Сродкамі сучаснага танца

ХХІХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі праходзіў з 22 па 26 лістапада ў Віцебску.

У цяперашнім фармаце IFMC праводзіцца з 1993 года. Сёлета ў яго цэнтры апынуўся рэспубліканскі конкурс, які чаргуецца з міжнародным. Такая форма ўзнікла, каб надаць больш увагі айчынным харэографам і іх праектам, якія раней не маглі на роўных канкурыраваць з замежнымі. Яно і не дзіва: у нас пачалі займацца кірункам contemporari dance усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму, і да некаторага часу віцебскі фестываль заставаўся адзіным такога роду на ўсёй постсавецкай прасторы. Таму ў ім адразу склалася вельмі моцная асветніцкая лінія, што захавалася і дагэтуль: лекцыі, майстар-класы, творчыя сустрэчы, прагляды найлепшых узораў сучаснай харэаграфіі з іх далейшым абмеркаваннем. Акрамя таго, багатая гасцявая праграма, якая сёлета ўтрымлівала спектаклі з Беларусі і Расіі. У дадатак, як заўсёды, тэматычная фотавыстава. 

Дзмітрый Бяззубенка і Святлана Гуткоўская

Дзмітрый Бяззубенка і Святлана Гуткоўская

НАЙЛЕПШЫЯ З НАЙЛЕПШЫХ 

Нягледзячы на рэспубліканскі статус, на конкурсе, як заўжды, працавала міжнароднае журы (Беларусь, Італія, Македонія, Сербія, Харватыя), задачай якога было выносіць вердыкт па самых высокіх сусветных параметрах. І ацэньваць не пастаўленую харэаграфію ці яе выкананне, а нумары цалкам. Па традыцыі, спаборніцтва праводзілася ў некалькі тураў. Спярша арганізатары аналізавалі дасланыя заяўкі з відэаматэрыяламі. З больш як 200 прапаноў адабралі 25 калектываў з розных рэгіёнаў, які паказалі 35 нумароў. Пасля іх прагляду ў закрытым фармаце журы пакінула менш за палову — усяго 14 нумароў, склаўшы з іх дзве паўнавартасныя канцэртныя праграмы, разлічаныя на публічны паказ па квітках. Далей з гэтых конкурсных кампазіцый былі зноў вылучаны найлепшыя. Пераможцы (сярод іх амаль усе — мінчукі) атрымалі тры асноўныя прэміі і некалькі спецыяльных. 

На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзышоў Цэнтр сучаснай харэаграфіі Надзеі Кашкан — за нумар “Лаксар”. Другой прэміяй адзначаны сумесны праект Юліі Касабуцкай і Марыі Ізмер (кампазіцыя “Пасля”). Трэцяе месца заняў праект Паўла Луцэвіча (“Ваяджэр-1”). Вельмі прэстыжную прэмію імя Яўгена Панфілава, што ўручаецца найлепшаму харэографу асабіста, атрымаў Дзмітрый Бяззубенка — старшы выкладчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго калега па БДУКМ Сабіна Мазгавая вылучана Дырэкцыяй фестывалю “За паэтызацыю нацыянальнага мастацтва сродкамі сучаснага танца”. Прэміяй “Постскрыптум” узнагароджаны праект Юліі Суляк з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў за нумар “Пераасэнсаванне”. Прэмія “За сэнсавае напаўненне танца” дасталася праекту Марыі Ісакавай “Hands” з Гомеля за кампазіцыю “Нагары”. Танцавальная кампанія “Каля 30-ці” стала ўладальніцай прыза “За неацэнны ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі”. 

ЭКСПЕРТНАЕ МЕРКАВАННЕ 

Як заўжды, акрамя журы на конкурсе працаваў экспертны савет — са сваім уласным поглядам на працэсы развіцця сучаснай харэаграфіі. Таму для паўнаты карціны мы звярнуліся па каментарыі да старшынь абедзвюх строгіх камісій. 

Эксперты: Таццяна Ратабыльская (Германія), Алена Зачынская (Расія), Святлана Уланоўская (Беларусь — Расія), Святлана Гуткоўская (Беларусь)

— Конкурс атрымаўся вельмі прадстаўнічым, — распавяла старшыня экспертнага савета, загадчыца кафедрай харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская. — Удзельнікі былі не толькі з Мінска, але і з Гомеля, Магілёва, Віцебска. На жаль, не было прадстаўнікоў Гродна, бо там здаўна гэты кірунак развіваўся досыць плённа. Узрос тэхнічны ўзровень выканальніцкага майстэрства. Удзельнікі добра валодаюць сваім целам, навучаны сучаснай тэхніцы, што дазваляе харэографам увасабляць самыя смелыя ідэі. Такое падняцце планкі я звязваю ў тым ліку з працай нашай кафедры, якая ўжо болей за дзесяцігоддзе мэтанакіравана рыхтуе спецыялістаў у гэтай сферы. У конкурсную праграму былі адабраны ажно сем праектаў студэнтаў і выкладчыкаў кафедры з дзевяццю нумарамі. Калі ж далучыць сюды нашых выпускнікоў, дык лічба ўзрасце яшчэ больш. А галоўнае — колькасць перарасла ў якасць. Адзначу Кацярыну Паўлаву, якая пасля завяршэння вучобы прыязджала ў Віцебск як танцоўшчыца, а цяпер прывезла ўласны калектыў — “Арыгамі”. Адзначу таксама ўзрослае жаданне працаваць у буйной форме. Бо кампазіцыі па 20 з нечым хвілін — гэта, па сутнасці, ужо аднаактовыя балеты. Узрадавала разнастайнасць: былі цікавыя сола, дуэты, камерныя, а таксама масавыя нумары. Болей асэнсаваным стаў выбар музыкі (у асноўным інструментальнай, а не англамоўных песень, як раней), яе мантаж, імкненне знайсці адпаведныя касцюмы, выставіць тэатральнае святло. Узрасла сцэнічная культура. Разнастайнай была тэматыка: асабістыя адносіны, філасофскія тэмы, прысвячэнні Піне Бауш, Сары Бернар, нават медыцынскі аспект. У тым жа “Лаксары” — дысацыятыўны разлад асобы дзяўчыны, у якой быццам ужываюцца чатыры розныя чалавекі. Упершыню я ўбачыла яго яшчэ на прэм’еры ў Мінску і загітавала Надзею паехаць з ім на IFMC. У экспертнага савета і журы часам былі розныя прыярытэты. Журы складалася ў асноўным з харэографаў, дзе кожны шукае тое, што яму бліжэй. Сярод экспертаў жа пераважалі крытыкі, тэарэтыкі, у тым ліку з Германіі і Расіі, якія шмат чаго бачылі і аналізавалі (я, да прыкладу, апошнім часам пабывала на харэаграфічных фестывалях у Екацярынбургу, Санкт-Пецярбургу, Сочы, Казані). Таму ў другі тур прайшлі не ўсе тыя, каго мы адзначылі. Але перамога “Лаксара” — заканамерная. 

НА ПОГЛЯД ЖУРЫ 

— Тэндэнцыя адна і вельмі станоўчая, — падкрэсліў старшыня журы, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў. — Расце выканальніцкі ўзровень. І не проста таму, што нумары добра адрэпеціраваны (гэта само сабой), а таму, што ў краіне вядзецца планамерная метадычная праца па навучанні сучасным харэаграфічным тэхнікам. Радуе шматслойнасць работ, якія закранаюць розныя тэмы, сучасную праблематыку. Я даўно сачу за IFMC. Спачатку быў удзельнікам, потым членам журы, цяпер вось “дарос” да старшынства (дарэчы, журы працавала зладжана, спрэчак і рознагалосся не было). Арганізацыя — бездакорная. Марына Раманоўская, якая ўзначальвае фестываль усе 37 гадоў і ў свой час выступіла аўтарам яго ідэі, стварыла выдатную каманду: усё працуе як гадзіннік. Дадам, што калісьці некаторыя гасцявыя спектаклі фестывалю паказваліся ў нашым Вялікім тэатры, нават у іншых гарадах. Сёлета таксама адзін з балетаў дэманстраваўся ў сталічным Палацы прафсаюзаў. Але было б добра вярнуць ранейшую традыцыю, бо той жа “Куб невыразны” Тэатра сучаснага танца “Каннан данс” з Санкт-Пецярбурга не сорамна было б паказаць у Вялікім. 

Надзея БУНЦЭВІЧ