Калі побач — аднадумцы

Выйсці на сцэну IFMC — сапраўдная ўдача для танцораў. Атрымаць узнагароду на нацыянальным конкурсе — вялікі гонар. Праект Юліі Суляк з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў удастоены спецыяльнай прэміі “Пастскрыптум” XXXIV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Якім быў шлях да поспеху? 

ЗЕРНЕ ЛЮБОВІ 

З танцамі Юлія знаёмая з дзяцінства. Калі ігра на скрыпцы перастала прыносіць задавальненне, мама зразумела, куды трэба накіраваць энергію дачкі. 

— Спачатку я займалася ў танцавальнай студыі, а ў падлеткавым узросце скончыла харэаграфічнае аддзяленне ў музычнай школе, — распавядае Юлія. — Там мой першы педагог пасеяла ў маім сэрцы зерне любові да танца, а ў далейшым накіравала на пачатковую прыступку прафесійнай дзейнасці. Пазней я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на народнае аддзяленне, дзе сустрэла яшчэ аднаго важнага чалавека — Ніну Канстанцінаўну Залеўскую. Дзякуючы ёй я ўсвядоміла, што трэба працаваць не пакладаючы рук, бо ў гэтай сферы без “поту і крыві” нічога не даб’ешся. І калі не развівацца і не ўдасканальвацца, то варта пашукаць іншую прафесію. А маё знаёмства з сучаснай харэаграфіяй адбылося пры непасрэдным удзеле педагога Дзмітрыя Сяргеевіча Куракулава, якім я бясконца захаплялася. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на курсе ў Святланы Вячаславаўны Гуткоўскай. Яна стала тым майстрам, да якога я дагэтуль магу звярнуцца па параду. На занятках мы займаліся не толькі харэаграфіяй, але і развівалі чалавечыя якасці. У рамках дысцыпліны “мастацтва балетмайстра” Святлана Вячаславаўна навучыла нас прыдум- ляць харэаграфічныя пастаноўкі і размаўляць з гледачом праз пластыку цела. 

ГЛЯДАЧ ПРАГНЕ ШОУ 

Пасля навучання ў БДУКМ наша гераіня стала выкладчыкам сучаснай харэаграфіі і эстраднага танца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і на базе гэтай установы стварыла калектыў з назвай “Праект Юліі Суляк”.

— У мой калектыў уваходзяць навучэнцы па спецыяльнасці “харэаграфічнае мастацтва”, “эстрадны танец”, дзе я з’яўляюся мастацкім кіраўніком і непасрэдна выкладчыкам асноўнай дысцыпліны. З танцорамі мы працуем з першага курса, і ў мяне складваецца адчуванне, што вакол мяне аднадумцы. У нас цудоўныя адносіны: добрыя і творчыя. 

Сёлета мы годна паказалі сябе на розных спаборніцтвах: сталі лаўрэатамі 3 ступені Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс” і ўзялі гран-пры на Міжнародным фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва “TERRI CON”. Праўду кажучы, не ўсе нашы пастаноўкі разумеюць, бо над імі трэба падумаць, а глядач любіць шоу. 

КОЖНАМУ СВОЙ ШЛЯХ 

На IFMC, дзе створаны ўсе ўмо- вы для раскрыцця талентаў, “Праект Юліі Суляк” не толькі зразумелі, але і годна ацанілі. Наша гераіня наведвала фестываль не ў першы раз: выступала на сцэне ў якасці выканаўцы, спрабавала сілы ў ролі пастаноўшчыка сола для свайго вучня. Сёлета атрымала іншыя эмоцыі. 

— Гэта адзіны вузканакіраваны конкурс па сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі Беларусі, самае прэстыжнае месца для выступленняў. Тут заўсёды пануе неверагодная творчая атмасфера, і я хацела, каб мае студэнты адчулі ўсю магію гэтай падзеі. Мы прывезлі пастаноўку з назвай “Пераасэнсаванне”, дзе ў складзе з дзевяці танцораў распавялі пра звычайнае чалавечае жыццё. Лічу, што ў гледача больш адгукаецца гісторыя, калі ён можа ўбачыць сябе на сцэне і адчуць тое, што калісьці адбывалася з ім. Мы гаварылі пра тую большасць людзей, якія бясконца спяшаюцца дасягнуць сваіх мэт і забываюць пра тое, што трэба прытармазіць і зразумець сябе як асобу. У выніку чыёсьці жыццё становіцца абсалютна пустым, але ў нашым выпадку герой злучае ў сабе эмацыйную, фізічную, інтэлектуальную энергіі і становіцца духоўна развітым. У канцы мы пасылаем гледачу выразны мэсэдж: кожны можа знайсці свой шлях і стаць шчаслівым.

ГУЧНА ЗАЯВІЛІ 

Як распавядае харэограф-пастаноўшчык Юлія Суляк, першапачатковай мэтай паездкі ў Віцебск было набрацца вопыту, паглядзець, як танцуюць прафесіяналы. 

— Вельмі спадзяюся, што мае вучні прапусцілі праз сябе гэтую творчую энергію. І яна кранула іх так моцна, што ім захочацца ствараць самім. Прыемна, што мы атрымалі больш, чым планавалі, нас заўважылі, і мы гучна заявілі пра сябе. Спецыяльная прэмія “Пастскрыптум” мяркуе, што нашаму праекту ёсць пра што яшчэ расказаць. І ў будучыні мы абавязкова вернемся для гэтага на сцэну IFMC. Вельмі важна развіваць і падтрымліваць такія конкурсы, бо дзякуючы ім глядач знаёміцца з новымі формамі і такім паняццем, як сучасная харэаграфія. Менавіта гэты кірунак прымушае людзей думаць і шукаць, а не проста глядзець на прыгожую карцінку. Я ганаруся тым, што ў нас у Беларусі ёсць адмыслоўцы і прыхільнікі такога віду мастацтва. 

Што ў планах калектыву? Мэты Юлія ставіць простыя, але вельмі працаёмкія — тварыць і яшчэ раз тварыць. 

— Я прытрымліваюся такога выказвання: у самурая няма мэты, а ёсць толькі шлях. Гэтаму і імкнуся навучыць сваіх падапечных. Паспяховы вынік — гэта ўжо як бонус. Трэба ўмець атрымліваць асалоду ад таго, што робіш сёння, а не цешыць сябе марамі пра будучыню.

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні