Балет. Каханне. Ілюзіі

Апублiкавана: 18 студзеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Першыя зімовыя дні былі азначаны ў Вялікім тэатры прэм’ерай аўтарскага балета галоўнага харэографа Ігара Колба —“Ілюзіі кахання”. У гэтым спектаклі многае было ўпершыню.

Упершыню Ігар Колб, які быў выдатным выканаўцам сучаснай харэаграфіі і аўтарам шматлікіх балетных мініяцюр, звярнуўся, як сказалі б у кінематаграфіі, ад кароткаметражак да поўнага метра. Вялікі сучасны балет на два акты — з’ява сёння не самая распаўсюджаная. Харэографы свету апошнім часам куды часцей ставяць аднаактовыя балеты рознай працягласці. І кожнае выключэнне з гэтай негалоснай завядзёнкі ўжо само па сабе — падзея. 

Упершыню да балетнага жанру звярнуўся Леанід Шырын, вядомы сваімі песнямі, эстраднымі кампазіцыямі, музыкай да кіно. Менавіта ён выступіў аўтарам першага ў нас анімацыйнага мюзікла “Зоркі сёмага неба”, знятага два гады таму Аленай Туравай. А гэтым разам — упершыню дадаў сваю музыку да твораў Д.Шастаковіча і Ф. Шапэна, што і стала асновай харэаграфічнага дзеяння. 

У самім балеце ўпершыню для гэтай сцэны галоўнымі дзейнымі асобамі выступілі перасоўныя люстэркавыя панэлі: сачыць за іх пад’ёмамі, спускамі, разнастайнымі перамяшчэннямі — адно з самых яркіх уражанняў спектакля. Гэтак жа ўпершыню ў балеце Вялікага на сцэне з’явіўся раяль — не толькі па сваім прамым прызначэнні (творы Шапэна выконвае Таццяна Лях), але і, адмыслова сканструяваны, у выглядзе рэквізіту: унутры яго на фоне жоўта-зеленаватай падсветкі вельмі імпазантна глядзяцца такія дзейныя асобы, як Спявачка і Канферансье. Падобны прыём даўно вядомы і ў драматычным тэатры, і нават на “Еўрабачанні”. Але ў нашым Вялікім штосьці падобнае — сапраўды ўпершыню. 

А ёсць і нешта ўпершыню ў свеце! Напрыклад, балетныя станкі — побач з лежакамі, дзе загараюць у купальніках. Бо Дзяўчына прыязджае ў курортны горад праводзіць заняткі балетнага класа. 

ЖЫЗЭЛЬ, ПАНЕНКА... 

Драматургія “Ілюзій кахання” чымсьці нагадвае “Жызэль”, класічны варыянт якой з дададзенымі аўтарскімі ўстаўкамі Ігар Колб паставіў летась. Першы акт — рухавы, дзейны — завяршаецца нечаканай трагедыяй. Другі — рэфлексійнага складу, калі героі асэнсоўваюць сваё жыццё. У першым акцэнтуюцца знешнія эфекты. У колбаўскай “Жызэлі” — вослік, запрэжаны ў вясельны вазок, жывыя сабакі. У “Ілюзіях...” — тэатр ценяў, пластычна-пантамімныя сродкі выразнасці, мільгаценне розных сацыяльна-ўзроставых груп, уключаючы атрад піянераў. А вось другая дзея ў абодвух балетах прысвечана ўласна харэаграфічнаму мастацтву (у “Жызэлі” — класічнаму, у “Ілюзіях кахання” — сучаснаму), хаця ў “Ілюзіях...” яна пачынаецца з інтэрактыву — праходаў артыстаў праз залу, таксама ўпершыню менавіта ў балеце. Далей узнікае безліч разнастайных падтрымак, іншых складасцей, што часам успрымаюцца гэткімі “фізкультурнымі практыкаваннямі”. Але самым запамінальным рухам застаецца ліслівае “аблізванне” Дзяўчыны Уздыхальнікам. 

Адштурхнуўшыся ад сюжэтных перыпетый “Паненкі і хулігана” на музыку Шастаковіча, Колб зрабіў працяг гісторыі. Гераіня становіцца знакамітай артысткай, мае безліч прыхільнікаў, ды так і не сустракае сапраўднага кахання: маўляў, жыццё прайшло дарма. 

Людміла Хітрова (Дзяўчына)

Людміла Хітрова (Дзяўчына)

Упершыню ў нас касцюмы прыдумвалі адразу дзве мастачкі. Для першай дзеі — Вольга Мельнік-Малахава, якая супрацоўнічала з Вялікім яшчэ пры падрыхтоўцы “Снежнай каралевы”. Для другой — Людміла Тараканава, больш вядомая як таленавіты дызайнер. За камп’ютарную графіку адказвала Юлія Пінцак, на рахунку якой — некалькі прэстыжных узнагарод за анімацыйныя стужкі, дзе яна выступае мастаком і рэжысёрам. 

БЫ ТОЕ КІНО 

Балет пачынаецца з цітраў. Імітуюцца нават драпіны старой стужкі. Але спасылка на кінамастацтва не атрымлівае працягу: нейкую сувязь можна заўважыць хіба ў мантажнасці разгорту, асабліва першай дзеі. Сувязь з манументальным мастацтвам выяўляецца ў скульптурнасці фіналу: Дзяўчына, няхай і шчодра абдзімаецца фенам, выглядае застылым помнікам на п’едэстале. Музычны складнік, асабліва ў другой дзеі, існуе сам па сабе, не адгукаючыся ў пластыцы. Ды і спалучэнне рознастылёвых інструментальных фрагментаў, дзе вылучаецца яркасць шастаковічаўскай аркестроўкі, не падпітана канцэпцыйна. Але ж артысты, уключаючы аркестр на чале з Мікалаем Калядкам, робяць усё магчымае, каб данесці да гледача ідэю ілюзорнасці кахання ў жыцці гераіні. Тым больш што гэты балет утрымлівае шмат невялічкіх роляў, размеркаваных у тым ліку і сярод кардэбалету. На жаль, некаторыя дэталі, адзначаныя ў лібрэта, амаль “не счытваюцца” са сцэны. Асабліва гэта тычыцца аблічча Часу. Для параўнання — “веснікі смерці”, што сімвалізавалі Варожасць у елізар’еўскім балеце “Рамэа і Джульета”, адразу кідаліся ў вочы, бо рэзка адрозніваліся ад астатніх герояў. 

КРЫТЫКІ З РАСІІ 

Упершыню на беларускую балетную прэм’еру так шырока былі запрошаны знаныя расійскія крытыкі. Масавым прыездам замежных журналістаў суправаджаўся калісьці балет “Ор і Ора” на лібрэта расійскага бізнесмена беларускага паходжання Вячаслава Заранкова. Крытыкі ж запрашаліся звычайна па адным — найперш на фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”. Аляксандр Максаў завітваў на “Жызэль”, выступаючы перад спектаклем з лекцыяй. Цяпер жа, акрамя яго, па запрашэнні тэатра прыехалі яшчэ Лейла Гучмазава і Вольга Разанава. Так што “Ілюзіі...” у хуткім часе атрымаюць як мінімум тры бліскуча напісаныя рэцэнзіі ў вядучых расійскіх СМІ. 

НАКОНТ ВЕЧАРЫНЫ 

Але ж хочацца і іншага працягу — сапраўднага кахання, а не яго ілюзорнасці. Чаму б не зрабіць, напрыклад, тэматычна з’яднаную вечарыну, дзе сышліся б балетныя адажыа і харэаграфічныя мініяцюры, што ўвасабляюць каханне розных эпох, культур свету, тэмпераментаў, тыпаў узаемаадносін? Хаця гэта будзе не ўпершыню: спектаклі, складзеныя з асобных навел, апошнім часам вельмі запатрабаваныя, прычым у розных відах мастацтва і іх сінтэзе. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА