Слу­хаць, кра­наць — чы­таць

Сфера культуры паступова рухаецца да інклюзіі. Адмыслоўцы рупяцца аб тым, каб кожны мог прычыняцца да спадчыны краіны і чалавецтва, самаўдасканальвацца і якасна бавіць вольны час. Як у Беларусі наладжана інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне невідушчых і слабавідушчых асоб — раскажам на прыкладах.

Паляпшэнне якасці жыцця і дапамога ў сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю — адзін з кірункаў дзейнасці культурных устаноў. Для адукацыі, сацыялізацыі, асобаснага і прафесійнага развіцця надзвычай важна мець поўны доступ да неабходнай інфармацыі. Гэтае пытанне заўсёды было вострым для людзей з парушэннямі зроку, бо выданне кніг у адмысловых фарматах даволі абмежавана. Аднак дзякуючы сучасным тэхналогіям магчымасцей цяпер больш. Плоскадрукаваныя і электронныя дакументы ўсё лягчэй знайсці і атрымаць у патрэбным выглядзе. 

Важным крокам стала далучэнне нашай краіны да Маракешскага дагавора аб спрашчэнні доступу невідушчых і асоб з парушэннямі зроку або іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў. 

У бібліятэках Беларусі ўкараняюць сітуацыйную дапамогу, дастаўляюць выданні на дом тым, хто не можа наведваць установы. У чытальных залах размяшчаюць тыфлатэхніку, ладзяць гурткі і індывідуальныя заняткі па працы за камп’ютарам. І, вядома, фонды папаўняюцца адаптаванай літаратурай. Напрыклад, летась кнігазборы рэспублікі ўзбагаціліся больш як 6 тысячамі экзэмпляраў. 

ТЭХНІКА І ПАЭЗІЯ 

Брэстчына — лідар па аб’ёме адаптаванай літаратуры. Як паведаміла загадчыца аддзела бібліятэказнаўства абласной бібліятэкі імя М. Горкага Ала Кузьміна, калекцыя агучаных кніг у рэгіёне налічвае звыш 12 тысяч адзінак, а выданняў са шрыфтам Брайля — каля 1,2 тысячы. Ва ўстановах закуплены электронныя відэалупы, чытальныя машыны і іншае абсталяванне, што дапамагае слабавідушчым і невідушчым асобам успрымаць карысную інфармацыю. 

Па словах Алы Сцяпанаўны, попыт у карыстальнікаў мае праграма “Літрэс. Слухай” з размаітым зборам аўдыякніг. Доступ да платформы набылі абласная бібліятэка і тры цэнтралізаваныя сістэмы: Брэсцкая гарадская, Ганцавіцкая і Ляхавіцкая. 

Экскурсія ў музей для карыстальнікаў магілёўскай бібліятэкі-філіяла № 2 

Набор магчымасцей для людзей з парушэннямі зроку прапануе спецыяльная бібліятэка-філіял № 12 Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. Найперш ва ўстанове створана даступнае асяроддзе: на дзверы і прыступкі нанесена адмысловая маркіроўка. Чытачоў чакае пакой з тыфлаабсталяваннем, калекцыя выданняў, у якіх выкарыстаны рэльефна-кропкавы шрыфт, каталог аўдыякніг. Моўны сінтэзатар агучвае інфармацыю з экрана камп’ютара. Таксама дапамагае працаваць з рознымі друкаванымі матэрыяламі машына SARA. Акрамя таго, пры неабходнасці літаратуру дастаўляюць дадому. 

Спрыяе сацыяльнай адаптацыі людзей з інваліднасцю аб’яднанне “Крыніца”, якое дзейнічае пры спецыялізаванай бібліятэцы. Сустрэчы суполкі дазваляюць наталіцца вершаваным словам, пашырыць кругагляд, наладзіць новыя кантакты ды праявіць здольнасці. 

КНІГІ, ЯКІЯ ГАВОРАЦЬ 

Людзей з інваліднасцю па зроку абслугоўваюць і ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2 Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва. Адмысловым абанементам карыстаецца каля 400 чалавек — не толькі дзеці ды моладзь, але і дарослыя. 

Наведвальнікам прапануюць літаратуру са шрыфтам Брайля, плоскадрукаваныя тэксты з павялічаным шрыфтам, аўдыякнігі. Такім чынам, асобам з аслабленым зрокам даступная багатая калекцыя выданняў ад беларускай і замежнай класікі да лёгкага, забаўляльнага чытва. Заўсёды на паліцах можна знайсці свежы нумар штомесячнага літаратурна-мастацкага часопіса “Літаратурныя чытанні”. Фонды бібліятэкі пастаянна папаўняюцца, і пры выбары навінак супрацоўнікі заўжды арыентуюцца на запыты аўдыторыі. 

Узбагачаць зборы дапамагаюць валанцёры. У рамках праекта “Бібліятэка ля мікрафона. Кнігі, якія гавораць” ахвотным прапануюць запісаць аўдыякнігі для невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў. Удзельнікі ініцыятывы падрыхтавалі ўжо больш за 200 гукавых чытанак. Яны даступныя на сайце ўстановы. 

Бібліятэка актыўна супрацоўнічае з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Так, створана серыя відэаўрокаў па этыцы зносін з невідушчымі людзьмі. Гэтыя матэрыялы апублікаваны на сайце кніжнай скарбніцы ў раздзеле “Даступнае асяроддзе”. 

ЗРУЧНЫ ФАРМАТ 

Неўзабаве ў магілёўскай дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2 адкрыецца цэнтр дзелавога, дасугавага і адаптыўнага чытання з камп’ютарызаванымі працоўнымі месцамі. Дзякуючы тыфлатэхніцы і адмысловаму праграмнаму забеспячэнню наведвальнікі атрымаюць новыя магчымасці для самаадукацыі і прафесійнага развіцця. У прыватнасці, карыстальнікам прапануюць друкаваць і чытаць тэксты шрыфтам Брайля, праслухоўваць аўдыякнігі, пераводзіць матэрыялы ў зручны фармат, здабываць інфармацыю на электронных рэсурсах. 

Як расказала загадчыца бібліятэкі-філіяла Вольга Пінчук, цягам пяці гадоў рэалізуецца доўгатэрміновая сацыяльная праграма “Свет без меж”. Яна мае на мэце адаптацыю да грамадскага жыцця людзей з інваліднасцю па зроку, фарміраванне талерантнага стаўлення да іх, папулярызацыю чытання. 

Прыкладам, супрацоўнікі ладзяць майстар-класы па рэабілітацыі і па напісанні тэкстаў рэльефна-кропкавым шрыфтам, гадзіны талерантнасці. Падлеткам са школ горада прапануюць тыфлаквэсты. Удзельнікі трапляюць у цемру і, арыентуючыся толькі на гукі, спрабуюць паглыбіцца ў розныя штодзённыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца невідушчыя асобы. 

— Наша бібліятэка — гэта месца, дзе людзі рознага ўзросту і з рознымі захапленнямі адчуваюць сябе патрэбнымі, могуць падзяліцца ведамі і вопытам, прадэманстраваць таленты, — распавядае Вольга Пінчук. — Кніга ратуе ад самоты, нясе станоўчыя эмоцыі. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і размаітыя метады працы дапамагаюць культурнай інтэграцыі невідушчых і слабавідушчых людзей у грамадскае жыццё. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіваў устаноў культуры