Жы­выя но­ты і гук ад “Бра­ві­сі­ма”

Інструментальныя канцэрты рэдка паказваюць па тэлевізары. Не пачуеш іх і на радыё. Але жывая прыгожая музыка існуе! Наталіць ёю здольны народны ансамбль “Бравісіма”. Удзельнікі калектыву — выкладчыкі Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў.

НАРАДЖЭННЕ ЛЕГЕНДЫ 

Народны інструментальны ансамбль “Бравісіма” ўтварыўся ў 2012 годзе з прыходам на працу першага кіраўніка Ірыны Уладзіміраўны Жызнеўскай. Іграць разам заўсёды нашмат больш займальна, чым выступаць аднаму, таму цікавасць да сумеснай творчай дзейнасці і аб’яднала педагогаў. З кастрычніка 2021-га ансамблем кіруе Лілія Мікалаеўна Астаповіч. З цягам часу склад удзельнікаў амаль не мяняўся, і ў выніку атрымаўся зладжаны калектыў. Ударна-басавая група — Андрэй Мядзведскі і Аляксандр Луцкевіч, акардэаністкі — Вольга Кавалевіч і Кацярына Давыдава, флейта — Вера Паўлючэнка, фартэпіяна — Аксана Сімончык, а за цымбаламі — дырэктар школы Эліна Мірашнічэнка. 

ТАЛЕНТ ДА ТАЛЕНТУ 

Усе яны ў першую чаргу педагогі, і вучыць дзяцей — іх асноўны абавязак. А ансамбль — своеасаблівае захапленне, любімы занятак. Музыканты збіраюцца падчас перапынку паміж урокамі, рэпеціруюць некалькі разоў на тыдзень, перад адказнымі мерапрыемствамі сыгрываюцца часцей. Сталы калектыў здольны выканаць практычна ўсё, таму ёсць магчымасць увасабляць у жыццё самыя смелыя ідэі. 

Вы калі-небудзь спрабавалі граць на друкарскай машынцы? А ў рэпертуары “Бравісіма” ёсць для яе твор, ад якога слухачы заўсёды ў захапленні. Рэпетыцыі праходзяць крэатыўна, выбудоўваецца канцэпцыя, ідзе пошук найлепшых рашэнняў, бо кожны артыст успрымае музыку па-свойму. Для кагосьці гэта ў першую чаргу эмацыянальная сфера, нейкія думкі, перажыванні, страсці, сум ці, наадварот, свята, весялосць, гумар. У іншых могуць быць канкрэтныя вобразы: світанак, спевы птушак, туман у лесе, кругі на возеры ад кінутага каменя... І гэта вельмі цікава. За час існавання ў “Бравісіма” прыйшлі да цвёрдай высновы: таленавітых людзей спецыяльна не трэба шукаць, яны самі рана ці позна да таленавітага калектыву прыцягнуцца, як магнітам. 

ТВОРЧАСЦЬ БЕЗ МЕЖАЎ 

“Мы не працуем у нейкім канкрэтным напрамку, а стараемся пашыраць рамкі творчасці, — расказвае Лілія Астаповіч. — У нашым рэпертуары розныя стылі і жанры — папулярная музыка і класічная, народная і эстрадная. У свой час Ірына Жызнеўская ўзняла высокую планку, на рахунку калектыву — шмат перамог у конкурсах, сольныя канцэрты, таму і сёння імкнёмся адпавядаць зададзенаму калісьці ўзроўню”. 

Здаецца, прайшло ўсяго два гады, як змяніўся кіраўнік, аднак за гэты перыяд праведзена добрая праца: сфарміраваны рэпертуар што называецца, з нуля, бо калектыву трэба было пацвярджаць званне “народны”... З усімі выпрабаваннямі справіліся. Бравісіма! 

ВЯЛІКІЯ МАЛЫЯ ПЕРАМОГІ

Самыя яскравыя падзеі для музыкантаў — вядома, конкурсы. А для кіраўніка яны суправаджаюцца яшчэ і перажываннямі: ці правільна ўсё раблю. Бо на ім ляжыць вялікая адказнасць перад дарослымі прафесіяналамі, якія пагадзіліся ісці разам па творчым шляху. Адзін з самых складаных і прэстыжных — абласны конкурс творчых работ настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў памяці Анатоля Новікава. У ім удзельнічаюць калектывы педагогаў высокага ўзроўню з усёй Мінскай вобласці. А судзяць артыстаў вельмі прадстаўнічае журы. І стаць лаўрэатам ганарова. “Бравісіма” доўгі час мэтанакіравана ішла да гэтага. Вынік — дыплом другой ступені. Яшчэ адна значная падзея — Міжнародны конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы”, дзе жодзінскія музыканты атрымалі дыплом лаўрэата першай ступені. Такую ж узнагароду “Бравісіма” заваявала і на адкрытым конкурсе ансамблевага і аркестравага выканальніцтва “Крыніца натхнення” ў Мінску. 

Творчыя планы дзесяцігадовага калектыву з цягам часу не становяцца менш амбіцыйнымі. Важна не проста дасягнуць чагосьці, а, падняўшыся на тую ці іншую прыступку, утрымаць планку, як лічаць нашы героі, таму развіццё, развіццё і толькі развіццё. Так, у музыкантаў з “Бравісіма” не прынята загадваць наперад, важна проста якасна рабіць сваю працу — музыку, якая для іх і ёсць усё жыццё. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву