народнага побыту і прыроды, якія знаходзіліся пры ўстановах ці таварыствах альбо ў прыватных асоб. Ствараўся спецыяльны орган, адказны за рэгістрацыю такіх аб’ектаў і выдачу іх уладальнікам асаблівага ахоўнага пасведчання, — навукова-мастацкая экспертная камісія. 

Падрабязней пра гісторыю аховы помнікаў у Беларусі і новыя элементы ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей — у наступных нумарах. 

Антон РУДАК