Восень у Завоссі

24 верасня ў Музеі-сядзібе Адама Міцкевіча, на гасціннай зямлі Баранавіччыны, прайшоў чарговы літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”. Маштабнае свята сабрала некалькі сотняў гледачоў і ўдзельнікаў, у шэрагі якіх патрапілі і журналісты нашай газеты.

Свята, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя асобы і творчасці славутага паэта Адама Міцкевіча, мае доўгую гісторыю. Упершыню яно прайшло ў далёкім 2006 годзе. Але працяг адбыўся толькі ў 2018-м. Праўда, і далей сустракаліся перашкоды — у 2020-м урачыстасці адмяніла пандэмія. Таму сёлетні фестываль стаў чацвёртым па ліку. Як і ў мінулыя гады, у Завоссе з’ехаліся паэты і гісторыкі, спевакі і мастакі, было багата майстар-класаў і квестаў.

Арганізатарамі свята выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адным з галоўных і сталых партнёраў фестывалю з’яўляецца Баранавіцкая бібліятэчная сістэма і Навамышская бібліятэка імя Яна Чачота. Дарэчы, менавіта іх “Бібліятэчны падворак”, з густам арганізаваны дырэктарам бібліятэкі Таццянай Лайша і яе калегамі, традыцыйна з’яўляецца адной з цэнтральных і насычаных падзеямі кропак свята. Сёлета тут выступілі паэты Святлана Танюкевіч і ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Купальскія зоры” (кір. Таццяна Яцук), літаратары Саюза пісьменнікаў Беларусі: Алена Басікірская, Кацярына Роўда, Кацярына Стройлава, Таццяна Дземідовіч, Алена Папко, Раіса Раманчук, Таццяна Яцук, Зоя Кулік, Анатоль Бензярук. Аўтар гэтых радкоў выступіў з кароткім дакладам, які быў прысвечаны сузаснавальніку і архівісту таварыства філаматаў, сябру Адама Міцкевіча — Ануфрыю Петрашкевічу.

Для шматлікіх гасцей у сядзібе адна за другой праходзілі экскурсіі. Там жа адбыўся канцэрт “Светач веку залатога”, падчас якога гучалі песні на вершы Адама Міцкевіча і яго сяброў-філаматаў у выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік і музыказнаўцы Святлены Немагай (фартэпіяна). Для аматараў гістарычнай анімацыі на сядзібным падворку быў разгорнуты “палявы лагер” вядомага рэканструктара Юрыя Усціновіча, у якім кожны мог паспрабаваць свае сілы ў рыцарскіх і шляхецкіх забаўках. Побач з рэканструктарамі ладзіўся мастацкі пленэр з удзелам навучэнцаў Навамышскай дзіцячай школы мастацтваў.

На галоўнай сцэне, якая сёлета была вынесена за межы сядзібнага падворка, адбыліся ўзнагароджанне пераможцаў дзіцячага творчага конкурсу “Там пакінуў я душы часціцу…”, прысвечанага творчасці А.Міцкевіча, выступленні народнага тэатра “На Мышанцы”, фолк-рок гурта “Тутэйшая шляхта”, арт-гурта “Беларусы”, канцэртная праграма калектываў мастацкай самадзейнасці Баранавіцкага раёна і паэтычныя чытанні творцаў Саюза пісьменнікаў. Літаратурнае падарожжа, якое арганізаваў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, уключала ў сабе квест “Адамаў шлях пад вечным небам”, гульню-хадзілку “Звязка беларускіх казак”, лекцыю “Радавод Адама Міцкевіча і іншыя цікавосткі пра паэта” ад аўтара гэтых радкоў. Працавала і выставапродаж вырабаў народнай творчасці рамеснікаў Баранавіцкага раёна.

Прыемна, што на фестывалі было шмат моладзі: і сярод удзельнікаў, і сярод актыўных гледачоў. У адным толькі квесце “Бібліятэчнага падворка” паўдзельнічала больш за сотню юных гледачоў, пераможцы якога атрымалі памятныя прызы ад Навамышскай бібліятэкі імя Яна Чачота.

Хочацца падзякаваць арганізатарам мерапрыемства за зладжаную працу па правядзенні свята і пазычыць фестывалю новых поспехаў!

Зміцер ЮРКЕВІЧ