Пра­ва ззяць на сцэ­не

Апублiкавана: 18 студзеня 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Інтэграваць людзей з інваліднасцю ў творчае жыццё краіны — такая мэта новай ініцыятывы Міністэрства культуры і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ведамствы далі старт рэспубліканскаму фестывалю роўных магчымасцей “Час моцных”.

Як падкрэсліў у прывітальным адрасе міністр культуры Анатолій Маркевіч, фестываль мае сапраўды высакародную місію — садзейнічаць развіццю ў нашым грамадстве ідэалаў дабрыні і гуманізму. Ён закліканы не толькі раскрыць магчымасці ўдзельнікаў, але і выявіць іх імкненне да мастацтва, волю да перамогі, сілу характару. 

— Мы ствараем прастору, дзе кожны можа ў поўнай меры займацца творчасцю. Фестываль набывае асаблівае значэнне ў кантэксце актыўнай працы па дасягненні нацыянальных мэт развіцця ў сацыяльнай сферы, — адзначыў Анатолій Маркевіч. — “Час моцных” падорыць людзям з інваліднасцю магчымасць выступіць на адной сцэне з прызнанымі артыстамі. Няхай фестываль стане цудоўнай традыцыяй ды прынясе радасць творчасці і дадасць сіл. 

Экзаршы інклюзіўны хор "Радасць душы"

Экзаршы інклюзіўны хор "Радасць душы"

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў, а сёлета ў нашай дзяржаве пачаў дзейнічаць новы Закон аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі. Як адзначыла падчас адкрыцця фестывалю намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, згаданыя акты сцвярджаюць права на творчасць. А менавіта гэтая дзейнасць з’яўляецца важным складнікам рэабілітацыі і сацыялізацыі. 

Людзі з інваліднасцю могуць знайсці заняткі па душы ў клубах і гуртках пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па ўсёй рэспубліцы. Мастацкія калектывы таксама дзейнічаюць пры грамадскіх аб’яднаннях людзей з інваліднасцю, і 20 з іх маюць найменне “народны”. 

— У нашай дзяржаве шмат робіцца, каб таленавітыя людзі маглі раскрыць свае здольнасці. Ладзіцца шмат мерапрыемстваў рознага ўзроўню: фестываль творчасці інвалідаў у дні “Славянскага базару ў Віцебску”, “Вясёлкавы карагод”, “Свет без межаў” і іншыя, — сказала Марына Арцёменка. — Зараз нараджаецца новая выдатная традыцыя. Задача фестывалю “Час моцных” — знайсці яркіх і таленавітых людзей, выявіць патэнцыял тых, хто яшчэ не заявіў пра сябе. І спадзяюся, што праект прыгожа і энергічна будзе крочыць па краіне. 

ВЫДАТНЫ СТАРТ 

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў Мінскім гарадскім палацы культуры. Удзельнікамі яркага канцэрта сталі артысты беларускай эстрады і калектывы. Гледачоў прывіталі Алена Грышанава, Шыр, Вольга Калеснікава, ансамбль “Заранак” ды іншыя. 

На адной сцэне з прафесійнымі выступоўцамі былі творцы-аматары з інваліднасцю. Напрыклад, да фэсту далучыліся гурт “Жан-Крыстоф” Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, удзельніцы вакальнай студыі Гомельскага гарадскога цэнтра інклюзіўнай культуры, прадстаўнікі іншых устаноў і аб’яднанняў. 

Вакальныя здольнасці прадэманстраваў экзаршы інклюзіўны хор “Радасць душы”. Гэты калектыў уключае больш за паўсотні чалавек рознага ўзросту і розных магчымасцей па здароўі. Хор пад кіраўніцтвам Алены Маславай удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, духоўна-асветніцкіх мерапрыемствах і трансліруе досвед інклюзіўнай камунікацыі як у Беларусі, так і за мяжой. Рэпертуар даволі размаіты. Ён складаецца са свецкай і духоўнай акадэмічнай музыкі беларускіх і замежных кампазітараў, апрацовак народных песень, джазавых апрацовак і пералажэнняў. 

МАРАФОН ТАЛЕНТАЎ 

Далучыцца да фестывалю могуць людзі з інваліднасцю, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а таксама мастацкія калектывы і ўсе ахвочыя асобы, якія займаюцца творчай дзейнасцю сумесна з людзьмі з інваліднасцю. 

Фестываль роўных магчымасцей “Час моцных” ахопіць усю Беларусь. Да сакавіка наступнага года ва ўсіх рэгіёнах адбудуцца адборы. Выступленні ўдзельнікаў будзе ацэньваць адмысловая камісія з дзеячаў культуры і прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Абласны этап ужо правялі на Віцебшчыне. Фінальны этап у фармаце гала-канцэрта і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў запланаваныя на 3 мая. Менавіта ў гэты дзень у 2008 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя аб правах інвалідаў, прынятая Генеральнай асамблеяй ААН. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА