Дзве сяброўкі, якіх пазнаёміла Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, стварылі паспяховы дуэт. Гэта не сюжэт новага фільма, а рэальная гісторыя з жыцця Марыны Федосенка і Кацярыны Шакорда.
Дзяўчаты — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Музыканты ўжо пакарылі сцэны Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Дома Масквы ды іншыя. А ў лістападзе перамаглі на Міжнародным конкурсе-фестывалі баяністаў і акардэаністаў “Прыз Санкт-Пецярбурга”. Ці лёгка дуэту даўся дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі “Канцэртныя выканаўцы” і з чаго пачынаўся шлях у прафесію?
— Маленькай дзяўчынкай я захаплялася ўсім патроху: танцы, спевы, маляванне, — распавядае Марына Федосенка. — А паралельна заўсёды цікавілася вучобай: атрымлівала высокія адзнакі і ўдзельнічала ў алімпіядах. Музыка прыйшла ў жыццё, калі мне споўнілася восем. У выніку гэты занятак стаў маёй прафесіяй і хобі адначасова. А з акардэонам мяне пазнаёміла першая настаўніца ў бабруйскай музычнай школе. Я ўбачыла яго, пачула, як іграюць старэйшыя, — і літаральна закахалася. Яшчэ валодаю фартэпіяна, баянам, гуслямі.
Кацярына Шакорда згадвае свой старт:
— Мой тата скончыў Магілёўскую музычную школу № 1 па класе трубы. Бацька выбраў іншую прафесію, але і цяпер любіць іграць на фартэпіяна і гітары. Можна сказаць, што ён і далучыў мяне да свету музыкі. А бабуля была акардэаністкай, атрымала адукацыю ў Ленінградскім інстытуце культуры імя Н. К. Крупскай. У дзевяць гадоў я захацела навучыцца іграць на скрыпцы або фартэпіяна, але педагогі сказалі, што я не падыходжу па ўзросце. Тады мне прапанавалі паспрабаваць акардэон. Вось я і пазнаёмілася са Святланай Пятроўнай Гардзеенка, што прывіла мне любоў да гэтага інструмента. Паралельна я іграю на фартэпіяна, якое таксама вельмі паважаю.
— Вы студэнткі факультэта народных інструментаў (кафедра баяна і акардэона) Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Якія важныя ісціны зразумелі за пяць гадоў вучобы?
— На мой погляд, гэта самая прэстыжная ВНУ ў нашай краіне, — гаворыць Марына. — Вельмі хацела, каб у мяне выкладала Лідзія Віктараўна Скачко, першы прарэктар акадэміі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт. Так і атрымалася. Тут я навучылася шанаваць тонкасці выканання, планаваць час, эксперыментаваць. Зразумела, што калісьці зрабіла правільны выбар і ні кроплі не шкадую. Хачу, каб мае вучні ў будучыні таксама натхняліся мной, як я захапляюся сваімі педагогамі.
Дапаўняе сяброўку Кацярына:
— Я выбрала Акадэмію музыкі, таму што гэта найлепшая айчынная навучальная ўстанова ў нашай сферы. А яшчэ тут працуе чалавек, да якога я вельмі хацела трапіць у клас. Аляксандр Аляксандравіч Шувалаў — загадчык кафедры баяна і акардэона, дацэнт, цяпер — мой педагог па спецыяльнасці. Тут я зразумела, што няма мяжы дасканаласці. Да нас прыязджаюць таленавітыя музыканты, такія як Юрый Шышкін, Уладзімір Арлоў, Марыя Уласава. Пасля сустрэчы з імі разумееш, што заўжды ёсць да чаго імкнуцца і спыняцца на дасягнутым ні ў якім разе нельга.
— Дзяўчаты, якія асабістыя перамогі можаце назваць самымі значнымі?
— Я лаўрэат звыш 30 міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў як саліст, — кажа Марына. — Удастойвалася ўзнагарод спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І цяпер часта выступаю сольна на канцэртах і конкурсах.
Пералічвае дасягненні і Кацярына:
— Я прызёр мноства творчых спаборніцтваў, у тым ліку такіх прэстыжных, як Міжнародны конкурс баяністаў і акардэаністаў імя М. І. Белабародава ў Туле, Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча. Акрамя таго, неаднаразова станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. За плячыма ў мяне багата канцэртаў.
— Вы маеце вялікі сольны вопыт, а як зарадзілася ідэя аб’яднацца?
— Дуэтам мы іграем трэці год, і ансамбль — гэта новы і вельмі цікавы этап у нашых жыццях, — адказвае Марына. — У творчай скарбонцы мноства сумесных выступленняў. Адно з самых запамінальных — сёлетні канцэрт у Вялікім тэатры оперы і балета на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзе прысутнічаў Прэзідэнт. Яшчэ мы далучыліся да мерапрыемстваў у Доме Масквы, у Акадэміі музыкі і ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, на жаночым форуме ў оперным тэатры, у музычных каледжах і школах па ўсёй краіне і да многіх іншых.
— Дуэт узнік на другім курсе, калі ў нас з’явіўся такі прадмет, як клас ансамбля, — дадае Кацярына. — Але мы з Марынай пасябравалі раней і ўжо дакладна ведалі, што хочам працаваць разам. Выступаем часта і на самых розных пляцоўках. Бывае па некалькі канцэртаў на тыдні. Давалі мы і сольны — у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў мінулай вясной. Маем разнастайны рэпертуар — ад арыгінальнай музыкі для баяна і акардэона да перакладанняў класікі. Сярод іх творы Барыса Марцьянава, Андрэя Бызава, Моцарта. На нейкіх выязных канцэртах іграем эстрадную музыку, на нейкіх толькі акадэмічную.
— Вас можна павіншаваць з нядаўняй перамогай на міжнароднай арэне! Чаму вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе-фестывалі баяністаў і акардэаністаў “Прыз Санкт-Пецярбурга”?
— Ідэю падала ў верасні наш педагог Лідзія Віктараўна Скачко, — кажа Кацярына. — Выкладчык прапанавала праграму, з якой мы маглі б выступіць. Абмеркавалі ўсё і вырашылі: едзем! Вядома ж, прывабіла новая пляцоўка для самарэалізацыі, сур’ёзная камісія, моцныя ўдзельнікі. Праз тыдзень ужо адправілі заяўку!
— У Санкт-Пецярбургу нас сустрэлі вельмі гасцінна. Хоць конкурс праходзіў у першы раз, быў арганізаваны на высокім узроўні. Мы выконвалі тры творы: музычныя ілюстрацыі да паэмы “Ноч у горнай даліне” (3-я, 4-я часткі), Concerto grosso (2-я, 3-я часткі) Яраслава Алексіва, “Цфасманіяду” Сяргея Янковіча. З апошняй п’есай асаблівая гісторыя. Яе калісьці напісаў беларускі кампазітар, які працуе ў Акадэміі музыкі, для аднаго баяна, а пазней па асобнай просьбе зрабіў перакладанне для нашага дуэта. Вось і з’явіўся новы, не пабаімся гэтага слова, хіт! — працягвае Марына. — Мы разумелі, што сыгралі добра, але ведалі, што канкурэнцыя вельмі высокая, што ў журы — сапраўдныя прафесіяналы. Таму пра вынікі, тым больш такія, нават не марылі! Дазналіся пра перамогу непасрэдна на гала-канцэрце. Сказаць, што былі ў захапленні, — не сказаць нічога. Доўга не маглі паверыць свайму шчасцю. Але адназначна з’явіўся стымул займацца яшчэ больш старанна і спрабаваць сілы ў музычных спаборніцтвах.
— Чаго ў будучыні чакаць ад вашага дуэта?
— Працягнем развівацца прафесійна! — хорам адказваюць сяброўкі. — Збіраемся ісці ў магістратуру. Хочацца і далей выступаць на розных канцэртах, мерапрыемствах, удзельнічаць у конкурсах і радаваць свайго гледача!
Настасся ЮРКЕВІЧ
Фота з архіва герояў