Як адзначаюць зімовыя святы на Случчыне?

Апублiкавана: 07 студзеня 2024 Стужка Традыцыі Мiнская вобласць

Аўтар: РУДАК Антон

Каляды — самы час прыгадаць старажытныя традыцыі, звязаныя з Раством і Новым годам. На чарговым пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры было ўхвалена наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Калядная зорка Случчыны. Асаблівасці вырабу і выкарыстання”.

Прапанову падрыхтаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама і Слуцкі гарадскі цэнтр традыцыйнай культуры. Таксама дакумент утрымлівае экспертнае заключэнне загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяны Валодзінай. Пазнаёмімся бліжэй з прыгожым звычаем, які захаваўся ў аграгарадку Лучнікі і вёсках Бранавічы ды Варкавічы Слуцкага раёна. 

ШЧОДРЫ ВЕЧАР СКРОЗЬ СТАГОДДЗІ 

Калядная зорка згадваецца яшчэ ў мемуарах “Успаміны пра Слуцк” ураджэнца гэтага населенага пункта этнографа Карла Сталя, выдадзеных у 1905 годзе ў горадзе Гнезне. У творы напісана, што вечар напярэдадні Новага года называўся Шчодрым і што ў гэты час хлопцы хадзілі са “звяздой”, спявалі, завітвалі ў дамы, дзе гасцей добра прымалі, адорвалі, частавалі аладкамі і булкамі. Такую ж зорку памятаюць старажылы найбліжэйшых да Слуцка вёсак. Марыя Гур і Валянціна Козел з Кляпчанаў распавядаюць, што яна была вялікая, круглая, мела шмат праменьчыкаў, яе круцілі пад вокнамі, а пасярэдзіне размяшчаліся свечка і іконка. Алена Цішкевіч з вёскі Васілінкі сведчыць: “Звязду насілі, як сцямнее. Насілі дарослыя мужчыны. Свяціўся арэол, стаяла свечка і іконка. Было многа ражкоў, а на канцах — мяцёлачкі. Ражкі ўсе блішчэлі і свяціліся. Мужчыны спявалі песні, а калі заходзілі ў хату, то маліліся”. Дакладны час, калі людзі пачалі абыходзіць дамы з зоркай, носьбітам невядомы. Паўлу Шахновічу традыцыю вырабу святочнага артэфакта і выканання песень перадала маці Ефрасіння Іосіфаўна, якая сама была добрай спявачкай. Калі меркаваць па запісах Карла Сталя, у Шчодры вечар хлопцы насілі зорку, а таксама батлейку яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. 

У савецкі час такія звычаі забараняліся праз відавочны рэлігійна-хрысціянскі складнік. Адпаведна, іх ігнаравалі і збіральнікі. Ды і ў канцы ХІХ стагоддзя рамантычна настроеныя народазнаўцы былі больш схільныя вышукваць рэшткі “сівой даўніны”, чым фіксаваць яшчэ звыклыя для таго часу калядныя звычаі. Таму ў этнаграфічнай літаратуры захавалася няшмат апісанняў, тым больш разгорнутых, абраду з каляднай зоркай. Напрыклад, Еўдакім Раманаў у сваіх зборах пакінуў літаральна некалькі згадак: “Было прынята хадзіць з зоркай на працягу першых трох дзён ад Калядаў, хлопчыкі і падлеткі выконвалі пад вокнамі дамоў спачатку трапар, а затым добразычлівыя куплеты: «Просім цябе, цару, прымі ад нас хвалу, пашлі гады шчаслівыя гэтаму гаспадару!»” Але за апошнія тры дзесяцігоддзі назапашаны вялікі аб’ём звестак, які дазваляе сцвярджаць: на беларускіх землях традыцыя была распаўсюджаная. 

У КОЖНЫМ КРАІ — ПА-СВОЙМУ 

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь шырока прадстаўлены калядныя звычаі, звязаныя са Шчодрым вечарам: абрад “Цары” у Капыльскім раёне, “Шчадрэц” у Салігорскім, “Конікі” ў Столінскім, “Куры” ў Клічаўскім. Даследчыкі вылучаюць пэўныя асаблівасці канструкцыі каляднай зоркі ў розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі. 

Зорка, з якой хадзілі калядаваць на Брэсцкім Палессі, была рухомая, шматпрамянёвая, асветленая знутры. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх парамі так, што атрымліваліся промні (рогі зоркі). Канструкцыю абклейвалі паперай і аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, паскамі фігурна выразанай паперы або фольгі. Зорка мела 5, 8, 16 ці 18 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з рознакаляровай паперы. Цэнтральную асветленую нерухомую частку займаў малюнак на біблейскую тэму або абраз. 

На Гродзенскім Панямонні майстравалі чатырох-, пяці- або шасціражковую зорку. Яе абклейвалі рознакаляровай паперай, сярэдзіну рабілі з рэшата, устаўлялі свечкі, іконку Ісуса Хрыста і прымацоўвалі да ўпрыгожанага шаста. Хадзілі калядаваць адны мужчыны. 

Старажылы Віцебскага Падзвіння расказваюць, што ў іх зорку таксама майстравалі з рэшата. Да яго прыстаўлялі ражкі, якія затым абклейваліся, прычым усе яны былі рознага колеру. 

На Магілёўскім Падняпроўі абавязковы атрыбут калядоўшчыкаў, ці хрыстасловаў, як іх завуць у частцы раёнаў, — зорка са свечкамі ды іконай. У некаторых мясцінах удзельнікі абраду носяць “віфлеемскую зорку” з запаленай свечкай унутры, зробленую з рознакаляровай паперы. Да шаста, на якім трымаецца зорка, прымацоўваюць невялічкую ікону. 

На Міншчыне ў заходніх раёнах шырока бытавалі абыходы з зоркай, якія называліся “са звяздой хадзіць”. У Маладзечанскім краі падчас абраду насілі батлейку, у Клецкім зорку выкарыстоўвалі ў першы дзень Калядаў, прычым мужчыны апраналіся ў трох каралёў. На Гомельскім Палессі і Падняпроўі таксама ладзілі абыходы з васьміражковай зоркай, якую аздаблялі рознакаляровай паперай. 

ЗАБАВЫ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ 

Падрыхтоўка да свята ў Лучніках і ваколіцах стварала ўзнёслы настрой у дзяцей і маладых людзей. Яны загадзя вучылі песні, рыхтавалі касцюмы, а таксама торбачкі для прысмакаў. Пад вечар на вуліцы з’яўляліся шчодрыкі — дзяўчаткі з завязанымі на вопратцы крыж-накрыж вялікімі хусткамі і хлопчыкі, у руках аднаго ці двух з іх — “казельчыкі”, у некалькіх дзетак праз плячо торбачкі, каб рукі былі свабоднымі. “Казельчык” уяўляў сабой драўляны, з метр даўжынёй, шост, на якім зверху быў замацаваны з тонкай дошчачкі крыху прадаўгаваты прамавугольнічак, а знізу да яго — перпендыкулярна дзве вузкія дошчачкі. Да ніжняй прыбіты кавалачак аўчыны — імітацыя барады — і прывязана вяровачка. Калі вяровачку пацягнуць і адпусціць, яна ўдаралася аб верхнюю дошчачку. Усё гэта нагадвала пыску козліка. У хатах гаварылі: “О, пайшлі казельчыкі — свята пачынаецца”. Дзеткі забягалі ў двор, выстройваліся пад акном, “ляпалі” казельчыкамі і спявалі. З’яўляліся гаспадары — і ў гэты момант ліліся віншаванні з Новым годам, Калядамі, пажаданні здароўя, дабрабыту, шчасця і радасці. У агульныя торбачкі клалі цукеркі, абаранкі, пернікі, гарбузікі, арэхі, яблыкі. Бывала, давалі і грошы. 

У “каня” хадзіла моладзь. Яго фігуру майстравалі з моцнага драцянога каркаса і абцягвалі шчыльнай белай тканінай. Рабілі пысу амаль у натуральную велічыню, пышную грыву і хвост, нават збрую і гуньку — усё як мае быць. Пасярэдзіне спіны пакідалі дзірку. Да касцюма яшчэ мацаваліся лямкі, якія надзяваў той, хто залазіў у “каня”. Гэты чалавек мог вырабляць розныя выкрутасы — падбрыкваць, танцаваць, граць на гармоніку, падскокваць. Астатнія апраналі вывернутыя кажушкі, дзяўчаты былі ў прыгожых хустках-тараноўках, андараках, некаторыя адзяваліся пад цыганак — размалёўваліся, бралі доўгія спадніцы, павязвалі некалькі хустак на галаву, плечы. Пад вокнамі выконвалі гаспадару, гаспадыні і ўсім дарослым членам сям’і віншавальныя песні, у якіх зычылі прыплоду жывёле, здароўя, ураджаю, маладым — выйсці замуж ці жаніцца. Гаспадары адорвалі калядоўшчыкаў каўбасамі, салам, пірагамі, яблыкамі, цукеркамі, грашыма, вішнёўкай і гарэлкай. Калі шчадравалі асобнымі гуртамі дарослыя, маладыя жанчыны, якія добра спявалі, іх часта запрашалі ў хату, дзе ўжо быў падрыхтаваны святочны стол. 

УСПАМІН З ДЗЯЦІНСТВА 

Мясцовы краязнавец Валянціна Відлога, аўтар кнігі “Зямля бацькоў— зямля святая. Лучнікі: гісторыя, людзі, падзеі, факты”, згадвае: “Не ў кожнай вёсцы была звязда. А вось у Лучніках яна была. І звездары мусілі абысці ўсе двары, пачынаючы са Старых Лучнікоў. Уяўляеце, у колькі гадзін яна была ў пачатку Бранавічаў — у пасёлку Выбранецкім, дзе мы жылі. Амаль пад раніцу будзіла маці, каб мы ўбачылі звязду. У хаце гасілі святло, і мы праз вокны назіралі, як яна круцілася, зіхацела. А як прыгожа мужчынскія галасы выводзілі песню аб нараджэнні Хрыста! Усё гэта зачароўвала. У хаце стаяла такая цішыня, што здавалася — усе пераставалі дыхаць. І толькі пасля сканчэння спеваў і пажаданняў, калі дарослыя ішлі адорваць звездароў, запальвалі святло… 

Звездары завяршалі калядную ноч. А назаўтра вясковыя вуліцы зноў ажывалі. Іх напаўнялі смех, жарты, песні. На бялюткім снезе — дарожкі з попелу ці вылітыя чарнілам. Цікаўныя глядзелі, ад каго і куды тыя сляды вядуць. Гэта азначала, які хлопец да якой дзяўчыны ходзіць. Дзяўчына, у якой былі выкрадзены падушкі ў час калядавання, з сяброўкамі адпраўлялася іх выкупляць у сям’ю хлопца. Іншыя вяскоўцы шукалі свае знятыя брамкі. Іх гарэзы зацягвалі ў чужыя двары і на загарадзі. А ў каго былі нізкія хаты, тым закрывалі коміны шклом: пачынала гаспадыня паліць у печы, а дым на ўсю хату… Такія жарты. З цягам часу свята стала забавай. На жаль, яно паціху адыходзіць у нябыт. Важна зберагаць Каляды, бо ў іх — шматвяковая памяць далёкіх продкаў, магчымасць пачуць іх праз завесу часу”. 

