Прадуманае і рэалістычнае

Апублiкавана: 21 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Напрыканцы мінулага года Савет Міністраў зацвердзіў Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады. Якое значэнне мае новы дакумент і якія падыходы да працы ён змяшчае? “К” сабрала каментарыі адмыслоўцаў. 

Зацвярджэнню Канцэпцыі папярэднічала амаль гадавая праца. Гісторыя ж дакумента пачалася з Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, у якім было пастаўлена пытанне пра культурнае імпартазамяшчэнне. 

Гаворачы аб культурнай бяспецы і суверэнітэце, мы не адмаўляем сусветную спадчыну і набыткі суседніх дзяржаў, з якімі нас яднаюць даўнія сувязі. На гэтым акцэнтавала ўвагу адна з распрацоўшчыц Канцэпцыі, начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга

— Культура — гэта частка палітыкі, гэта спосаб паказаць свету, хто мы такія і чым мы можам ганарыцца. Гэта спосаб дапамагчы нашым суграмадзянам адчуць сябе беларусамі, адчуць гонар за сваю краіну, — адзначыла Ірына Дрыга. — А калі ганарышся тым, дзе жывеш і чым займаешся, то будзеш рабіць усё, каб краіна станавілася багацейшай, больш духоўнай і квітнеючай. 

Па словах Ірыны Уладзіміраўны, Канцэпцыя закранае не толькі сферу мастацтва і культурна-асветніцкай работы. У дакуменце адлюстраваныя пытанні захавання спадчыны і традыцый, павелічэння айчыннага кантэнту, развіцця музейнай і бібліятэчнай сфер, прэзентацыі набыткаў у віртуальнай прасторы, адукацыі ды іншыя. Да Канцэпцыі распрацоўваецца адпаведны план, у якім тэарэтычныя пазіцыі ўвасобяцца ў пэўныя практычныя мерапрыемствы. А вынікі рэалізацыі будуць падведзеныя пры дапамозе сацыялагічных інструментаў. 

ЖЫВЫЯ ТРАДЫЦЫІ 

Дакумент распрацаваны на аснове міжгаліновага прынцыпу. Чакаецца, што будзе пабудаваная сістэма міжведамаснага, грамадска-дзяржаўнага партнёрства ў развіцці нацыянальнай культурнай прасторы. Вельмі важна, што ў падрыхтоўцы Канцэпцыі ўдзельнічала Беларуская праваслаўная царква, а сам дакумент улічвае значную ролю, якую адыгрывае гэты інстытут у жыцці грамадства. Такое меркаванне выказаў старшыня сінаідальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Ігар Васько

— Культура — гэта не толькі матэрыяльнае, але і каштоўнаснае вымярэнне. Тут царква адыгрывала і працягвае адыгрываць вялікую ролю. Быў час, калі культура і культ былі практычна непарыўна звязаныя. Цяпер гэтая сфера дастаткова складаная, і ўзаемадзеянне адбываецца на розных узроўнях: царква выступае як адзін з некалькіх актараў. Тым не менш мы павінны разумець велізарны ўклад царквы ў станаўленне нацыянальнай беларускай культуры, — зазначыў протаіерэй Ігар Васько. 

Акрамя таго, на думку свяшчэннаслужыцеля, нельга ўспрымаць нашы ранейшыя набыткі толькі як падмурак для будаўніцтва чагосьці новага, бо гэта жывая традыцыя, у якой мы працягваем жыць і ствараць. Калі ж ставіцца да перанятага ад папярэднікаў толькі як да спадчыны, здарыцца параза перад нашымі партнёрамі і апанентамі. 

СЛОВА ЯК КАШТОЎНАСЦЬ 

У Канцэпцыі нададзена ўвага павышэнню культуры пісьмовага і вуснага маўлення, забеспячэнню роўнага выкарыстання абедзвюх дзяржаўных моў у розных сферах жыцця. Як адзначае дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў, мова — адзін з найважнейшых элементаў культуры, які патрабуе беражлівага і паважлівага стаўлення. 

— Праз мову мы сведчым пра багацце нашай нацыянальнай культуры. Сёння нас хвалюе праблема экспансіі замежных слоў. У найбліжэйшы час адбудзецца круглы стол па гэтай тэме. Вядома, мы не існуем ізалявана і любая мова запазычвае лексіку. Гэта натуральны працэс, калі гэта звязана з назвамі новых з’яў і прадметаў, якіх у мове няма. Але трэба імкнуцца да захавання свайго, — адзначае Ігар Лявонавіч. 

Не менш востра стаяць праблемы ўжывання абсцэннай лексікі, асабліва ў моладзевым асяроддзі, і захавання нормаў літаратурнай мовы. Для рашэння гэтых пытанняў акадэмічны інстытут падрыхтаваў выданні па культуры мовы і запланаваў шэраг мерапрыемстваў. 

На думку дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Івана Саверчанкі, прыняцце Канцэпцыі сталася выхадам на якасна новы ўзровень развіцця грамадства. Дакумент варта лічыць стратэгічна важным, бо культура — гэта сапраўдны каркас жыцця краіны. 

— Палажэнні прадуманыя і рэалістычныя. Яны прапанаваныя людзьмі, якія дасканала ведаюць сваю справу. Таму бачыцца, што вынікам увасаблення Канцэпцыі будзе кансалідацыя грамадства, вяртанне гістарычнай памяці, развіццё сучаснай літаратуры, падвышэнне філалагічнай культуры. А цывілізаваны, адукаваны чалавек нацэлены на стваральную працу, а не на разбурэнне, — падкрэсліў Іван Саверчанка. 

Па словах дырэктара Інстытута літаратуразнаўства, айчынную аўдыторыю чакаюць новыя творы, героямі якіх мусяць стаць стваральнікі, што служаць краіне. У нас ёсць выдатныя майстры слова, запатрабаванай застаецца класіка. Важную дзяржаўную місію НАН Беларусі выконвае праз выданне “Залатой калекцыі беларускай літаратуры” ў 50 тамах. 

ВЕДАЦЬ СВАІХ ГЕРОЯЎ 

У дакуменце шырока прадстаўлены гістарычны складнік. І гэта заканамерна, бо веданне мінуўшчыны краіны лічыцца асноватворным фактарам кансалідацыі грамадства. З гэтай прычыны варта не толькі надаваць вялікую ўвагу айчыннай гісторыі ў фундаментальных даследаваннях, але і прапагандаваць найбольш значныя падзеі і нацыянальных герояў. На гэта звяртае ўвагу намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Трубчык

— Праз веданне мінулых падзей выхоўваецца патрыятызм. Гэта даволі складаная задача. І найбольш значных вынікаў можна дасягнуць сумеснымі намаганнямі. Вялікая роля належыць, вядома, адукацыі: ад выхавальніка ў дзіцячым садку і настаўніка ў школе да выкладчыка ў ВНУ. 

Па словах Паўла Трубчыка, Інстытут гісторыі НАН Беларусі фактычна ўжо працуе ў рэчышчы Канцэпцыі. Найперш шмат увагі нададзена папулярызацыі рэгіянальнай гісторыі. Сёлета запланаваныя чатыры навукова-практычныя канферэнцыі. Таксама ўстанова рупіцца пра стварэнне пантэона нацыянальных герояў, разнастайныя мерапрыемствы да значных дат, у прыватнасці да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА