“Буслы” разляцеліся

Апублiкавана: 13 снежня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Марафон VII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” завершаны: 18 лістапада на ўрачыстым закрыцці былі названы пераможцы, ім уручаны традыцыйныя прызы — буслы з раскінутымі крыламі, падобнымі да тэатральнай завесы. 

На конкурс ад тэатраў краіны былі пададзены 63 заяўкі. Пасля папярэдняга адбору, праведзенага камісіямі, у фінал увайшлі 32 спектаклі, створаныя за апошнія два гады, дваццаці тэатраў. Усе абраныя пастаноўкі былі паказаны ў Мінску цягам некалькіх тыдняў. Сталічныя калектывы дэманстравалі свае працы на ўласных пляцоўках, прыезджыя — у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы: на асноўнай сцэне і ў Камернай зале. Дарэчы, прастора, дзе да артыстаў можна дакрануцца рукой, прыцягнула ўдачу “Чарамары” Беларускага тэатра “Лялька” з Віцебска, бо сталі лепей бачныя шматлікія жывапісныя дэталі сцэнаграфіі, якая і прынесла прэмію мастаку Дзмітрыю Гаралевічу. 

"Дон Кіхот"

"Дон Кіхот"

Найбольшую колькасць “буслоў” назбіраў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр. Найлепшая опера — “Дзікае паляванне караля Стаха”. Найлепшы балет — “Дон Кіхот”. Найлепшы мастак — Вячаслаў Окунеў з Расіі, які афармляў і гэты балет, і “Спячую прыгажуню”, што таксама ўвайшла ў фінал. Найлепшая жаночая роля ў спектаклі музычнага тэатра — Кітры Людмілы Хітровай у згаданым “Дон Кіхоце”. Найлепшы дзіцячы спектакль — опера “Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)”, якая была заяўлена адразу ў дзвюх секцыях. Найлепшы дырыжор — Юрый Караваеў, які гэту оперу вядзе. Найлепшы пастаноўшчык у секцыі музычнага тэатра — Ганна Маторная, якая рэжысіравала абедзве ўганараваныя сёлета оперы. 

Што наконт найлепшага спектакля для дзяцей і юнацтва, то, безумоўна, “Снежная каралева” ўражвае багаццем, эфектнасцю сцэнаграфіі і касцюмаў, да чаго імкнулася пастаноўчая каманда і мастакі Андрэй Меранкоў, Таццяна Лісавенка, Вольга Мельнік-Малахава. А “Прададзены смех” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, акрамя відовішчнасці і вынаходлівасці ўвасаблення, утрымліваў яшчэ вельмі блізкія дзецям фантазійныя элементы, што развіваюць уяўленне. Тут і палёт трамвая праз усю залу, і дражджавое цеста, што падыходзіць у дзежцы і ператвараецца ў сукенку, і забегі на іпадроме, вырашаныя праз вертыкальную рулетку і хулахуп. А над усім — вельмі важная для падлеткаў думка пра тое, што радасць жыцця за грошы не прыдбаеш. 

"Дон Кіхот"

"Дон Кіхот"

Сярод спектакляў тэатраў лялек перамаглі сталічныя “Нататкі юнага ўрача”, пастаўленыя Яўгенам Карнягам з неверагоднай, папраўдзе выкшталцонай візуалізацыяй. Цэнтральны выканаўца Дзмітрый Чуйкоў ушанаваны за найлепшую акцёрскую работу. Найлепшым рэжысёрам у гэтай секцыі прызналі Валерыя Карышава з Гродзенскага абласнога тэатра лялек — за “Брыдкае качаня”. Спектакль упэўнена засведчыў, што першым было яйка: менавіта з агромністых плоскіх дэталей у выглядзе “яек” і былі зроблены амаль усе персанажы казкі (мастак — Вольга Шчарбінская). Спецыяльнай прэміяй адзначана “Магіла льва” Магілёўскага абласнога тэатра лялек — “за творчае асэнсаванне і ўвасабленне гісторыі роднага краю”. 

Тры “буслы” паляцелі ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага. Рок-опера “Граф Монтэ-Крыста” названая найлепшай сярод твораў у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла. Цэнтральную ролю Руслана Чарнецкага ў гэтым спектаклі прызналі найлепшай мужчынскай. А найлепшым спектаклем тэатра драмы для вялікай сцэны стаў “Ідыёт” таго ж тэатра, пастаўлены сербскай актрысай і рэжысёрам Іванай Жыган. 

Дзве адметныя ўзнагароды атрымаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Мастацкі кіраўнік Адам Мурзіч адзначаны “За ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі”. Аднаактовы балет “Пад*Свядомасць” Сяргея Мікеля вылучыла сваёй прэміяй журы. 

"Граф  Монтэ-Крыста"

"Граф Монтэ-Крыста"

Самая вялікая канкурэнцыя была, як заўжды, у секцыі драмы: між сабой змагаліся ажно 10 спектакляў для вялікай сцэны. Пры гэтым адразу два прызы “прызямліліся” ў Мінскім абласным драмтэатры, што ў Маладзечне. І абодва — за спектакль “Валянціна”, вырашаны ў найлепшых традыцыях псіхалагічнага тэатра. Мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка адзначаны за найлепшую рэжысёрскую працу. Алена Рахмангулава — за ролю каларытнай Буфетчыцы. Найлепшая мужчынская роля — прафесар Серабракоў Ігара Падлівальчава ў “Дзядзьку Вані” Тэатра-студыі кінаакцёра. Прэміяй журы была ўганараваная народная артыстка Беларусі, адданая актрыса купалаўскай трупы Тамара Міронава. Найлепшым мастаком прызнаная Лідзія Малашэнка, якая працуе ў сталічным Новым драматычным. Яе адзначылі за “Дом Бернарды Альбы”. 

А вось сярод драмспектакляў для малой сцэны аказаліся ўсяго дзве меладрамы — і без прэмій. Чаму і куды падзеліся творчыя эксперыменты, якія звычайна і асацыююцца з камернай залай? Вядома, да правядзення наступнай “Нацыянальнай тэатральнай прэміі” праз два гады ўсе пытанні будуць вырашаны, бо наш тэатральны конкурс — жывы арганізм, які развіваецца і шукае шляхі ўдасканалення. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