З МІНУЛАГА Ў СУЧАСНАСЦЬ 

Здаўна ў Лучніках да Калядаў рыхтуюць вялікую, да паўтара метра ў дыяметры, 16-ражковую зорку на доўгім дрэўку. Канструкцыя мае адмысловую злучальную частку, дзякуючы якой зорка пакручваецца ў час выканання песень, і цэнтральную ў выглядзе вобада, закрытага з боку публікі празрыстым матэрыялам. За ім— статычная запаленая свечка, якая асвятляе малюнак на тыльнай сценцы— біблейскі сюжэт нараджэння Хрыста. Асаблівасць рухомай часткі — яркія, аб’ёмныя, прыгожыя ражкі, што прымацоўваюцца да вобада пад вуглом 45 градусаў і ўтвараюць своеасаблівы купал. 

Штогод напярэдадні 13 студзеня звездары збіраюцца, каб абнавіць ці палепшыць від зоркі. Падчас падрыхтоўкі ўспамінаюць і рэпеціруюць спевы. Самай папулярнай песняй у Лучніках, да якой абавязкова звяртаюцца, лічыцца “От востока”, таксама выконваюць “Рождественскую” і “Предвечный родился”. У вёсцы абыходзяць двары “са звяздой”— так называюць зорку мясцовыя жыхары— увечары 13 студзеня і суправаджаюць рух духоўнымі спевамі. Яны спалучаюць царкоўныя песнапенні і фальклор. Зорку заўсёды носяць мужчыны, а жанчыны разам з імі спяваюць. Працэсія завітвае ў кожны двор, у якім у вокнах гарыць святло, — абмінаюць толькі тыя, дзе цягам года хтосьці памёр. Прыняць “звязду” лічыцца гонарам, яна дорыць упэўненасць, што наступныя 12 месяцаў будуць для гаспадароў спрыяльнымі. Сёння маладыя сем’і сустракаюць зорку на парозе, больш сталыя запрашаюць у дом і нярэдка— да святочнага стала. 

Калядныя спевы і канструктыўныя асаблівасці зоркі доўгі час перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў сям’і Паўла Шахновіча, чые нашчадкі і сваякі працягваюць адметную мясцовую традыцыю святочных абыходаў. Вяскоўцы штогод чакаюць калядоўшчыкаў, з радасцю прымаюць, частуюць і адорваюць іх. 

БУДУЧЫНЯ ТРАДЫЦЫІ 

Сучаснае жыццё накладвае пэўны адбітак на выгляд каляднай зоркі. Зробленая з дрэва, яна можа важыць да 10 кілаграмаў. Каб аблегчыць рух, людзі сталага ўзросту майструюць яе промні з пластыку. Старадаўняя зорка, з якой абыходзілі Лучнікі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, знаходзіцца ў музеі аграфірмы “Лучнікі” і служыць для наступных пакаленняў вёскі ўзорам галоўнага атрыбута Шчодрага вечара. Каб зберагчы захаваць аблічча каляднай зоркі, супрацоўнікі Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры прапанавалі Паўлу Шахновічу перадаць тэхналогію вырабу артэфакта, і Павел Пятровіч з задавальненнем згадзіўся. Майстар Алег Шапель аднавіў “звязду”, улічыўшы ўсе яе канструкцыйныя асаблівасці. 

Слуцкі раённы выканаўчы камітэт бярэ абавязак спрыяць зберажэнню, развіццю і папулярызацыі звычаю. Наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пасадзейнічае таму, каб зацікаўленыя арганізацыі, установы культуры і адукацыі стварылі ўмовы для даследавання, аховы адметнай традыцыі, перадачы ведаў і навыкаў наступнаму пакаленню. Для забеспячэння пераемнасці будуць праводзіцца майстар-класы па вырабе зоркі і выкананні калядных песень. Пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўстановы культуры раёна стануць аднаўляць традыцыю калядных абыходаў у іншых населеных пунктах краю. Жыхары аграгарадка Лучнікі спадзяюцца, што ім удасца зберагчы адметную святочную падзею, неад’емны атрыбут якой — прыгожая 16-канцовая зорка, і перадаць традыцыю маладым. 

Антон РУДАК 

Паводле матэрыялаў прапановы