Прыступкі ў даросласць

Апублiкавана: 05 студзеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Новы год — з новым спектаклем. Пад такім дэвізам рыхтаваліся да зімовых свят і школьных вакацый усе тэатры краіны. 

НА МУЗЫЧНЫ ГУСТ 

Больш за ўсё падарункаў для гледачоў, як звычайна, у Маладзёжнага тэатра эстрады. Адных толькі дзіцячых — адразу два. “Навагоднія прыгоды катоў на даху” напісала і паставіла мастацкі кіраўнік калектыву Уладзіслава Арцюкоўская, якая літаральна фантануе ўсё новымі сюжэтнымі прыдумкамі. А тут і прыдумляць асабліва нічога не спатрэбілася: усё змалявана з рэчаіснасці, а менавіта са штодзённага эстраднага жыццябыцця. Каты вырашылі стварыць эстрадны гурт і выправіцца на гастролі. І прадзюсар знайшоўся — пацук Барбос, скарочана Бос (у выкананні Уладзіміра Варанкова — гэткі філосаф, а не толькі крэатыўшчык). І ўсё б добра, ды шчанюк (Андрэй Кунец) таксама просіцца ў каманду. Спявае ж гэты артыст, як паслухаць, ніколькі не горш, а нават лепш за іншых! Таму пачынаюцца інтрыгі, прычым даволі дарослыя.

"Навагоднія прыгоды катоў на даху"

"Навагоднія прыгоды катоў на даху"

Падобны “ўваход” у закулісную праблематыку варта толькі вітаць, бо спектакляў на музычную тэму заўжды мала — іх трэба ставіць куды больш. Але ў гэтым выпадку, здаецца, можна было абмінуць некаторыя дэталі, адразу сканцэнтраваўшы ўвагу на кастынгу, што праводзяць Дзед Мароз са Снягуркай: спектакль пазначаны 0+, яго галоўная ідэя — належыць жыць у міры і згодзе — зразумелая нават немаўлятам. А сюжэтны віток з падробленым лістом — хіба для школьнікаў. Для ўсіх жа, уключаючы дарослых, у сцэнічнай дзеі шмат інтэрактыву. 

"Навагоднія прыгоды катоў на даху"

"Навагоднія прыгоды катоў на даху"

НА РОЗНЫ ЎЗРОСТ 

Другі спектакль “Элементарна — Новы год” Маладзёжнага тэатра эстрады, што паказваюць у павільёне былога “БелЭкспа”, па традыцыі пастаўлены рэжысёрам калектыву Ігарам Крывулькам і названы інтэрактыўнай казкай. Шоу таксама прызначана для ўзроставай катэгорыі 0+. Размова ідзе пра чатыры стыхіі: паветра, ваду, агонь і зямлю. Ці ж не цікава? Але — для куды старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак. Неспадзяванкі ўзнікаюць і ў інтэрактыве, у цэлым даволі ўдалым. Дзеці заўзята закідваюць снежкі ў кошык, гуляюць з вялізным мячом, запускаюць папяровых птушачак, спяваюць вядомую па тэлепраграме калыханку, жвава танчаць. Але чараўніцу стала называюць Снягуркай. Бо як іначай?

"Элементарна — Новы год"

"Элементарна — Новы год" 

На пытанне пра сімвал Новага года дружна адказваюць: “Дракон!” — тым больш што і адпаведная фотазона ёсць (увогуле, арыгінальна аформленых пляцовак тут хапае). Артысты ж чакаюць іншы варыянт — ялінка. Упэўнена: цягам амаль двух тыдняў па чатыры паказы на дзень усе недарэчнасці выправяцца. А пытанне, якога ўзросту дзяцей весці на тую ці іншую імпрэзу, застаецца на сумленні бацькоў. 

"Элементарна — Новы год"

"Элементарна — Новы год" 

НА ЛЯЛЕЧНЫ ЛАД 

Што ж да сапраўдных бэбі-спектакляў, прызначаных для самых маленькіх, дык гэта “Матылькі” рэжысёра Яўгена Карняга на нядаўна адкрытай малой сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Пад яе была адаптавана невялічкая рэпетыцыйная зала — і тут здарыўся цуд. Справа не ў тым, што кожны паказ разлічаны максімум на два дзясяткі гледачоў. І не ў тым, што дзятва змяшчаецца на адмыслова вырабленых падушках, што нагадваюць каменне. 

У спектаклі няма слоў — толькі відовішча. Але якое чароўнае! Самае цікавае, што гэта не казка, а распаведзеная на дзіцячай мове назіранняў рэальная гісторыя — пра тое, як з вусеня атрымліваецца матылёк. Пастаноўка маляўнічая, з сапраўднымі дзівосамі: і дожджык з аблачынкі льецца, і кветачка на нашых вачах вырастае з зямлі (мастак — Вольга Дваравая). Глядзець на ўсё гэта можна бясконца. Спектакль вучыць дзяцей назіраць за прыродай, беражліва ставіцца да яе багаццяў. І, галоўнае, разумець ды любіць ціхую прыгажосць. 

Прэм’еры глядзела Надзея БУНЦЭВІЧ