Непарыўна звязаны з Беларуссю

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусі адкрылася выстава “Апалінарый Гараўскі. Да 190-годдзя з дня нараджэння”. Папярэднічала ёй карпатлівая даследніцкая праца, таму экспазіцыя хавае нямала сюрпрызаў. І нават калі вы не аматар таямніц, а проста любіце жывапіс нашага земляка, музей наведаць варта. Бо сёння мы маем унікальную магчымасць убачыць усе творы Апалінарыя Гараўскага, якія ёсць у Беларусі. Упершыню за 40 гадоў. 

І ў гэтым плане, па шчырасці, нам неверагодна пашанцавала. Бо, напрыклад, ад такіх вядомых творцаў, сучаснікаў Гараўскага, як Ян Тысевіч, Ян Астроўскі, Адам Шэмеш (гл. “К” № 27, 22, 48, 2022), Казімір Бахматовіч, Артур Бартэльс (гл. “К” № 30, 46, 2023), на радзіме і па сёння няма аніводнай памяткі. А ўсё, што мы маем ад сусветна вядомага мастака беларускага паходжання Генрыха Семірадскага, — толькі дзве карціны, адна ў Мінску, другая ў Пінску. Прычым трапілі яны ў Беларусь даволі выпадковым чынам (гл. “К” № 35, 2022). 

Што ж да Гараўскага, то Юлія Лісай, куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, зрабіла шмат адкрыццяў. Як у галіне вывучэння біяграфіі мастака, так і ў яго творчасці. Ёсць у гэтым трошачкі і нашай заслугі — удалося высветліць дакладнае месца і дату нараджэння Гараўскага: 30 студзеня 1833-га, Наборкі, што ў Клічаўскім раёне, на самай мяжы з Бярэзінскім (гл. “К” № 24, 2023). Наколькі важныя знаходкі ў плане наробку мастака, ілюструе хаця б той факт, што змянілася атрыбуцыя некалькіх яго твораў. Але давайце вернемся да вытокаў. 

Куратар выставы Юлія Лісай

Куратар выставы Юлія Лісай

Апалінарый Гараўскі (1833—1900), які ў гісторыю ўвайшоў як жывапісец, малявальшчык, аўтар пейзажаў і партрэтаў, адносіцца да творцаў, імёны якіх на слыху. Работы Апалінарыя і яго брата Іпаліта займаюць пачэснае месца ў пастаяннай экспазіцыі беларускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі. Што казаць, калі ў 1983-м на юбілейнай выставе былі сабраны творы з фондаў Траццякоўскай галерэі, Рускага музея, музеяў Казахстана, Пензы, Іркуцка. 

Род Гараўскіх належаў да шматлікай дробнай беларускай шляхты, для якой дзверы сацыяльных ліфтаў, звычайна закрытыя, адкрываліся або ў часы гістарычных катаклізмаў, або ў выніку шчаслівага збегу абставін (так здарылася з Апалінарыем і яго братамі). Падчас вучобы ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе ён быў заўважаны палкоўнікам Міхаілам Бенуа (будучы цесць Гараўскага) і яго братам архітэктарам Мікалаем Бенуа, якія і паспрыялі паступленню Апалінарыя ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў (скончыў у 1854). Тут ён трапіў пад апеку настаўнікаў Максіма Вараб’ёва і Фёдара Бруні, найбуйнейшых мастакоў таго часу. На стыпендыю акадэміі Гараўскі пабываў у Жэневе, Дзюсельдорфе і Рыме. Дарэчы, у Дзюсельдорфе ён стажыраваўся ў знакамітага Андрэаса Ахенбаха, аднаго з заснавальнікаў сучаснага нямецкага жывапісу, якога разам з братам Освальдам называлі “Альфа і Амега дзюсельдорфскай школы жывапісу”. Яны цікавыя яшчэ і з той прычыны, што могуць з’яўляцца далёкімі сваякамі беларускага пісьменніка Францішка Багушэвіча, аб чым мы ўжо пісалі (гл. “К” № 28, 2019). 

Вярнуўшыся з замежных камандзіровак “па ўдасканаленні майстэрства”, Апалінарый Гараўскі атрымаў званне акадэміка жывапісу (1861). Такі вынік далі прадстаўленыя на Акадэмічнай выставе карціна “Старэнькая, якая моліцца” (1857), два пейзажы “Від паміж Генуяй і Ніцай”, “Від ракі Арвы ў наваколлях Шамуні”, 80 эцюдаў і 15 эскізаў, выкананых з натуры. 

Далей у жыцці Апалінарыя быў даволі працяглы перыяд настаўніцкай працы ў Пецярбургскай школе малявання пры Таварыстве заахвочвання мастацтвамі, і актыўнай мастацкай дзейнасці. Сябраваў Гараўскі і актыўна супрацоўнічаў з Паўлам Траццяковым, заснавальнікам Траццякоўскай галерэі, якому разам з братам дапамагаў фарміраваць калекцыю. Вандраваў па паўднёвай Расіі, бываў таксама і ў Сібіры (наведаў Іркуцк). І безумоўна, бываў і працаваў на Радзіме, у Беларусі, сярод іншага на Свіслаччыне, Бярэзіншчыне, Бабруйшчыне, Піншчыне. 

Памёр Апалінарый Гараўскі ў Пецярбургу 10 сакавіка 1900 года. Быў пахаваны на Выбарскіх рыма-каталіцкіх могілках, амаль цалкам знішчаных да 1950-га. Помнікі з могілак пайшлі на будаўніцтва дарог, а тэрыторыя была аддадзена пад розныя прамыслова-гаспадарчыя прадпрыемствы. Так беззваротна знікла месца апошняга спачыну выдатнага мастака, нашага земляка Апалінарыя Гараўскага. Тут на думку прыходзіць традыцыя ўшаноўваць памятнымі камянямі мясціны, звязаныя з нараджэннем або жыццём той ці іншай знакавай асобы. У выпадку з Апалінарыем Гараўскім імі маглі б стаць Наборкі (Клічаўскі раён), Уборкі і Брадзец (Бярэзінскі раён). 

Завяршаючы кароткую біяграфічную нататку, хочацца падвесці рысу: “Перыяд актыўнай творчасці Апалінарыя Гараўскага прыпаў на сярэдзіну і другую палову ХІХ стагоддзя — час кардынальных пераўтварэнняў у жывапісе, якія, аднак, зусім крыху закранулі стылістыку работы майстра. Старанна і добрасумленна зробленыя па ўсіх правілах акадэмічнай вывучкі краявіды, ілюзорнарэалістычныя партрэты ўпісваюць творчасць мастака ў рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны ХІХ стагоддзя”. 

А цяпер вернемся ў паўзмрок выставачнай залы. 

ТАЯМНІЦЫ ПАЧЫНАЮЦЦА 

Сустрэча з куратарам выставы Юліяй Лісай планавалася як невялічкая размова пра жыццё і творчасць Апалінарыя Гараўскага, але адразу пайшла не па плане і пераўтварылася ў паўнавартасную куратарскую экскурсію, якая ахапіла літаральна кожны твор. А тое, што на гукі голасу спадарыні Юліі з паўзмроку залі да нас выйшлі людзі, якія да таго часу паасобку або малымі групкамі разглядалі творы і ўчытваліся ў анатацыі, толькі надало расповеду драйву. 

"Канюшына цвіце", Апалінарый Гараўскі, 1895

"Канюшына цвіце", Апалінарый Гараўскі, 1895

І пачалася экскурсія з манітора, размешчанага пры ўваходзе ў залу, які раю не абмінаць увагай. Бо, няспынна змяняючыся, па коле ходзіць дваццаць адзін твор Апалінарыя Гараўскага (пейзажы, партрэты, накіды канца 1850-х — пачатку 1860-х). З іх толькі адзіны акварэльны партрэт Гектара Гараўскага (1862) быў вядомы шырокаму гледачу, ды і тое як партрэт Гілярыя Гараўскага (абодва браты Апалінарыя). Арыгіналы твораў захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, і толькі там з імі могуць працаваць даследчыкі, бо тыя работы нідзе і ніколі яшчэ не друкаваліся. У тым ліку і партрэт самога Апалінарыя Гараўскага, які быў выкананы ў 1898-м, за два гады да смерці мастака, Марыяй фон дэр Пален (1850—1940). Пасля завяршэння выставы, баюся, наступная магчымасць убачыць гэтыя творы, хай сабе і ў лічбавым фармаце, можа здарыцца вельмі і вельмі не хутка. 

Як паведаміла нам Юлія Лісай, выстава, запланаваная некалькі гадоў таму, мусіла быць сумеснай з Эстоніяй і Расіяй. Але ў выніку прыйшлося абмежавацца выключна беларускімі зборамі — Музейнымі фондамі і калекцыяй Белгазпрамбанка, які мае адну карціну Гараўскага. 

НАСТАЎНІКІ 

Асобную частку экспазіцыі займаюць працы тых, без уплываў каго немагчымы быў бы росквіт прыроднага таленту Апалінарыя Гараўскага. Гэта згаданыя вышэй настаўнікі і выдатныя творцы Максім Вараб’еў (“Восеньская ноч у Пецярбургу”, “Прыстань з егіпецкімі сфінксамі на Няве ноччу”, 1834—1835) і Фёдар Бруні (“Мужчынская фігура”, 1856). Прадстаўлена праца і Аляксандра Калама, у якога стажыраваўся Гараўскі ў Жэневе і манеру пісьма якога часткова наследаваў (“Горны пейзаж”). Побач з карцінай Калама ў экспазіцыі размешчаныя “Купальшчыцы” (1858) Гараўскага, створаныя пад уплывам каламаўскай манеры. 

ПСКОЎШЧЫНА 

Адной з сенсацый выставы стала “перафарматаванне” здаўна вядомага ўсім нам твора “Беларускі пейзаж”. Таго самага, дзе нібыта беларускі хлопчык сядзіць на возе ў глыбокім задуменні на тле велічнай панарамы — рака, лясы, пагоркі. Калі б не ковідныя абмежаванні, якія дазволілі даследчыкам у кабінетнай цішы спакойна заняцца штудзіраваннем тэкстаў мастацтвазнаўцаў далёкай мінуўшчыны, ліставаннем са знаўцамі пытання, то мо і далей мы шукалі б гэтую мясціну недзе на Ушаччыне ці Бабруйшчыне, але… Аказалася, што раней гэты твор некаторымі сваімі фрагментамі выклікаў захапленне знаўцаў і быў добра вядомы пад іншым назовам: “Від Ручэйскага возера каля горада Таропца Пскоўскай губерні” (1853). 

ЗАГАДКАВЫЯ МІНІЯЦЮРЫ 

Побач з гэтай карцінай размешчаны тры мініяцюрныя жаночыя партрэты, якія можна ўмоўна назваць партрэтамі трох сёстраў — за іх падабенства. Але кім яны былі і кім даводзіліся адна адной, сёння невядома. Раней лічылася, што гэта жывапісныя партрэты, і каб даследчыкі не звярнулі ўвагу на частковую страту фарбы на адным з іх ды не глянулі на партрэт пад мікраскопам, не адкрылася б забытая старонка ў творчасці Апалінарыя Гараўскага, якая называлася “Размалёўка фотаздымкаў”. Як распавяла нам Юлія Лісай, у тыя часы дагератып каштаваў прыблізна як месячны заробак сярэдняга пецярбургскага чыноўніка, і таму заможныя людзі замаўлялі мастакам расфарбоўку чорна-белых фотакартак алейнымі фарбамі. Што, пэўна, усё роўна было танней, чым жывапісны мініяцюрны партрэт. 

КАНЮШЫНА 

Колькі б я ні ўглядаўся ў слынны твор, на якім пасярод мора квітнеючай канюшыны блізу нейкага падворка пасвяцца кароўкі, мне ўвесь час бачылася родная Беларусь. Думаю, што не толькі мне. Хоць па¬ добны “пейзаж” я бачыў аднойчы, на Навагрудчыне, калі палявой дарогай вяртаўся з Вераскава ва Усялюб. Усё было тое самае, што і на карціне. Цяпер, дзякуючы дбанню даследчыкаў, мы ведаем, што Пскоўскі пейзаж мала чым адрозніваецца ад беларускага. Бо аказалася, што карціну Гараўскі намаляваў у Кірылавічах (у 1880-м Гараўскі набыў пад Псковам маёнтак, дзе бавіў час у летнія месяцы). 

СТАРЭНЬКАЯ 

Знакаміты твор, які прыпісваўся Апалінарыю Гараўскаму і які лічыўся яго візітоўкай, таксама змяніў атрыбуцыю. Сёння ён належыць пэндзлю “Невядомага мастака”. Увогуле ў выніку даследавання высветлілася, што сапраўды ў Гараўскага была падобная карціна, толькі старая на ёй малілася па-каталіцку, склаўшы рукі перад сабой. І мадэллю для яе паслужыла суседка Гараўскіх, з якой сябравалі бацькі мастака. На жаль, яе імя нідзе не зафіксавана. На прадстаўленым на выставе творы (дарэчы, не падпісаным, а Гараўскі заўсёды старанна падпісваў свае палотны), старая жанчына моліцца паправаслаўнаму. 

Многа цікавостак на выставе. Ёсць і партрэт маці мастака — Марыяны Аляксандраўны (а не Якаўлеўны) з роду Усціновічаў, які быў напісаны ў 1868 годзе. Атаксама знакамітая карціна Іпаліта Гараўскага “Ля крыжа. Смерць паўстанца” (1863). Але ўсяго не распавядзеш, ды і лепей пачуць пра ўсе адкрыцці ад выдатнай апавядальніцы — куратара выставы спадарыні Лісай. Не пашкадуеце. Дарэчы, ужо пасля завяршэння размовы ад разгарачанай публікі пасыпаліся дадатковыя пытанні — і экскурс перарос у дыскурс. 

КУРАТАРСКІЯ ЭКСКУРСІІ 

Як паведаміла нам Юлія Лісай, цягам працы выставы, якая завершыцца 28 студзеня, будуць ладзіцца куратарскія экскурсіі (на якія мы вельмі раім патрапіць!). А яшчэ запланавана некалькі тэматычных лекцый. Першая будзе прысвечана беларускаму пейзажу. Другая, сумесная з газетай “Культура”, распавядзе пра біяграфію і радавод Апалінарыя Гараўскага — сумесная, бо да ўдзелу запрошаны аўтар гэтых радкоў. Трэцяя, пра асобу Гараўскага ў кантэксце еўрапейскага пейзажа. Пэўна, у кожнай з іх знойдзецца месца сапраўдных адкрыццяў, звязаных з творчай спадчынай мастака. 

А пакуль горача раю наведаць выставу. І не забыцца пра манітор з невядомым нам раней партрэтам Апалінарыя Гараўскага.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара