“Чароўная Алена”: мара здзейснілася

Апублiкавана: 21 студзеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра выйшла “Чароўная Алена”. Гэта першы зварот калектыву не толькі да аднайменнай аперэты, але і да ўсёй творчасці Ж. Афенбаха.

Сапраўды, якія толькі аперэты ні ішлі ў нашым тэатры, а на Афенбаха, які стаў роданачальнікам гэтага жанру ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, неяк увага не звярталася. Па-першае, яго партытуры на парадак складанейшыя за творы куды больш раскручаных І. Кальмана, Ф. Легара, нават І. Штрауса з яго “Лятучай мышшу”. Па-другое, у яго склаўся зусім іншы тып аперэты: не меладрамы з сацыяльным адценнем, а пародыі на оперу. У савецкія ж часы жанр оперы ўспрымаўся настолькі сур’ёзна, што падумаць пра нейкую пародыю на яго было даволі складана: ці ж дазволяць такія вольнасці? Тым больш што і пры жыцці кампазітара яго творы ўспрымаліся з асцярогай. У той жа “Чароўнай Алене” сучаснікі ўбачылі здзек з антычнасці, маўляў, ці ж можна так ставіцца да старажытнагрэчаскай міфалогіі? 

Цяперашняя “...Алена” з’явілася дзякуючы галоўнаму рэжысёру Музычнага тэатра Міхаілу Кавальчыку. У жніўні майстар справіў 80-годдзе і да свайго юбілею папрасіў менавіта гэту пастаноўку, пра якую даўно марыў. Нарэшце, здзейснілася! Галоўны мастак тэатра Андрэй Меранкоў узвёў на сцэне велічэзна-шырачэзную лесвіцу, што падзяліла прастору па вертыкалі. Касцюмы Ільі Падкапаева пазбаўлены прынцыповага асучаснівання: мы бачым абрысы традыцыйных старажытнагрэчаскіх строяў, хіба з некаторымі фантазійнымі дэталямі. Агульны колеравы каларыт — светлы, сонечна-залаты з вылучэннем цэнтральных герояў найперш яркімі фарбамі. 

Для вакалістаў спектакль стаў выпрабаваннем на майстэрства — тым больш што ў арыгінале твор называўся операй, хай і камічнай. Выкарыстанне гарнітуры ў чымсьці спрасціла працу артыстаў, бо не трэба было фарсіраваць гук, клапоцячыся пра тое, каб цябе пачулі (дырыжор-пастаноўшчык — Юрый Галяс). А ў чымсьці, наадварот, ускладніла, бо патрабавала добрага ўмення ёй карыстацца, прычым з боку як артыстаў, так і гукарэжысёраў. Мікрафон бы мікраскоп: робіць больш пукатай кожную дробязь, выяўляе няроўнасць голасу ў розных рэгістрах, што пры акустычным гучанні ў вялікай зале магло б быць менш заўважным. Атрымалі гарнітуру і артысты хору, што не спрыяла адчуванню гукавога масіву: на першы план сталі выходзіць асобныя галасы, якія не зліваюцца ў роўнае харавое гучанне. 

Вядома, надалей спектакль набярэ моцы, гуллівасці, тэмпарытму. Аднак ужо сёння відавочна, наколькі актуальны ён не толькі для гледача, але і найперш для самога тэатра. “Чароўная Алена” вывела прафесійныя якасці артыстаў на новую прыступку, надаўшы “лесвічнай” сцэнаграфіі сімвалічны сэнс. І прыпаднесла новыя магчымасці самарэалізацыі для творчай моладзі калектыву.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фо­та Ула­дзі­мі­ра ШЛА­ПА­КА