Тан­цы, пра­сяк­ну­тыя ра­дас­цю

Ансамбль, які вучыць не толькі танцавальнаму майстэрству, але і сяброўству, згуртаванасці, узаемаразуменню, адказнасці. Так пра сваё аб’яднанне гавораць удзельнікі гомельскага калектыву “Апельсін”. За 34 гады яго існавання артысты выходзілі на сцэну больш за 2000 разоў! Кожнае выступленне — сапраўднае свята, феерыя, якую гледачы сустракаюць і праводзяць бурнымі апладысментамі. Аб яркім творчым жыцці танцораў — у нашым матэрыяле.

СМАЧНАЕ ІМЯ 

— Калі нарадзіўся калектыў, назву шукалі вясёлую і яркую,— распавядае мастацкі кіраўнік Ірына Уладзіміраўна Ветрава. — Прапанавалі дзецям самага першага складу некалькі варыянтаў. Яны выбралі “Апельсін”. Пазней, калі арганізаваўся самастойны калектыў са старэйшых удзельнікаў, паўстала пытанне, як быць з імем. Меркавалі прыдумаць новае. Але хлопцы і дзяўчаты не пагадзіліся. Так што мы дадалі толькі “ПЛЮС”. “Апельсінкі” ўсіх узростаў стараюцца ствараць для гледача такі ж яркі і сонечны настрой, які з’яўляецца, калі бачыш гэты сімпатычны аранжавы фрукт.

Выканаўцы танцуюць з жаданнем, энергіяй, заражаючы настроем публіку. Звяртаюць увагу на маляўнічасць касцюмаў. Заўжды да дробязей усё прадумваюць. Прызнаюцца: часам прыходзіцца доўга “чараваць”, перш чым атрымаецца тое, што трэба. 

РЭПЕРТУАР — НА ЛЮБЫ ГУСТ 

Рэпертуар “Апельсіна” разнапланавы: танцы народаў свету, эстрадныя кампазіцыі і нумары пад класічную музыку. Артысты не толькі ўдзельнічаюць у гарадскіх і абласных мерапрыемствах, але і выступаюць на розных пляцоўках Беларусі, а таксама выязджалі з канцэртамі за мяжу. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Апельсін ПЛЮС” на працягу вучэбнага года можа “падняць” каля 30 нумароў — то-бок зноў успомніць, адрэпеціраваць і ўвесці ў актыўны рэпертуар. Ва ўзорным ансамблі танца “Апельсін”, вядома, колькасць крыху меншая: каля 15. Самыя маленькія “апельсінкі” ведаюць і выконваюць да сямі нумароў. Харэографы заўжды стараюцца рыхтаваць размаіты матэрыял, каб было з чым выступіць на розных імпрэзах, імкнуцца прыдумаць нешта новае і цікавае. Для ўдзельнікаў і педагогаў ансамбля няма вялікіх ці малых свят, прэстыжнай ці шэраговай сцэны — усюды і заўсёды творцы працуюць з поўнай самааддачай. 

Зразумела, нешта з рэпертуару калектыву адыходзіць у мінулае, застаюцца толькі самыя яркія і любімыя нумары, здольныя перажыць другую, трэцюю рэдакцыю. З беларускіх гэта — “Весніцы”, “Лявоніха”, “Таўкачыкі”, “Паясок”, “Палескія гульні”, “З-пад гары”. Эстрадныя танцы часам атрымліваюць кінематаграфічныя назвы, напрыклад “Рымскія канікулы”. 

З ПРАПІСКАЙ У ГОМЕЛІ 

Ансамбль танца стварыла Раіса Васільеўна Ветрава ў 1989-м пры Палацы культуры завода “Гомсельмаш”. Усю сваю гісторыю калектыў быў культурнай візітоўкай прадпрыемства. Праз пяць гадоў аб’яднанню надалі званне “Узорны самадзейны калектыў”. У 2005-м “Апельсін” стаў лаўрэатам Прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ансамбль для старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак “Апельсін ПЛЮС” з’явіўся ў 1996-м. Вядома, за гэтыя гады змены ў структуры былі непазбежныя. Цяпер пад адной назвай працуюць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Апельсін ПЛЮС” (выканаўцы ад 14 гадоў), узорны ансамбль танца “Апельсін” (юнакі і дзяўчаты ад 11 да 14 гадоў) і харэаграфічная студыя (дзеці ад 7 да 11 гадоў). Усяго больш за 130 чалавек. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да танца і ўменне працаваць. Для шматлікіх удзельнікаў ансамбль вызначыў будучую прафесію. Яны сталі навучэнцамі аддзялення харэаграфіі Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага і студэнтамі аддзялення народна-сцэнічнага танца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У “Апельсіне” працуюць выпускніцы калек¬ тыву – балетмайстар Ірына Нікалаева і кіраўнік студыі Кацярына Буракова. 

“ФРУКТОВЫЯ” ТРАДЫЦЫІ 

Рэпетыцыі ў буйным калектыве праходзяць кожны дзень: то ў “Апельсіна”, то ў “ПЛЮСа”, то ў студыйных груп. Але жыццё артыстаў не абмяжоўваецца толькі гэтым. У аб’яднанні заўсёды віншуюць імяніннікаў, ладзяць гульні, збіраюцца на імправізаваныя вечарынкі. Адным словам, выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб пазнаёміць малодшых і старэйшых чальцоў вялікага калектыву. Ёсць у іх вельмі цёплая і даўняя традыцыя: 7 студзеня, на Каляды, “апельсінкі” запрашаюць усіх былых удзельнікаў і праводзяць вечар ля вялізнай навагодняй яліны ў агульным доме — ДК “Гомсельмаш”. Гутараць, згадваюць моманты, якія злучаюць розныя пакаленні творцаў. Гэта невымоўныя адчуванні, якія дазваляюць зарадзіцца пазітывам на год наперад. Ёсць яшчэ адзін добры звычай — рыхтавацца разам да справаздачнага канцэрта: складаць касцюмы, абутак і шматлікі рэквізіт, які ўпрыгожвае выступленні, — парасоны, капялюшыкі ды іншае. Кожная рэч вельмі дарагая калектыву, а беражлівыя адносіны да агульнага скарбу — тое, чаму старэйшыя выхаванцы вучаць малодшых. 

Жыццё гомельскага “Апельсіна” трывала і назаўжды звязана з “Гомсельмашам”, які дапамагае артыстам. Яны вельмі шануюць гэтую падтрымку. Дзякуючы заводу два гады таму старэйшыя ўдзельнікі калектыву выправіліся ў Гродна на экскурсію — гэта была агульная мара. Выхаванцы шпацыравалі па горадзе, шмат што паглядзелі. Нават наведалі адзін з найстарэйшых лялечных тэатраў нашай краіны: трапілі за кулісы і ўбачылі, як усё наладжана знутры. Цяпер і дзеці, і дарослыя хочуць, каб такія выезды сталі добрай традыцыяй. 

САКРЭТ БЕЗ САКРЭТУ 

Што дапамагло “Апельсіну” дабіцца поспеху? Кіраўнікі кажуць, што ўсё як і ва ўсіх — бясконцая любоў да сваёй справы. “Бывае, няважна сябе адчуваеш або настрой не вельмі, а кожны з нас усё роўна ўваходзіць у харэаграфічную залу і пачынае самааддана працаваць. І ўсе хваробы як рукой знімае. Вось і ўвесь сакрэт — дысцыпліна, адданасць і патрабавальнасць”. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву