У другі раз у Навагрудку прайшлі гарадскія вулічныя фестывалі “Калядныя цуды”. Урачыстае адкрыццё фестываляў адбылося 23 снежня напярэдадні каталіцкага Раства. Кожны дзень на працягу трох тыдняў гарадская плошча ператваралася ў суцэльную тэатралізаваную сцэну.
Навагрудчан і гасцей горада радавалі тэатралізаваныя забаўляльныя праграмы ад устаноў культуры г. Навагрудка, зімовыя атракцыёны і вясёлыя фотазоны, фуд-кірмаш, святочны гандаль, і, вядома ж, галоўны атрыбут вулічных фестываляў – батлейка з жывымі жывёламі. У батлейцы пасяліліся авечкі і ослікі.
У рамках гарадскіх вулічных фестываляў да праваслаўнага Раства сумесна з Навагрудскім благачыннем адбылася тэатралізаваная праграма “Святы вечар добрым людзям”.
"Калядныя цуды" скончыліся, пакінуўшы пасля сябе прыемныя ўспаміны і жаданне зноў пагрузіцца ў атмасферу свята, прагуляцца па гарадской плошчы, загадаць запаветнае жаданне і падарыць іншым веру ў цуды.
Наталля ПЯРКО,
метадыст па інфармацыйна-аналітычнай рабоце ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”