Аб­апал На­лі­боц­кай пуш­чы

Падчас візіту калегіі Міністэрства культуры ў Гродзенскую вобласць, які адбыўся 26 кастрычніка,міністр Анатолій Маркевіч падкрэсліў,што пры рабоце з аб’ектамі гісторыкакультурнай спадчыны важна наладжваць узаемадзеянне паміж раёнамі і сумесна распрацоўваць турыстычныя маршруты — такі сістэмны падыход дапаможа больш пагрузіць турыстаў у гісторыю рэгіёна. Гэтым разам мы паспрабавалі накрэсліць такі маршрут па наваколлі Налібоцкай пушчы і далей па Навагрудчыне,у ваколіцы славутага возера Свіцязь.

ХРАМЫ І МУЗЕІ 

Перш накіроўваемся ў Івянец. У краявідзе гэтага мястэчка вылучаюцца дзве выразныя дамінанты — касцёл Святога Міхаіла Арханёла з колішнім кляштарам ордэна францысканцаў і касцёл Святога Аляксея. Першы з іх, так званы Белы касцёл, быў узведзены ў другой палове XVІІІ стагоддзя ў стылі віленскага барока, напрыканцы ХІХ стагоддзя перабудоўваўся пад праваслаўную царкву, але пасля храму вярнулі першапачатковы выгляд. У пасляваенныя гады ў касцёле і кляштары ў розны час размяшчаліся крама, засолачны цэх загатканторы, сярэдняя школа, а пазней — цэх эксперыментальна-даследчай вытворчасці Мінскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута. У 1992-м касцёл быў нарэшце вернуты вернікам. 

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках

З гэтым храмам звязаная і трагічная гісторыя часоў апошняй вайны: 19 ліпеня 1943 года два святары з ліку івянецкіх францысканцаў, Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, былі расстраляныя ў вёсцы Баравікоўшчына на поўнач ад Івянца, выратаваўшы такім чынам жыцці мясцовых жыхароў. За гэты подзвіг у 1999-м ксяндзы былі прызнаныя святымі, а на месцы іх гібелі сёння знаходзіцца мемарыял. 

Акрамя помнікаў архітэктуры, у Івянцы прыцягнуць увагу турыстаў можа мясцовы Музей традыцыйнай культуры, дзе сабраныя цікавыя ўзоры народнага мастацтва. У экспазіцыі звяртаюць на сябе ўвагу разьбяныя скульптуры народнага майстра Апалінарыя Пупко (1893—1984), які тварыў у стылі інсітнага мастацтва. Дарэчы, захавалася ў Івянцы і хата мастака, цалкам распісаная ім усярэдзіне. Тут можна таксама пабачыць як альбомы з яго шматлікімі малюнкамі, так і падораныя кнігі з аўтографамі вядомых у Беларусі людзей, а экскурсію могуць правесці сваякі майстра. 

Дарогай да сэрца Налібоцкай пушчы ў Стаўбцоўскім раёне варта агледзець яшчэ два цікавыя касцёлы — Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў пасёлку Школьны і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках. Будаўніцтва абодвух храмаў распачалося ў 1930-я, але калі неараманскі гмах у Школьным паспелі асвяціць да пачатку вайны, то касцёл у Налібаках так і заставаўся стаяць недабудаваны аж да 1990-х, калі справа нарэшце была даведзеная да ладу. 

А вось храм у Дзераўной можа пахваліцца больш сур’ёзным узростам. Вядомы сёння як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, будаваўся ён у 1630-я як кальвінскі збор з рысамі готыкі і рэнесансу. На поўначы Навагрудчыны варта завітаць таксама ва Уселюб, дзе захаваўся ўзведзены яшчэ ў сярэдзіне XV стагоддзя касцёл Святога Казіміра, які лічыцца адным з найбольш ранніх узораў беларускай готыкі. Пры храме можна таксама пабачыць невялікую, але змястоўную экспазіцыю са старымі фотаздымкамі, зробленымі прыхаджанкай Янінай Арцімовіч (1926—2011), і старадаўнімі манетамі, медальёнамі ды пячаткамі, знойдзенымі на тэрыторыі касцёла. 

