Манахромныя “Белыя ночы”

Апублiкавана: 23 студзеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Рэпертуар ТЮГа папоўніўся чарговым спектаклем паводле рускай літаратурнай класікі — “Белыя ночы” Ф. Дастаеўскага. Праект можна лічыць сумесным беларуска-расійскім, бо над пастаноўкай у рамках міжнароднай дзейнасці ГІТІСа працавала пяцікурсніца расійскай ВНУ Эстэр Мітрафан — гэта яе дыпломная работа.

У спектаклі беражліва захаваны не толькі тэкст аповесці, але і яшчэ болей важнае — атмасфера Пецярбурга Дастаеўскага. На суперзавесе — парадныя абрысы трох паверхаў даходнага дома. Далейшая сцэнаграфія — шэрыя сцены ўнутранага памяшкання, вялізная лесвіца на другі паверх, што заканчваецца дзвярыма. І ўваходныя дзверы на першым паверсе. Хуткае перакідванне дзеяння з дома на вуліцу вырашаецца вельмі проста: зверху спускаецца вулічны ліхтар. Падобны мінімалізм апраўданы зместам: рэжысёра хвалюе не музейная дакладнасць побыту (яго ў спектаклі ўвогуле практычна няма), не знешні антураж, а ўнутраная сутнасць псіхалагічнага стану герояў. Праз няўлоўныя дэталі выбудоўваецца непарыўная лінія развіцця рускай прозы, камернай па інтымнасці гучання, тонкасці псіхалагічных абертонаў: ад Карамзіна праз Тургенева да Дастаеўскага і далей праз Чэхава да Буніна. 

Пры ўсім гэтым аповед пра першае каханне, пазначаны ўзроставым цэнзам 12+, утрымлівае відавочную спасылку на сучаснасць. І адбываецца тое не просталінейна, не гэткім пераносам усяго дзеяння ў іншы час (пра такую магчымасць нагадвае хіба сучасны чамадан на колцах), а праз натуральнае жаданне давесці згаданую вышэй лінію да сённяшняга дня. І робіцца гэта праз актуалізацыю момантаў, найбольш блізкіх цяперашняй моладзі. Бо часы ідуць, усё змяняецца, а чалавечыя пачуцці, каханне, сяброўства застаюцца ўсё тымі ж. 

Вызначыўшы мэтавую аўдыторыю, рэжысёр не імкнецца падладжвацца пад яе запыты, размаўляць з ёй выключна на яе мове. Усё акурат наадварот: гледачы вымушаны самі падцягвацца да ўзроўню Дастаеўскага — і такія стасункі становяцца карыснымі як для публікі, так і для артыстаў. Некаторая сцішанасць, мяккая незаўважнасць рэжысуры не робяць спектакль “старамодным”. Бо ўсе тэатральныя сродкі працуюць на паглыбленне ў сэнсавую прастору. 

Прынцыповым новаўвядзеннем становіцца не толькі тое, што юнага і сталага Летуценніка граюць розныя акцёры (Фауст стары і малады таксама часцяком увасабляецца двума рознымі артыстамі), а тое, што пасталелага героя і яго суперніка-антыпода Насельніка (менавіта так пазначаны ў праграмцы кватарант, у якога і закахалася Ліза) іграе адзін і той жа артыст — Андрэй Гладкі ці, у іншым складзе, Генадзь Гаранскі. Такі прыём ні ў якім разе не заблытвае любоўны трохвугольнік, а вымушае зірнуць на сітуацыю з іншага боку. Замест чорна-белага падзелу на станоўчага і адмоўнага герояў узнікае праніклівае разважанне пра сталенне мужчыны, пра тое, што дзяўчына, робячы жыццёва важны выбар, павінна глядзець крыху наперад і бачыць не толькі сённяшнюю сарамлівасць хлопца, але і тое, як ён можа змяніцца праз нейкі час, пераадолеўшы іспыты пераходнага ўзросту. 

Спектакль, вырашаны без аніякіх люмінесцэнтных фарбаў, у спакойных шэра-карычневых колерах, вучыць адчуваць усё багацце такога манахрому, усю безліч паўтонаў не толькі адкрытых, але і стрыманых пачуццяў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА