Балаханаўцы з Бабруйска

Амаль паўстагоддзя працуе хор народнай песні імя В. Я. Балаханава. У складзе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь амаль 30 чалавек. Гэта рабочыя ды служачыя розных прадпрыемстваў і ўстаноў горада Бабруйска — мужчынская і жаночая вакальныя групы, салісты. На чым трымаецца поспех і папулярнасць аб’яднання? На пытанні пагадзіўся адказаць яго кіраўнік Васіль Іванавіч Петракоў.

— Васіль Іванавіч, спачатку распавядзіце, калі ласка, гісторыю калектыву. Якія вехі ў развіцці хору можаце вылучыць? 

— Калектыў быў створаны ў 1975 годзе на Беларускім шынным камбінаце Віктарам Яўстаф’евічам Балаханавым. Дарэчы, пазней ён удастоіўся звання заслужанага работніка культуры БССР. Адразу гэта была хутчэй цэхавая самадзейнасць, якая потым перарасла ў паўнацэнны хор. Да яго далучыліся людзі самых разнастайных прафесій: рабочыя, медыкі, выхавальнікі ды іншыя. 

У 1981-м калектыву прысвоілі званне “Народны”. Нашы музыканты неўзабаве пачалі гастраляваць па Савецкім Саюзе. Выязджалі і за мяжу. 

У 2006-м народны хор узняўся на яшчэ адну прыступку — стаў заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што наша згуртаванне — лаўрэат усесаюзных, міжнародных, рэспубліканскіх фестываляў: “Беларусь — мая песня”, “Пеўчае поле”, “Вянок дружбы”, “Сяброўская бяседа”, “Акрыты творчасці сэрцы” ды іншых. У 2010 годзе хор быў ушанаваны Падзякай Міністэрства культуры Беларусі. 

А ў 2014-м здарылася трагічная для нашага калектыву падзея: яго нязменны кіраўнік пайшоў з жыцця. У той жа год мы атрымалі адмысловую назву — хор імя Балаханава. Нашы музыканты ганарацца гэтым і свята шануюць памяць Віктара Яўстаф’евіча, захоўваюць яго традыцыі. 

— Гэта датычыцца і рэпертуару? 

— Так, вялікі і арыгінальны рэпертуар закладзены яшчэ ў часы Балаханава. Ёсць новыя песні, а ёсць тыя, якія выконваюцца ледзь не з дня заснавання хору. Канцэрт на дзве гадзіны, а то і большы мы можам даваць лёгка. Пераважнае значэнне мае беларускі фальклор і аўтарскія кампазіцыі. Гэта наша спадчына, наша душа. Хаця выконваем і рускія, і ўкраінскія песні, і савецкія патрыятычныя, а таксама духоўныя канты. Мы імкнёмся да таго, каб рэпертуар быў разнастайным, нянудным, цікавым. 

Народная песня заўсёды ў модзе. Напэўна, цяпер некаторыя людзі, у прыватнасці маладыя, гэтага не разумеюць, аднак з узростам усё прыйдзе. 

— Якую публіку хочаце бачыць на канцэртах? 

— У глядзельнай зале павінны быць і дзеці, і дарослыя. Шкада, што народнай музыкі ў нас на тэлеканалах і ў іншых СМІ менш, чым той жа “папсы”, — ад гэтага ўсе беды. У апошні час беларускае, натуральнае адраджаецца. Я рады, што наша, сваё вяртаецца! Моладзь трэба прыцягваць да меладычнай спадчыны, паказваючы яе найлепшыя ўзоры, каб юнакі і дзяўчаты бачылі альтэрнатыву таму прымітыву ў прыгожай абгортцы, які сёння, на мой погляд, пераважае ў інтэрнэце. Толькі выхаваныя на нацыянальных традыцыях людзі здольныя адрозніваць і адсякаць калямузычнае смецце ад сапраўднага мастацтва. 

Цяпер наш асноўны глядач — людзі сярэдняга і пажылога ўзросту. Для народных песень характэрная асаблівая манера выканання, падача гуку ды, галоўнае, глыбіня і душэўнасць. Калі гэта ёсць, песня пранікае ў сэрцы слухачоў. Як ты яе падасі — так да цябе і будуць ставіцца. Публіку трэба заваёўваць! 

— Што ляжыць у аснове вашага хору? Якія каштоўнасці музыканты захоўваюць і перадаюць нашчадкам? 

— У нас унікальны калектыў, вельмі прыязны, гасцінны, згуртаваны. Многія спяваюць разам шмат гадоў. Гэта сведчыць, што ў хоры створаны ўсе ўмовы і для канцэртных выступленняў, і для рэпетыцый, ды і стасункі ў нас, як у сапраўдным творчым калектыве, добрыя. 

Падмурак зычлівых плённых зносін — любоў да народнай песні. Калектыў мусіць быць адной сям’ёй, кожны член якой адказвае за тую частку працы, якую ён выконвае якасна і з душой. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва героя