З НАДЗЕЯЙ НА ВЯРТАННЕ 

Далей кіруемся ў бок маляўнічага ляснога возера Кромань, і за Нёманам, перасекшы Налібоцкую пушчу, трапляем у вёску Шчорсы Навагрудскага раёна. У цэнтры паселішча — храм, узведзены ў 1770-я як грэка-каталіцкі, а сёння — царква Святога Дзмітрыя Салунскага. Будаваў яго славуты італьянскі дойлід Джузэпэ Сака, храм лічыцца помнікам пераходнага стылю ад барока да класіцызму. На жаль, будынак страціў сваю высокую вежу-званіцу — яна пацярпела ад абстрэлаў падчас Першай сусветнай вайны. У інтэр’еры храма варта звярнуць увагу на харугву, размешчаную ля іканастаса, — яна паходзіць з ХІХ стагоддзя і мае на адваротным баку надпіс “Братство щорсовской церкви”. А на адным з абразоў у цудоўным народным стылі можна бачыць подпіс мясцовага майстра — “Н. Серединский”. Адметна, што створаны абраз у 1954 годзе — у эру навуковага атэізму. 

Замак у Любчы

Замак у Любчы

З царквы накіроўваемся да колішняга маёнтка Храптовічаў. Комплекс сядзібных будынкаў быў узведзены ў 1770-я архітэктарамі Джузэпэ дэ Сака, Карла Спампані і Якубам Габрыэлем. Маёнтак славіўся сваёй бібліятэкай і мастацкай калекцыяй, таму нездарма тут гасцявалі такія вядомыя творцы, як Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і Ян Чачот — апошні нават пэўны час працаваў тут бібліятэкарам. А Міцкевіч менавіта тут ствараў свае знакамітыя паэмы “Гражына” і “Конрад Валенрод”. А ўжо ў наш час з мая 1994 па чэрвень 1995 года менавіта тут адбываліся здымкі аднаго з першых беларускіх серыялаў пад назвай “Пракляты ўтульны дом”. 

Сам графскі палац, на жаль, не захаваўся. Гаспадарчыя пабудовы не выкарыстоўваюцца, але з 2015 года вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі сядзібнага комплексу з акцэнтам на рамонт, кансервацыю і захаванне ацалелага. У 2018-м была праведзеная расчыстка фундаментаў шчорсаўскай сядзібы ад дрэваў, якая дапаможа прадухіліць пагрозу іх разбурэння. Таксама лясгас, валанцёры і сябры БРСМ расчысцілі тэрыторыю фальварка Храптовічаў Мураванка, што непадалёк ад Шчорсаў, — тут захаваліся старадаўнія гаспадарчыя пабудовы, якія выглядам нагадваюць не звычайныя свірны, а, хутчэй, абарончыя ўмацаванні. 

СЛЯДЫ ЗАБЫТАЙ ВАЙНЫ 

Паміж Навагрудкам і Мірам, вядомымі сваімі старажытнымі замкамі, крыху больш за стагоддзе таму на працягу трох гадоў затрымаўся фронт Першай сусветнай вайны. Гэтая катастрофа пакінула сляды ў навакольных краявідах. Напрыклад, у Турцы, што па дарозе з Міра да Карэлічаў, сёння можна ўбачыць сціплы знак, усталяваны дваццаць гадоў таму жыхарамі Турэцкага сельсавета, каб ушанаваць памяць аб продках, якія загінулі падчас Першай сусветнай. Не можа не цешыць, што ў нашыя дні людзі зберагаюць памяць аб ахвярах амаль забытай вайны.

Падзеі Першай сусветнай адбіліся і на лёсах тутэйшых архітэктурных помнікаў. Так, адразу за Турцом недалёка адна ад адной знаходзяцца вёскі Вялікая Слабада і Бярозавец, і ў абедзвюх захаваліся рэшткі мураваных праваслаўных цэркваў. Вось толькі ў Вялікай Слабадзе храм не паспелі дабудаваць да пачатку вайны, а ў Бярозаўцы ад абстрэлаў пацярпела ўжо ўзведзеная царква. Сёння руіны выглядаюць аднолькава маляўніча і велічна, відаць, што да іх наведваюцца вернікі. 

ДВА ЗАМКІ 

У Навагрудку таксама захаваліся сляды Першай сусветнай — напрыклад, мемарыял нямецкім салдатам на гарадскіх могілках ля аўтавакзала. Але, вядома, турыстаў сюды прывабліваюць перадусім іншыя помнікі, топ якіх узначальваюць руіны замка вялікіх князёў літоўскіх, які быў узведзены ў XIV—XVI стагоддзях. Археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў 2011 годзе, паказалі, што, акрамя рэшткаў дзвюх вежаў, на тэрыторыі замка захаваліся таксама падмуркі княжацкага палаца і царквы XIV стагоддзя. У 2012-м гэты помнік дойлідства быў уключаны ў дзяржпраграму “Замкi Беларусi”, што паклала пачатак аднаўленчым працам, якія працягваюцца і сёння. У 2014 годзе была завершана кансервацыя Касцельнай вежы, у 2020-м праведзена ўмацаванне схілу замкавай гары, каб прадухіліць спаўзанне грунту. Сёння працягваюцца работы па ўмацаванні руін вежаў і аднаўленні замкавага муру. У планах на будучыню — частковая музеефікацыя вежы Шчытоўкі, дзе будзе створаная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі замка. 

Дом Апалінарыя Пупко

Дом Апалінарыя Пупко

Навагрудскі раён — адзіны ў Беларусі, на тэрыторыі якога часткова захаваліся адразу два замкі — і абодва яны цяпер знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі. Другі з іх размешчаны на беразе Нёмана ў Любчы і быў узведзены ў канцы XVI стагоддзя магнацкім родам Кішкаў, а пасля перайшоў да Радзівілаў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на тэрыторыі замка быў збудаваны палац, пазней часткова разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. У сярэдзіне ХХ стагоддзя з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палаца быў узведзены будынак сярэдняй школы. Сёння тут працягваюцца рэстаўрацыйныя работы, якія праводзіць створаны ў 2003 годзе дабрачынны фонд “Любчанскі замак”. Адноўленая брамная вежа, адбудаваныя дзве замкавыя сцяны з паўднёва-ўсходняй вежай, цяпер працягваецца аднаўленне вежы над Нёманам. Сярод замкавага двара — падрыхтаваны да ўсталявання купал. Замак размешчаны ў маляўнічым парку, які прываблівае чародкі мясцовых дзяцей. 

АГУЛЬНЫМІ НАМАГАННЯМІ 

Нарэшце, завітваем у Райцу Карэліцкага раёна, дзе на гары ў цэнтры вёскі ўзвышаецца царква Святой Варвары, збудаваная ў 1817 годзе. Будынак, узведзены ў рэтрараманскім стылі, нагадвае сярэднявечны замак і выглядае даволі нехарактэрна для праваслаўнай традыцыі, бо быў закладзены як капліца-пахавальня роду Раецкіх, які валодаў наваколлем у ХІХ стагоддзі. Захаваўся тут і іх маёнтак, дзе любіў бываць Адам Міцкевіч, які прыязджаў сюды да сваёй каханай Марылі Верашчакі. 

А сёння двухсотгадовы сядзібны дом належыць сям’і мастакоў Аляксандра і Веры Салдатавых, якія пачалі даводзіць яго да ладу па рэкамендацыі мясцовага райвыканкама. Аляксандр Васільевіч — іканапісец, а Вера Яўгенаўна — майстар пляцення з саломкі. У сваёй сядзібе сям’я мастакоў дэманструе ахвочым не толькі ўласныя творы, але і калекцыю прадметаў народнага мастацтва і традыцыйнага побыту, сабраных у ваколіцах вёскі. Хатні музей прыцягвае ўвагу турыстаў і прываблівае ў Райцу новых гасцей. 

Інтэр’еры дома Апалінарыя Пупко

Інтэр’еры дома Апалінарыя Пупко

Гэты прыклад яшчэ раз пацвярджае, што для эфектыўнага клопату аб нашай гісторыка-культурнай спадчыне, захавання і разумнага выкарыстання помнікаў неабходнай умовай застаецца аб’яднанне намаганняў усіх зацікаўленых — органаў улады, грамадскіх энтузіястаў і мясцовых жыхароў. У выніку сумесных высілкаў і робіцца магчымым узнікненне новых турыстычных маршрутаў, а раней занядбаныя помнікі атрымліваюць новае жыццё. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара