У адпаведнасці з законам

Апублiкавана: 02 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

У прэс-клубе “Культура і мастацтва” адбылася відэаканферэнцыя на тэму “Закон № 305-З: дзеянне ў супрацьдзеянні (інфармаванне, прапаганда, тлумачэнне ў фарміраванні нецярпімага стаўлення да карупцыі ў сферы культуры)”.

Як паведаміла начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Таццяна Стволава, у ведамстве зацверджаны план па супрацьдзеянні карупцыі на 2022—2025 гады. Ён прадугледжвае захады, што ахопліваюць кадравую работу, вытворчую і гаспадарчую дзейнасць, і адукацыйна-выхаваўчыя, інфармацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы. 

КРЫМІНАГЕННЫЯ РЫЗЫКІ 

Старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Андрэй Федаровічаў нагадаў, што ў другім паўгоддзі органы пракуратуры праверылі выкананне заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і супрацьдзеянні экстрэмізму ў сферы культуры. Цягам 2020—2023 гадоў выяўлена 53 карупцыйныя злачынствы, за якія прыцягнута да адказнасці 18 работнікаў галіны. Пераважная колькасць злачынстваў была звязана з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, крадзяжом і атрыманнем хабару. Найбольшыя крымінагенныя рызыкі звязаны з арганізацыяй і правядзеннем культурна-масавых мерапрыемстваў, працаўладкаваннем блізкіх сваякоў і дакладнасцю ўліку рабочага часу. 

Выклікае пытанні таксама ўзяцце абавязацельстваў у дзяржаўных службовых асоб. Выяўлены выпадкі, калі кадравыя службы не рабілі гэтага. Здаралася, што абавязацельствы браліся ў тых асоб, у якіх не павінны былі. Часам у абавязацельствах пэўных супрацоўнікаў неабгрунтавана прапісвалася забарона на выкананне іншай работы за плату. 

Таксама шмат нюансаў ва ўрэгуляванні канфлікту інтарэсаў, які ўзнікае з-за працы ў адной установе сваякоў ці сужэнцаў. Дзякуючы такому інструменту фінансавага кантролю, як дэклараванне даходаў і маёмасці службовых асоб, былі выяўлены факты неўказання ў дэкларацыях аб’ектаў нерухомасці, аўтамабіляў, даходаў ад продажу падобнай маёмасці. Ёсць парушэнні, звязаныя з бязвыплатнай спонсарскай дапамогай. У шэрагу выпадкаў гэтыя сродкі выкарыстоўваліся не на тыя мэты, на якія вылучаліся, альбо наогул на тыя, што забаронены законам. Таксама Андрэй Федаровічаў звярнуў увагу, што ў некаторых арганізацыях камісіі па супрацьдзеянні карупцыі падыходзяць да працы фармальна. 

СУРОВЫЯ САНКЦЫІ 

Вывучалася мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Міністэрства фінансаў за згаданы перыяд правяло 147 праверак. У выніку выяўлены парушэнні бюджэтнага заканадаўства, звязаныя з утрыманнем у штаце тэхнічнага персаналу і ўстанаўленнем разнастайных надбавак ды прэмій. Актуальнае і пытанне закупак. Здараецца, што яны праводзяцца з адной крыніцы. Часам пераможцам тэндара абвяшчаецца ўдзельнік, прапанова якога не адпавядае патрабаванням тэхнічнай дакументацыі аб закупцы. 

Старшы аператыўны ўпаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў Арцём Ляшкевіч нагадаў, што ў залежнасці ад наступстваў карупцыйных правапарушэнняў у Рэспубліцы Беларусь устаноўлена крымінальная, адміністратыўная, дысцыплінарная і грамадзянска-прававая адказнасць. Крымінальны кодэкс прадугледжвае суровыя санкцыі, якія дасягаюць тэрміну ў 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права працаваць на пэўных пасадах альбо займацца вызначанай дзейнасцю. Міністэрства ўнутраных спраў разам з Генеральнай пракуратурай, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ды Міністэрствам адукацыі падрыхтавала памятку па прадухіленні і ўрэгуляванні канфлікту інтарэсаў.

Важна ведаць

Таксама госці студыі адказалі на актуальныя пытанні па тэме, якія паступілі ад гледачоў відэаканферэнцыі. 

— Уявім сітуацыю: загадчык бібліятэкі ў аграгарадку з нейкіх прычын узяў яшчэ і палову стаўкі прыбіральшчыка памяшканняў альбо дворніка. Ці мае ён такое права? 

— Калі гэта загадчык сектара ці філіяла, а не самастойнай арганізацыі, то мае. 

— Колькі асоб могуць быць членамі камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, калі ў калектыве не больш за 20 чалавек? 

— У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў — не менш за пяць. Гэта не азначае, што ў такой арганізацыі камісія абавязкова павінна быць створана, але калі яна ўжо ёсць, то мусіць адпавядаць патрабаванням. 

— Калі зафіксавана, што тэндар на пастаўку прадукцыі або на аказанне пэўнай паслугі адбыўся, ці можа кіраўнік яго адмяніць і перадаць тое права іншаму прэтэндэнту? Ці расцэньваецца гэта як нагода для падазрэння ў карупцыі? 

— Калі працэдура закупкі можа быць адменена ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое яе рэгулюе, кіраўнік мае такое права. Але калі падставы для адмены надуманыя, гэта звычайна відавочна. На падобны выпадак звернуць увагу праваахоўныя органы. 

— Работнікі збіраюць грошы на падарунак начальніку да дня нараджэння. Кіраўнік не ведае аб гэтым. Падарунак каштуе больш за дазволеную суму, а ўручаецца на працоўным месцы. Як трэба паступіць? 

— З 1 сакавіка істотна змянілася заканадаўства па гэтым пытанні. Агульнае правіла такое: падарунак, кошт якога не перавышае 20 базавых велічынь, не парушае Закон “Аб барацьбе з карупцыяй” пры ўмове, што ўручаны падчас афіцыйнага мерапрыемства. Кошт падарунка большы за названую суму — кіраўнік мусіць заявіць аб тым ва ўстаноўленым парадку. Калі падарунак уручаецца ад калектыву, сітуацыя нармальная, а вось калі падносіцца асобным супрацоўнікам — гэта можа разглядацца як карупцыя. 

Антон РУДАК