Госці з Калугі

Апублiкавана: 05 кастрычнiка 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

15-ы раз гастраляваў у Беларусі Калужскі ТЮГ. Прычым гэта былі абменныя гастролі: тымі ж вераснёўскімі днямі артысты нашага ТЮГа выходзілі на калужскую сцэну.

— Мы ганарымся тым, што ў нас так добра наладжаны кантакты з Беларуссю, — пракаментавала гастрольны тур дырэктар Калужскага ТЮГа Валерыя Візгава. — Выступаць тут — вялікі гонар для нас, мы заўжды хвалюемся, бо прадстаўляем сваю краіну ў замежжы. Дарэчы, на восень запланаваны таксама паказ нашых спектакляў на яшчэ дзвюх беларускіх сцэнах. У прыватнасці, у Магілёўскім абласным тэатры лялек пройдзе казка “Іван Царэвіч і Шэры Воўк”, а ў Бабруйску мы пакажам “Пікавую даму”. Для цяперашніх жа сталічных гастроляў, акрамя “…Шэрага Ваўка”, быў абраны “Вясновы дзень 30 красавіка” — спектакль пра апошнія дні Вялікай Айчыннай.

Дададзім, што гэта не адзіная пастаноўка калектыву на героіка-патрыятычную тэму. Тры гады таму калужане прывозілі ў той жа Бабруйск, на Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, сваю сцэнічную версію вядомай п’есы Аляксея Дударава “Не пакідай мяне…”. Тэатр свядома працуе выключна ў рэалістычнай манеры, што пацвердзілі і цяперашнія гастролі.

Асаблівасцю “Вясновага дня…” стала рознабаковае ўвасабленне немцаў. Сярод якіх вылучаліся і фанатычна адданыя фюрару фашысты, і прызваныя абараняць Берлін учарашнія школьнікі-падлеткі, што сталі ахвярай гітлераўскай прапаганды, і мірнае насельніцтва Германіі, якое таксама пакутуе ад ваенных дзеянняў. У цэнтры аповеду аказаліся не толькі гераічныя ўчынкі савецкіх людзей, але і тэма няпростага выбару, што стаяў перад немцамі, асэнсаванне імі наступстваў развязанай вайны.

Абодва гастрольныя спектаклі ставіў галоўны рэжысёр Калужскага ТЮГа Міхал Візгаў, які больш за трыццацігоддзе ўзначальвае калектыў. Спектакль “Іван Царэвіч і Шэры Воўк” па п’есе Ф.Ражкова, напісанай паводле рускай народнай казкі, вабіў цікавымі сцэнічнымі строямі, асабліва Жар-птушкі, спалучэннем танцавальнага фальклору з сучаснай пластыкай. Смех у зале выклікалі спробы ўсталявання сігналізацыі для аховы залатой яблынькі. А вось некаторыя сюжэтныя павароты вымушалі згадаць дзядулю Фрэйда і найноўшыя псіхалагічныя распрацоўкі падсвядомага фарміравання сцэнарыяў чалавечага жыцця пад уздзеяннем любімых у дзяцінстве казак. Да прыкладу, бацька, што дасылае сыноў на магчымую смерць дзеля ўласнай прыхамаці — жадання мець Жар-птушку. Ці бацькоўскія маніпуляцыі ў адносінах да малодшага сына, якога ён бачыць “вечным дзіцяткам”. Тэма ахвярнасці, калі праблемы галоўнага героя, што ўзнікаюць часцяком па яго ўласнай віне, павінны вырашаць усе навакольныя.

Кожны гастрольны спектакль папярэджваўся эмацыянальным уступным словам дырэктара В.Візгавай, суправаджаўся каляровымі флаерамі (у тым ліку са згадкамі анлайнпаказаў калужскага тэатра), а завяршаўся фотасесіяй юных гледачоў з улюбёнымі героямі.

Надзея БУНЦЭВІЧ